Top.Mail.Ru

Вера мая абярэгам...

30.05.2025 | 07:00

У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы адбылася прэм’ера спектакля-рэквіема «Вера» па п’есе пісьменніцы і драматурга Зінаіды Дудзюк. Пастаноўка прымеркавана да 80-годдзя Вялікай Перамогі.


На будынку былой СШ № 15, а цяпер — новым корпусе медцэнтра ў Брэсце размешчана памятная дошка, якая сведчыць аб тым, што тут да вайны вучылася юная патрыётка Вера Краўцова. Сямнаццацігадовая дзяўчынка са светлым позіркам і тоўстымі косамі, была расстраляная 23 чэрвеня 1943 года ў двары брэсцкай турмы.

З цягам часу гэты факт звычайнаму мінаку можа падацца сухім і далёкім, але аўтар п’есы «Вера», пастаноўшчыкі, акцёры здолелі адкрыць шлях у мінулае, дзе мужнасць і адданасць вышэй жыццёвых абставін.

Падзеі адбываюцца ў гады акупацыі ў Брэсце, калі мясцовыя жыхары, у тым ліку дзеці і падлеткі, сутыкнуліся з жорсткімі выпрабаваннямі. Згодна з задумай пастаноўшчыкаў (пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Козака, мастак-пастаноўшчык — Мікалай Палтарака, мастак па касцюмах — Алена Макарава, пластыка — Дзіяна Юрчанка), дзеі раздзяляюцца перасоўнымі дэкарацыямі — драўлянымі «шчарбатымі» плытамі, своеасаблівымі межамі паміж мімалётнымі радасцямі, за якія трэба плаціць высокую цану, і невыносным болем і адчаем; межамі паміж жыццём і смерцю, надзеяй і гневам.

Спачатку з’яўляюцца на сцэне юнакі Юрка (Іван Гізмант), Жэнька (Дзмітрый Бацюк), Косця (Аляксей Ляховіч), ганяюць мяч, гавораць аб усім і ні аб чым, так бывае ў падлеткаў незалежна ад часу, які праходзіць. Але ў размове падлеткаў шмат адзнак трагічнай пары, і глядач яшчэ спадзяецца, што беды пройдуць міма, бо, здаецца, гэта там, на фронце, — пекла, завеса чорнага дыму, бесперапынны бой, а тут можна перажыць, ціхенька адсядзецца.

Да хлопцаў выходзіць іх аднакласніца Вера (Наталія Сандыркава), і яе баявы запал ужо выклікае трывогу. Занадта рашучая, узнёслая, ідэйная. Дзяўчынка дапамагае палонным, раздае адрасы сем’яў, якія ледзь выжываюць у цяжкіх абставінах. І столькі чысціні ў яе думках, патаемнага, але ўжо дарослага дзявочага абаяння, якое аднакласнікі не могуць разгадаць, але падпарадкоўваюцца яе энтузіязму.

Так, Юрка пачаў дапамагаць маладой жанчыне з немаўляткам, у якой загінуў муж на фронце. Тонкая да празрыстасці Дзіна (Кацярына Сіротка) баіцца шорахаў, бо чуе ва ўсім набліжэнне смерці. Прымаючы ад Юркі лустачку хлеба, Дзіна давярае яму і свой лёс. Хутка між маладымі людзьмі ўспыхвае каханне. На працу ў пякарню Юрку ўладкаваў бацька. Родныя (бацька Юркі — заслужаны артыст РБ Сяргей Пяткевіч, мама Юркі — Наталля Лабко) заўважаюць, што сын стаў прыносіць менш хлеба, ды і карткі аднойчы згубіў, і здагадваюцца... Але...

Гледачу, які знаходзіцца ў безупынным напружанні, перадаецца бацькоўская трывога за раптам пасталелых дзяцей з іх адчайнымі ўчынкамі, наравістымі характарамі, жаданнем помсціць ворагам, ратаваць родных, блізкіх, чужых. Вера падлеткаў у жыццё, справядлівасць, каханне там, дзе ўсё здаецца мёртвым, непапраўным, небяспечным, паказвае непахіснасць іх духу.

Помсцячы захопнікам, загінуў Жэнька разам з маці, немцы расстралялі Дзіну з дзіцем, а Вера Краўцова гіне па віне ваеннапалонных, якім яна так безаглядна дапамагала. Уцёкі мужчын былі няўдалымі, бо, вырваўшыся на волю, яны ашалелі ад свабоды і бяздзейна бавілі час, замест таго каб прытрымлівацца Верынага плана.

Неверагодны боль Верынай маці (Ірына Давыдзенка), якая голымі рукамі штодня раскопвала свежыя траншэі з расстралянымі ў ваколіцах Брэста, каб знайсці сваю дачушку, адчувальны ў зале, б’е моцным плачам праз гады, пячэ ў кожным сэрцы.

Збіты, знясілены ў турме Юрка разам з сябрам Косцем нейкім цудам выходзіць з акупаванага горада, льецца музыка з-пад смычка яго любімай скрыпачкі.

Фашысты на пункце пропуску здзекваюцца з хлопцаў і просяць Юрку іграць. 

І ён іграе... У памяць аб сябрах, каханай, з удзячнасцю да бацькоў, да ўсіх тых, хто быў побач і далёка, але набліжаў Вялікую Перамогу. І гэтыя гукі ляцяць у Вечнасць, у нашай калектыўнай памяці зліваюцца з гукамі хатынскіх званоў.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

Фота з сайта bresttheatre.info

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю