Top.Mail.Ru

Выйшаў гістарычны раман Анатоля Брытуна

01.10.2026 | 14:40
Загадкі Белавежы

Майстра слова называюць «белавежскім летапісцам», бо яго ўвага звернута на гісторыю Белавежскай пушчы, якая непасрэдна звязана з лёсам роду. Анатоль Брытун прыгадваў, што яго продкі жылі ў цэнтры пушчы. Дзед са сваім бацькам падчас Першай сусветнай вайны стралялі кайзераўцаў, якія пілавалі дубы і забівалі зуброў. У 1915 годзе сям’ю выселілі з іх сталага месца жыхарства. Анатоль Арцёмавіч адзначаў, што ў беларускай літаратуры раней не было мастацкіх твораў пра пушчу, што дало магчымасць яму заняць гэтую нішу. Ён прыняў на сябе ролю летапісца Белавежы — аднаго з найбуйнейшых масіваў першабытнага лесу.

Гісторыя сям’і пісьменніка і мастацкая фантазія дапамаглі напісаць першы значны раман «Пах мускусу», які ў свой час вельмі ўразіў пакручастасцю падзей, мастацкімі апісаннямі чароўнага лесу і зваротам да гістарычнага мінулага пушчы. 

Новы твор пісьменніка «Стражнік пушчы» працягвае знаёміць з гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся на прасторах Белавежы. У сваіх папярэдніх раманах «Пах мускусу», «Сяліба», аповесці «Шчарбіны яцвяжскай сякеры» і легендзе «Вечны стражнік, або Яцвяжскі ваяр пад Грунвальдам» аўтар апісваў розныя перыяды з мінулага Белавежскай пушчы. Тут — як падзеі Першай сусветнай вайны, так і часы яцвягаў і літвінаў, якія мужна змагаліся з вікінгамі, мангола-татарамі і крыжакамі. 

Гістарычная проза А. Брытуна аб’яднана адным героем — Вечным стражнікам Белавежскай пушчы, з яцвяжскім паданнем пра якога аўтар знаёміць у новым рамане. Пісьменнік стварае яскравы вобраз Вечнага стражніка, які ўжо шэсць стагоддзяў ахоўвае спакой пушчы: «Надта старыя боты ягоныя былі вышэй кален, з грубай скуры. Адзенне — ад нагавіц да доўгага плашча — усё скураное, але вельмі аблезлае і пацёртае, быццам ён прайшоў праз стагоддзі. На поясе ў яго віселі з аднаго боку вялізны і цяжкі меч, а з другога — сякера, якая дакладна бачыла бітвы, бо была са шчарбінай. За спінай — просты, але вялікі лук і стрэлы ў калчане. Кудлатыя валасы ў яго ляжалі ажно на плячах. Твар парослы шчацінай, маршчыністы і ў шнарах. Ну, а вочы...» Згодна з легендай, падчас Вялікай бітвы з крыжакамі ён перамог іх магістра, і князь Вітаўт прызначыў яго стражнікам Белавежскай пушчы.

Праз усе гістарычныя творы пісьменніка праходзіць створаны ім вобраз легендарнага яцвяжскага князя Ердзівіла (іншыя імёны — Комат, Скірмунт і Эдзівід). 

У рамане «Стражнік пушчы» аўтар распавядае пра магілу князя, што схавана ў нетрах лесу пад магутным дубам, які называюць яшчэ Вартаўніком. Дуб расце ў глыбіні пушчы, ён ахоўвае магілу і саму Белавежу. Гэта святое месца, куды прыходзяць галоўны герой малады стражнік Глеб і іншыя жыхары, каб атрымаць дапамогу ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Вось што расказвае пісьменнік пра дуб: «Яцвягі сваіх ваяроў (са смерці князя Ердзівіла) заўсёды хавалі з дубовым жалудом, заціснутым у далоні. Жолуд хутка прарастаў і ператвараўся ў дуб — помнік палеглым. У яцвягаў лічылася, чым вышэй узнімаўся дуб, тым больш знакамітым быў воін, што спаў пад ім».

У новым рамане ў дэтэктыўна-прыгодніцкім стылі прадстаўлены гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў Брэсце і Белавежскай пушчы ў канцы XVIII — першай палове XIX стагоддзяў. У творы назіраецца паглыбленне гістарычнай праблематыкі, аўтар звяртаецца да некалькіх храналагічных перыядаў. З дапамогай рэтраспекцыі праз успаміны аднаго з герояў — рускага памешчыка Аляксандра Башафава, які атрымаў маёнтак высланага шляхціча Татаровіча каля Белавежскай пушчы, — мы пераносімся ў 1792 год, калі ішла вайна Расійскай імперыі і Рэчы Паспалітай. Ваенныя эпізоды і важныя для краіны падзеі, што згадвае Башафаў, уяўляюцца як асобная гістарычная эпоха, адлюстраванне якой важна для сюжэтнай пабудовы твора. Гэта цэласнае апісанне, у якім мастак слова звяртаецца да вобразаў рэальных гістарычных асоб: генерала Івана Раўтэнфельда, караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, расійскага генерал-маёра князя Паўла Цыцыянава, графа Якава Сіверса і іншых. Апісваючы гістарычныя падзеі, аўтар затрымлівае сваю ўвагу на апісанні сойма, які быў арганізаваны ў гарадзенскім замку, дзе вырашаўся лёс Рэчы Паспалітай, адбываўся яе другі падзел. 

Для ўзнаўлення гістарычнага асяроддзя канца XVIII стагоддзя Анатоль Брытун уключае апісанне народных свят і абрадаў. Аўтар распавядае пра дажынкі, што праходзілі на двары пана, які шчодра частаваў прыгонных сялян за збор ураджаю. У ролі «добрага пана» ў рамане — рускі памешчык Башафаў, які так тлумачыў сваё спрыяльнае стаўленне да мясцовых сялян: «Мы для іх чужынцы... Трэба прымаць іх звычкі і святы, іхнія абрады і іхні ўклад жыцця...» 

Сучасныя гістарычныя раманы не абыходзяцца без прыгодніцкіх элементаў. У рамане «Стражнік пушчы» героі шукаюць скарб яцвяжскага князя Ердзівіла. Гэта быў залаты абоз хана Батыя, які захапіў князь падчас бітвы з татара-манголамі на Шэйбак-полі, а цяпер ён схаваны каля яго магілы. На пошукі золата накіроўваюцца Аляксандр Башафаў, яго сын Павел, прускі афіцэр Крыгер і яго пляменнік Карл. Спыняе рабаванне старажытнага склепа стражнік пушчы Глеб. Важную ролю ў творы адыгрываюць карта Белавежскай пушчы часоў Вялікага Княства Літоўскага, пры дапамозе якой можна знайсці магілу легендарнага Ердзівіла, і гістарычныя нататкі шляхціча Татаровіча пра станаўленне Літвы, яе сталіцу Наваградак, каранаванне караля Міндоўга і іншыя гістарычныя факты мінулых часоў. З гэтымі артэфактамі знаёміцца Аляксандр Башафаў, калі шукае старажытны скарб.

У цэнтры ўвагі пісьменніка таксама рамантычная лінія — каханне Глеба да прыгоннай дзяўчыны Марфы і спробы яе выкупіць. Гэтая гісторыя прываблівае чытача меладраматычнымі элементамі, якія накіраваны на стварэнне інтэнсіўнага карыстальніцкага водгуку, уключаюць эмацыянальнасць, вострыя інтрыгі, проціпастаўленне дабра і зла, што прымушае сачыць за разгортваннем падзей. 

У твор уплецены і элементы дэтэктыва: малады стражнік, бацькі якога былі забіты, калі ён быў зусім малым, спрабуе знайсці забойцу родных. Пазнаць яго можна па залатым медальёне ў выглядзе старажытнай манеты. Пакручастыя лёсы стражніка Глеба і Аляксандра Башафава цесна пераплецены, аўтар трымае інтрыгу да канца твора, вельмі нечаканай становіцца развязка. 

Таццяна ЛАЎРЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю