Top.Mail.Ru

Выйшаў зборнік артыкулаў пра Заходнюю Беларусь у 1921—1939 гадах

18.06.2026 | 19:07
Краіна, моцная сваім адзінствам

«Заходняя Беларусь (1921–1939): гісторыя, культура, літаратурны рух» — пад такой назвай у Выдавецкім доме «Беларуская навука» выйшла кніга, якую склалі матэрыялы Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 85-годдзю аб’яднання Беларусі і Дню народнага адзінства. 

У матэрыялах, падрыхтаваных да друку Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аналізуюцца сацыяльна-палітычныя, грамадска-культурныя, канфесійныя і іншыя працэсы ў Заходняй Беларусі, ідэйныя прыярытэты і парадыгма літаратурна-мастацкага дыскурсу, асэнсоўваюцца падзеі восені 1939 года ў гістарычным лёсе беларускага народа, адлюстраванне заходнебеларускага жыцця ў творах прыгожага пісьменства. Таксама даследуюцца традыцыі кансалідацыі грамадскіх сіл у барацьбе за аб’яднанне Беларусі міжваеннага перыяду на этапе навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь. 

У зборніку змешчаны артыкулы амаль трох дзясяткаў аўтараў — супрацоўнікаў Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, Інстытута гісторыі акадэміі навук, даследчыкаў з многіх універсітэтаў нашай краіны, членаў Парламента Беларусі, краязнаўцаў, літаратараў. 

Як вядома, без асэнсавання мінулага немагчымы шлях у будучыню. І матэрыялы кнігі дазваляюць асэнсаваць уплыў уз’яднання беларускага народа на яго гістарычны лёс, а таксама на працэс фарміравання нацыі. Аўтары пераканаўча паказалі, што аб’яднанне народа на тэрыторыях, якія з даўніх часоў былі месцам пражывання беларускага этнасу, не толькі стала фактам аднаўлення гістарычнай справядлівасці, але і адыграла вялікую ролю ў далейшым развіцці краіны і яе народа. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР былі закладзены асновы тэхналагічна развітой, сацыяльна арыентаванай дзяржавы, скіраванай на абарону правоў сваіх грамадзян, што знайшло свой працяг у сучаснай Беларусі. 

Выданне адрасавана навуковым супрацоўнікам, выкладчыкам ВНУ, аспірантам і студэнтам, усім, хто цікавіцца гісторыяй беларускага народа, яго інтэлектуальна-творчай спадчынай.

Міхась СЛІВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю