У зборніку змешчаны вынікі навуковых даследаванняў, прысвечаных гісторыка-культурнай спадчыне Карэліччыны. Увагай даследчыкаў ахоплены ўсе сферы жыцця рэгіёна ад старажытнасці да сучаснасці. Доктар геаграфічных навук, прафесар БДУ Ядвіга Елавічава свой даклад прысвяціла геалагічным даследаванням прыроднай спадчыны Карэліччыны. Кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела спецыяльных гістарычных даследаванняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Доўнар у сваім артыкуле расказаў пра жыццё Карэліччыны другой паловы XVII — першай паловы XVIII ст. У цэнтры ўвагі доктара архітэктуры, прафесара Сяргея Сергачова аказаліся майстрыхі карэліцкіх шпалер сярэдзіны XVIII ст. Пра беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі і актывістаў Жухавіцкай гміны распавёў кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Горны. Супрацоўнікі музея «Замкавы комплекс „Мір“» Вераніка Красоўская і Наталля Кавалевіч закранулі пытанні, звязаныя з жыццёвым лёсам князя Дамініка Радзівіла і Мірскага прычта ў XIX ст.
Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Ігар Шаладонаў засяродзіў увагу на аповесці Янкі Брыля «Муштук і папка». Традыцыйныя рамёствы Карэліччыны, развіццё турызму і некаторыя іншыя пытанні таксама былі ў полі зроку даследчыкаў.
У зборніку змешчаны два артыкулы аўтара гэтых радкоў, прысвечаныя гісторыі школы і царквы ў Карэлічах.
У прадмове да выдання рэдкалегія адзначыла: «Матэрыялы зборніка дазваляюць па-новаму паглядзець на гісторыю гэтага ўнікальнага куточка Гродзеншчыны, раскрыць малавядомыя старонкі мінулага, асэнсаваць ролю рэгіёна ў фарміраванні культурнай спадчыны Беларусі. Аўтары імкнуліся не толькі прадставіць факталагічны матэрыял, але і паказаць жывую повязь часоў, пераемнасць пакаленняў і традыцый».
Выданне адрасавана вучоным, студэнтам, настаўнікам, краязнаўцам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.
Святлана КОШУР