Top.Mail.Ru

Вольга Пашкевіч: «Вялікае значэнне для знаёмства з нацыянальнымі літаратурамі мае пераклад»

29.06.2026 | 19:25

Вольга Пашкевіч — вядомы ў Якуціі літаратар. Нарадзілася ў Якуцку ў 1960 годзе. Член Саюза пісьменнікаў Расіі. Бацька — Восіп Антонавіч —родам з Ашмяншчыны. З хутара Хадаркі. Нарадзіўся ў 1932 годзе. Вольга Пашкевіч — аўтар многіх кніг паэзіі і прозы, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук. Прапаноўваем пазнаёміцца бліжэй з Вольгай Восіпаўнай і даведацца больш пра беларуска-якуцкія стасункі і якуцкую літаратуру.

— Як ваша сям’я патрапіла ў Сібір? Дзе карані вашага беларускага прозвішча?

— Мае продкі па лініі маці прыехалі ў Іркуцкую вобласць у час Сталыпінскай рэформы, але дакладна высветліць, з якіх менавіта мясцін прыбыў дзед Цімафей Нічыпаравіч Галай, не ўдалося. 

— Мне давялося сустракаць такое прозвішча на Віцебшчыне. У прыватнасці, у Глыбоцкім раёне. І ў Чашніках ёсць Галаі... І яшчэ ў Шуміліне, ды і ў самім Віцебску таксама...

— Магчыма, гэта правільны кірунак пошуку. І мне ім трэба як след заняцца. Айчым мамы, Іван Якаўлевіч Баканоўскі, быў родам з Віцебскай вобласці. Бацька мой Восіп Антонавіч Баканоўскі — ураджэнец Ашмянскага краю. У сярэдзіне 1950-х гадоў ён праходзіў службу ў горадзе Ангарску Іркуцкай вобласці. Пасля дэмабілізацыі прыехаў у Якуцк, дзе і пазнаёміўся з маёй мамай Надзеяй Дзмітрыеўнай. Яна адправілася на Поўнач следам за малодшай сястрой Валянцінай, якая трапіла ў Якуцк па размеркаванні пасля заканчэння Тулунскага медыцынскага вучылішча.

— Наколькі ў сваёй паэтычнай і празаічнай творчасці вы адлюстроўваеце беларускую тэму?

— Беларуская тэма ў маёй творчасці пакуль сустракаецца нячаста. Напрыклад, у апавяданні «Малодка, малодка, маладзенькая...» згадваецца Магілёў. Справа ў тым, што муж гераіні майго апавядання паходзіў з нашчадкаў дзяржаўных фурманаў. Вядома, сяляне-фурманы, якія патрапілі ў Якуцію па волі Пятра I, былі з розных мясцін, у тым ліку з Яраслаўскай, Кастрамской і Магілёўскай губерняў.

— З Якуціяй звязаны лёсы многіх ураджэнцаў Беларусі... 

— Адзін з іх Эдуард Карлавіч Пякарскі, які займаўся вывучэннем якуцкага фальклору і этнаграфіі. Але галоўнай працай усяго яго жыцця быў «Слоўнік якуцкай мовы». З Якуціяй цесна звязаны і лёс паэта, празаіка, літаратурнага крытыка Івана Антонавіча Ласкова (19.06.1941 — 29.06.1994). І. А. Ласкоў нарадзіўся ў Гомелі. У Якуцію прыехаў у 1971 годзе. Выпускнік Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага, ён працаваў у газеце «Молодёжь Якутии», Якуцкім кніжным выдавецтве, рэдакцыі часопіса «Полярная звезда». Пісаў Іван Антонавіч на рускай і беларускай мовах.

— У мяне цяпер на працоўным стале ляжыць зборнік вершаў Івана Ласкова на рускай мове, які выйшаў у 1969 годзе ў выдавецтве «Беларусь» у Мінску. Назва кнігі — «Белое небо»... 

— Шэраг яго твораў (аповесць «Андрэй — Эндэрэй», зборнік апавяданняў «Івановы» і многія іншыя) прысвечаны якуцкай тэме. Іван Антонавіч пераклаў на рускую мову творы якуцкіх пісьменнікаў: аповесці В. Гаўрыльевай, якія склалі зборнік «Краіна Уот Джулустана», аповесць М. Якуцкага «З цемры», раман А. Сырамятнікавай «Кыыс Хатун». 

— У Мінску Ласкоў у свой якуцкі перыяд жыцця таксама выдаваў кнігі. У прыватнасці, зборнік вершаў «Кружное лета» ў 1973 годзе. У 1983-м — зборнік апавяданняў «Чароўны камень». У 1985-м — паэму «Кульга». Яшчэ праз пяць гадоў — кнігу аповесцей «На падводных крылах». 

— А ў Маскве ў 1987 годзе выйшаў яго зборнік прозы «Лето циклонов». У ім мяне, выкладчыка Якуцкага рачнога вучылішча, зацікавілі аповесці «На пад-

водных крылах» і «Туман». У гэтых творах аўтар паказаў складаную працу рачнікоў ва ўмовах кароткай паўночнай навігацыі, пра што Іван Антонавіч ведаў з першых вуснаў: адным з яго блізкіх сяброў быў капітан судна, выпускнік Якуцкага рачнога вучылішча Алесь Баркоўскі. Па маім запрашэнні пісьменнік сустрэўся з курсантамі рачнога вучылішча, расказаў ім аб гісторыі стварэння аповесцей. Мой першы літаратуразнаўчы артыкул, які называўся «Урокі літаратуры» і быў змешчаны ў часопісе «Специалист» у 1993 годзе, прысвечаны творчасці І. А. Ласкова. 

— Як часта вам даводзілася бываць у Беларусі?

— На вялікі жаль, даволі рэдка...

— Вы — літаратуразнаўца, паэт і празаік. Наколькі складана ўсё гэта сумясціць, паяднаць?

— Для мяне паяднанне звычайна не з’яўляецца праблемай, таму што адно дапамагае іншаму, адно дапаўняе другое. На тых самых навукова-практычных канферэнцыях часам адкрываеш

для сябе новыя імёны, факты, якія пасля выкарыстоўваеш у напісанні апавяданняў, вершаў. А творы калег па пяры становяцца тэмай літаратуразнаўчага даследавання. 

— Ці сочыце за тым, што адбываецца ў беларускай літаратуры сёння? Ёсць такая магчымасць? 

— Стараюся адсочваць, але магчымасці абмежаваныя. 

— А наколькі маштабна якуцкая літаратура бачыцца ў прасторы іншых нацыянальных у Расійскай Федэрацыі? 

— Прыгожае пісьменства народаў Якуціі, несумненна, з’яўляецца важнай часткай літаратурнай палітры Расіі. Гэта творчасць не толькі народа саха, але і ўсіх паўночных народаў — эвенаў, эвенкаў, юкагіраў. Свой унёсак робіць і рускамоўная літаратура. Несумненна, вялікае значэнне для знаёмства з нацыя-

нальнымі літаратурамі маюць пераклад, а таксама магчымасць пісьменнікаў сустракацца, наведваць іншыя рэгіёны. Адным з такіх шляхоў стаў міжнародны фестываль паэзіі «Благодать большого снега», які праводзіцца адзін раз на два гады. Ініцыятар яго правядзення — народны пісьменнік Якуціі Наталля Іванаўна Харламп’ева. Назву мерапрыемству далі радкі з верша народнага паэта Якуціі Сямёна Данілава: 

Я от снега не бегу —

Я родился на снегу.

На меня струилась с неба

Благодать большого снега.

У выніку фестывальных сустрэч з’яўляюцца ідэі новых праектаў, выдаюцца кнігі перакладаў. Напрыклад, маё знаёмства з творчасцю беларускага паэта Міхася Пазнякова адбылося дзякуючы вядомаму астраханскаму пісьменніку і перакладчыку Юрыю Шчарбакову. У 2019 годзе ён быў госцем фестывалю і падарыў мне кнігу перакладаў вершаў Міхася Пазнякова «Моё богатство». Ажыццявіў Юрый Шчарбакоў і пераклады вершаў якуцкіх паэтаў. 

— Ці можна гаварыць пра існаванне беларуска-якуцкіх літаратурных сувязей?

— Канешне, сувязі такія былі і ёсць, але хацелася б выказаць надзею, што яны стануць больш моцнымі і плённымі...

— Ваша галоўнае пажаданне беларусам, ураджэнцам Беларусі, якія цікавяцца Сібір’ю, Якуціяй... 

— Няхай ваша зацікаўленасць ніколі не гасне і дапамагае набываць новыя веды пра гэтыя выдатныя мясціны, якія ўражваюць не толькі сваёй прыродай, але і культурай народаў, якія тут жывуць. 

— Дзякую, Вольга Восіпаўна, за размову, за ўвагу да беларускай літаратуры, да вашай гістарычнай радзімы. Мяркую, што з вашай дапамогай мы выбудуем трывалыя сувязі і з беларусамі Якуціі, і з якуцкімі пісьменнікамі. Мне давялося сустракацца з Наталляй Харламп’евай у Бішкеку ў час правядзення ў Кыргызстане чарговага Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мы падпісалі на пляцоўцы Форуму Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Саюзам пісьменнікаў Рэспублікі Саха (Якуція). Спадзяюся, што мастацкі пераклад стане грунтоўнай асновай у дружбе нашых літаратур, дапаможа выбудаваць трывалую літаратурную дыпламатыю паміж нашымі нацыянальнымі літаратурамі. 

Гутарыў Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Якуцк — Мінск

Фота з сайта ddnykt.ru

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю