Top.Mail.Ru

Выпускніца маскоўскай тэатральнай ВНУ аднавіла на магілёўскай сцэне пранізлівую гісторыю аб трагічным лёсе дзяўчат, якія трапілі на вайну

17.07.2025 | 09:00
«А досвіткі тут ціхія...»

Прэм’ера спектакля «А досвіткі тут ціхія» адбылася на сцэне Магілёўскага абласнога драмтэатра напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі і стала яшчэ адным напамінам аб мужнасці і стойкасці тых, хто ў суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны набліжаў Дзень Перамогі. Пастаноўка ажыццёўлена пры падтрымцы Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, міжнароднага культурнага праекта «Рускія сезоны» і Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва. Вядомы твор у інтэрпрэтацыі выпускніцы гэтай ВНУ Эстэр Мітрафан прымусіў 
ізноў перажыць моцныя эмоцыі. 

Падзеі пераносяць нас у ваенны май 1942 года, калі грымяць баі, гарыць зямля, гінуць людзі. Але ўся вялікая краіна жыве адной надзеяй — на перамогу. Дзяўчаты-зенітчыцы Рыта, Жэнька, Соня, Галя і Ліза — яны адтуль, з вайны. Замест летніх сукенак і лёгкіх туфлікаў на іх — армейскія гімнасцёркі і кірзавыя боты. Але іх мары, якім, на жаль, не прыйдзецца спраўдзіцца, нічым не адрозніваюцца ад спадзяванняў сённяшніх дзяўчат. Апынуўшыся тварам да твару з ненавісным ворагам, дзяўчаты робяць крок насустрач Вечнасці. Дзеля будучага жыцця тых, хто прыйдзе за імі... 

Эстэр Мітрафан прызналася, што, калі знаёмілася з творам Барыса Васільева, цалкам паглыблялася ў лёс гэтых дзяўчат, каб зразумець, адкуль у іх, зямных і кволых, раптоўна ўзялася такая сіла. Пры пастаноўцы прымусіла паглыбіцца ў гэтыя характары маладых артыстак драмтэатра. І нават не чакала, наколькі арганічна ў тых гэта атрымаецца. 

За некалькі гадзін да прэм’еры падчас пресс-канферэнцыі яна прызналася, што стварэнне гэтага спектакля стала важнай вяхой у яе кар’еры. І выказала спадзяванні, што гледачы ацэняць глыбокі эмацыянальны складнік пастаноўкі.

— У ролях закладзена вялікая энергія — энергія адкрыцця, — дзялілася яна сваімі разважаннямі. — Пад яе ўздзеяннем адбываецца пазнанне свету, самога сябе. Чалавек задумваецца: а што я магу? Што я з сябе ўяўляю? 

За два месяцы работы над пастаноўкай мы з дзяўчатамі прайшлі вялікі прафесійны і чалавечы шлях. І я вельмі задаволена вынікам. Тое, што атрымалася, у параўнанні з нашай першай рэпетыцыяй — «неба і зямля». Гэта вялікі крок насустрач любові і насустрач прафесіі. 

Прэс-канферэнцыя адбылася з удзелам дырэктара Магілёўскага абласнога драмтэатра Вольгі Кузняцовай, рэктара Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва, тэатральнага крытыка Рыгора Заслаўскага, доктара філалогіі і намесніка дырэктара праекта «Расійскія сезоны» Ірыны Безукладавай.

Кіраўнік вядучай расійскай тэатральнай ВНУ лічыць неабходным падтрымліваць творчыя каманды выпускнікоў сваёй установы. 

— Беларускія тэатры штогод становяцца ўдзельнікамі «Рускіх сезонаў», і ў гэтым таксама ёсць узаемная зацікаўленасць, — падкрэсліў Рыгор Заслаўскі. — Самае дарагое, калі пастаноўкі працягваюць жыць ужо па-за гэтым праектам, а нашы выпускнікі, знаёмячыся з рознымі тэатрамі, атрымліваюць прапановы аб далейшай рабоце. 

Рыгор Анатольевіч адзначыў важнасць тэмы, якую закранула ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі Эстэр Мітрафан. «Гэтая тэма цікавая сучаснаму гледачу, — падкрэсліў ён. — Яна збірае поўныя залы». 

Ірына Безукладава выказала спадзяванні, што спектакль стане яркай падзеяй у культурным жыцці краіны, «абагульняючы дасягненні і пераемнасць тэатральнага мастацтва».

Высока ацаніла работу маладога рэжысёра-пастаноўшчыка дырэктар Магілёўскага драмтэатра Вольга Кузняцова.

— Погляд Эстэр Мітрафан на трагедыю пранізлівы і ўнікальны, — лічыць яна. — Гэта не проста тэатральнае відовішча. Гэта — споведзь. 

Пастаноўка выклікала шмат эмоцый у гледача. Людзі прызнаваліся, што перажылі сапраўднае ўзрушэнне ад убачанага. Успаміны дзяўчат пра іх мірнае жыццё, іх мары і спадзяванні на фоне бязлітаснай крыважэрнай вайны прагучалі вельмі кранальна. Нельга было стрымаць слёзы.

Прэм’ера прайшла пры поўным аншлагу. Наступны паказ спектакля адбудзецца 25 ліпеня.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскага абласнога драмтэатра
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю