Top.Mail.Ru

Віктар Казько — адзін з найбольш выдатных сучасных беларускіх пісьменнікаў

Аўтар: Алесь Марціновіч
22.05.2025 | 07:00

Вайна не проста адгукнулася ў лёсе Віктара Казько. Яна стала тым, што трапляе пад вызначэнне: не было б шчасця, ды шмат у чым няшчасце дапамагло. Нагадала, якое ў жыцці ўсё пераменлівае, і часам кепскія і непрыемныя сітуацыі прыводзяць да дабра. Хоць, вядома, куды лепей, каб такіх выпрабаванняў не было. Ды не ад яго гэта залежала. Молах вайны крануўся дзіцячага цельца, калі яму было тры гады. Ад выбуху фашысцкай бомбы загінула маці, сястрычка замерзла. З гэтага моманту і пачаліся для Віктара Казько самыя што ні на ёсць блуканні па пакутах. 


Пасля вайны ў новай сям’і бацькі не прыжыўся, сышоў з дому. Прытулкам сталі Вільчанскі і Хойніцкі дзіцячыя дамы. У 1956 годзе, калі споўнілася 16 гадоў, падаўся ў Сібір. Скончыў Кемераўскі горна-індустрыяльны тэхнікум. Працаваў у шахце, быў геолагам... А памяць... Збалелае клікала да сябе: «У Сібіры, у далечыні ад роднага дому, каваўся ланцужок памяці, які звязваў мяне з маім домам, звяно за звяном паўставала мінулае. Мінулае гэтае клікала ў дарогу да самога сябе. 

А можа быць, — хто ведае — каб вярнуцца, трэба спачатку ўцячы; каб набыць што-небудзь, трэба нешта згубіць, каб навучыцца цаніць, што меў». 

Такое жаданне ўзнікае ў многіх, калі шмат перажыта ўжо ў раннім узросце. Ды яшчэ аказваешся далёка ад родных мясцін. Але Віктар Казько ад іншых адрозніваўся тым, што Усявышні даў яму і талент. Гэта ў пэўнай ступені стала кампенсацыяй страшна перажытага ў маленстве. Калі ж выжыў, не меў права маўчаць. Мусіў пра ўсё гэта расказаць, а ўжо потым, набыўшы творчы вопыт, вярнуцца да іншых тэм. Што і зрабіў. Праўда, спачатку да перажытага ў час вайны не вяртаўся. Асэнсаваў тое, што было больш блізкае. Так з’явіліся рускамоўныя аповесці «Цёмны лес — тайга густая» і «Дзень добры і бывай!» Толькі пасля гэтага заявіла аб сабе іншая яго памяць — пакутлівая, боль ад якой з гадамі не слабеў, а станавіўся яшчэ больш балючым, — дзіцячая. Гэта памяць нагадала, што ні ў якім разе нельга ёй казаць: «Бывай!». 

Так напісалася аповесць «Высакосны год», галоўны герой якой Дзіма Прыгода — канешне, ён сам, які праходзіць праз трагізм таго, што перажыў. Эпізоды, звязаныя з ваенным маленствам, падаюцца праз рэтраспекцыю, што набывае больш важнае значэнне. Дзіма Прыгода не толькі не хавае болю ад перажытага, а ў пэўнай ступені паўстае як быццам двайніком апавядальніка, які да ўсяго ставіцца як шмат у чым ужо сталы чалавек. Гэты двайнік — не той малалетка: «Мне самому тады было ўсяго тры гады. Спалохаўся, падобна, уцёк. 

А сястра замерзла ў разбуранай хаце. І цяпер часта думаю, што неяк мог бы яе выратаваць, калі б таксама застаўся там». 

Тым самым узнікае пачуццё пэўнай асабістай віны. Той віны, якой тады не магло быць. Яна ў творах Віктара Казько з’явіцца пазней. У тых, у якіх ён звернецца да праблем сучаснасці. І сам, і персанажы будуць задумвацца над надзённымі праблемамі жыцця. У першую чаргу над экалагічнымі. Асабліва ў рамане «Неруш». Пад гэтым словам разумеў два: не — руш. Захавай прыроду, каб яна радавала не толькі цябе, але і засталася тваім нашчадкам.

Знаёмства з «Высакосным годам» заканчвалася такімі словамі: «Я пакідаю могілкі і ніяк не магу зразумець, што са мною. То мне здаецца, што пад маімі нагамі правальваецца зямля, то я нібыта бязважкі, я іду, крочу па сонечным промні, і ён нават не прагінаецца пада мною». Каб «зразумець, што са мною», бадай, трэба было не спыніцца ў сваім падарожжы ў сваё блізкае, хоць на той час і мінулае, — дзяцінства, юнацтва. Для таго каб знайсці хоць якое душэўнае пастаянства. Яно ж, карыстаючыся параўнаннямі самога Віктара Казько, не толькі ў тым, чаго ўжо не вернеш, а і ў тым, што працягваецца ў тваіх памкненнях на новым сузіранні жыцця. У выніку з’явілася «Аповесць пра беспрытульнае каханне». Зноў тое самае: «Трэба нешта згубіць, каб навучыцца цаніць тое, што меў». Галоўны персанаж Андрэй Разорка — сам аўтар, але не ў меншай ступені і Дзіма Прыгода. Жаданні іх супадаюць: яны хочуць адшукаць свет, «які не ведае вайны».

10_18 b.jpg

З’явілася першая аповесць Віктара Казько па-беларуску «Суд у Слабадзе». Адрозненне яе ад іншых і ў тым, што цэнтральны персанаж Колька Лецечка — менш аўтабіяграфічны. У яго жыццяпісе знайшлі спалучэнне рысы некаторых сяброў пісьменніка, былых дзетдомаўцаў з мястэчка Слабада, якое нагадвае родныя яму Калінкавічы. На тое, што вобраз Лецечкі — збіральны, указвае факт, што персанажы гэтага твора заходзіліся ў «кіндэрхайме» — дзіцячым доме, у якім гітлераўцы забіралі кроў для сваіх вайскоўцаў. Актуальнасць гэтага твора тым больш відавочна сёння, калі адкрываюцца ўсё новыя факты нямецкіх злачынцтваў. Тое, над чым разважае Колька Лецечка, па-ранейшаму хвалюе тых, каму пашчасціла выжыць. Тым больш хвалявала іх у час бязрадаснага дзяцінства: «Адкуль ён такі як ёсць, і яшчэ — навошта, дзеля чаго? Парадзіла яго на свет маці. А што гэта такое — маці? Цішыня, пустэча была яму за гэтым словам, якісьці туман: бацька, матка... З чаго гэта толькі ён сам?»

У цэнтры аповесці — працэс над нацысцкімі злачынцамі і іх прыслужнікамі. На суд Лецечка прыходзіць з вартаўніком Захарыем, у якога свая трагедыя: фашысты знішчылі ўсю яго сям’ю. Злачынцы выкручваюцца, як толькі могуць. Калі хтосьці з іх у страху перад немінучасцю пярэчыць «не было», Колька не стрымліваецца. Імгненна ў думках пераносіцца ў тыя страшныя дні: «— Мама, ратуй мяне... Ратуй мяне, мама, — крычаў ён на ўсю залу, як крычаў на ўсю зямлю ў тым далёкім сорак трэцім, як крычалі тысячы і тысячы яго равеснікаў». 

Крык Лецечкі — гэта і прысуд тым, хто і сёння ахвотны абяліць фашыстаў. Колька не забываў, як ішоў шляхам, усланым чалавечымі целамі. Быццам наяве бачыць, як доктар-нелюдзь па кроплях забірае кроў дзіцяці.

1978 год — год апісання «Суда ў Слабадзе» — стаў годам з’яўлення аповесці «Цвіце на Палессі груша», са старонак якой ажываюць цудоўныя малюнкі блізкай пісьменніку палескай прыроды. Яе ўспрымае праз унутраныя маналогі нямка Яўмена Ярыгі. У аповедзе аўтара яно набыло своеасаблівую афарбоўку. Але куды выразней гэта прасочваецца ў рамане «Неруш», у якім Віктар Казько падае Палессе зямным Эдэмам. 

Канешне, можна запярэчыць: дзе нарадзіўся, тыя мясціны найбольш любыя табе. Але лірычныя адступленні ў творы пераконваюць, наколькі шчыра ўсё гэта сказана, нібыта лірычнай прозай: «Калі ёсць на зямлі рай, няма яму лепшага месца, чым вось гэтае, дзе стаіць на беразе рачулкі яго вёска Князбор, дзе побач лес і вада, дзе недалёка возера Княжае — Князь-возера, вялікае, сівае ад чароту і гадоў сваіх. Ляднік, гавораць, як плугам, праараў яму ложа, яно і легла ў гэтае ложа і не хоча іншага. Рака тая яшчэ кідалася, злавалася на свае берагі, вада яе не хацела прызнаваць берагоў, дзёрзка драпежыла іх, васямнаццаць раз здраджвала толькі тут, пад Княжборам, свайму рэчышчу. І цяпер васямнаццаць старыц апавядаюць небу пра гэтыя здрады, спакойным поўднем перагаворваюцца пра неба брат з братам, сястра з сястрой. І толькі неба і сонца дасягаюць іх дна, ведаюць усе віры і ямы, дзе атабарыліся і раскашуюць вусатыя самы, дзе чакаюць свайго часу занесеныя пяском стагоддзяў мораныя дубы, дзе і сёння мо жыве Балотны Бык». 

Балотны бык — не адна міфічная істота, якая разам з палешукамі адчувае сябе годна ў гэтым цудоўным краі. Прысутнічаюць і Жалезны Чалавек, і Галоска-галасніца. Ды і асобныя персанажы, дзякуючы багатай фантазіі пісьменніка, уяўляюць сябе часцінкай гэтага «раю» ў спалучэнні з багнай, лесам, раслінамі. Хоць у дадзеным выпадку гэтае слова невыпадкова пададзена ў двукоссі. Гаворка ідзе пра рай, але ён не заўсёды адпавядае таму раю, які кожнаму хочацца зведаць у іншым жыцці. Віктар Казько праўдзіва паказвае, што «прыродзе, акрамя чалавека, ніхто і нішто не супярэчыць». Гэта найперш відаць на прыкладзе двух галоўных герояў твора — старшыні мясцовага калгаса Мацвея Роўды і Шахрая, які адказвае за асушэнне палескага балота. Усё яны робяць з найлепшымі намерамі, дзеля людзей. Аднак ні першы, ні другі не задумваецца, што меліярацыя мае і зваротны бок. Даброты, атрыманыя сёння, у будучым могуць адгукнуцца бядой. Прырода не трывае здзеку над сабой, а гэтыя персанажы ў сілу розных абставін не задумваюцца над гэтым.

Хоць у «Нерушы» можна заўважыць і празмернае засяроджванне на тым, наколькі небяспечнае непрадуманае ўмяшанне ў жыццё прыроды. Але ў цэлым аўтарская пазіцыя заслугоўвае ўвагі. Гэтыя матывы гучаць і ў рамане «Хроніка дзетдомаўскага сада». З часопіснага варыянта пад назвай «Сад, або Заблытаны след рамана» відаць, што, працуючы над ім, Віктар Казько назбіраў найбольшы прымальны варыянт пошуку адлюстравання тэмы, распрацоўкі пастаўленай перад сабой задачы. Так прапускаў усё праз сябе, што сказанае пра аднаго са сваіх персанажаў — Уладзіка з паэтычнай, уразлівай душой — у нечым адпавядае і яму самому. Гэтаму літаратурнаму герою неяк «здалося, што ён увабраў у сябе ўсё: ваду, дрэвы, сонца. Сусвет размясціўся ў ім, здратаваны бурамі, землетрасеннямі, выбухамі атамных бомб, нёсся ў невядомае і вось-вось павінен быў даканаць яго, раздзерці, разбіць на планеты і зоры».

Удалы прыём — з’яўленне ў рамане арыгінальнага зубра Сноўдала. Ён па сваім мысленні філосаф і, што таксама немалаважна, здольны вандраваць у часе. Гэтыя вандроўкі прыводзяць да з’яўлення паляўнічага Барталамеуса Шпаковіча, таго самага, у якога свая «слава». Гэта ён некалі забіў апошняга зубра ў Белавежскай пушчы. Зубры, як вядома, у гэтым запаведніку адрадзіліся, але не перавяліся на зямлі і «шпаковічы», якія па-ранейшаму наносяць урон прыродзе. Паводле сюжэта, ажывае і ён сам. Яго стрэл гучыць у канцы рамана. Раздаецца, як перасцярога аб тым, што не толькі над існаваннем рэдкіх відаў жывёл навісае небяспека. Яна вітае над усім жывым на Зямлі. 

Гэта праблема ў цэнтры ўвагі і ў аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел». Калі можна сказаць — пасля- чарнобыльскай. Толькі яна не пра саму трагедыю сусветнага маштабу, але, тым не менш, не меней значную. Пісьменнік прыглядаецца да тых людзей, якія ў новых умовах не знайшлі сябе, бо адарваліся ад зямлі. Яны нечым нагадваюць бусла, які рана навучыўся лятаць, але так і не здолеў узняцца да нябёсаў. Свайго роду прытча зноў дапамагла Віктару Казько лепей прыгледзецца да некаторых негатыўных бакоў рэчаіснасці. Гэты заклапочаны позірк мастака слова скіраваны ў тое, каб чалавек у розных абставінах заставаўся чалавекам. Прасцей кажучы, быў тым, кім яму трэба быць.

Падобнае магчыма толькі не схіляючы галаву нібыта перад суцэльнымі заходнімі дабротамі, а заўсёды памятаючы сваю Радзіму і жывучы ёй і яе інтарэсамі. Гэтага пазбаўлены галоўны персанаж аповесці «Но Пасаран». І іншыя творы Віктара Казько — аповесці «Прахожы», «Да сустрэчы...», раман «Бунт незапатрабаванага праху» — шматпланавыя па сваім сюжэтным напаўненні, у якім уз’яднана рэальнае і фантастычнае, асобныя героі здатныя падарожнічаць у часе і нават станавіцца часткай Сусвету. Гэта таксама адметнасць яго творчасці. 

Безумоўна, да напісанага ім можна ставіцца па-рознаму. Як і да асобных публіцыстычных акцэнтаў у творчасці. Але відавочна тое, што ён — адзін з найбольш выдатных сучасных беларускіх пісьменнікаў. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, па яго творах зняты фільмы «Паводка», «Сад», «Судны дзень». 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю