Top.Mail.Ru

Выйшла новая кніга Аляксандра Марозава

31.07.2025 | 07:00

Вядомы беларускі літаратуразнавец, крытык, паэт Эдуард Скобелеў у сваіх «вузельчыках на памяць» дакладна заўважыў пра літаратурнае майстэрства: «Паэзія — усё тое, што вяртае чалавеку яго высокі сэнс і выклікае ў ім жаданне дапамагчы людзям, падняцца да дабра і праўды... Паэт павінен разглядаць праблемы нацыянальнай і разам з тым агульначалавечай значнасці». Паэзія Аляксандра Марозава дэманструе, што для сапраўднай творчасці няма і не можа быць межаў, падзелаў, умоўнасцей. Кошт сапраўднага паэтычнага слова высокі ў любой нацыянальнай літаратуры і надзейна канвертуецца нават на самых далёкіх кантынентах. Пра гэта гаворыць кожны радок, кожная нота мелодыі душы паэта. Да таго ж, Аляксандр Марозаў і сам упэўнены, «что много напишется // в Филипанах душевных стихов». У някідкай, у «пять десятков крестьянских домов», ціхай беларускай вёсачцы Філіпаны, дзе з нядаўняга часу жыве паэт родам з Дэбальцава.


Мілая паэту Астравеччына стала сваёй: гэта і «сосновый лес и поле льна», і «самоцветами звёзды над хатой», і «берёзки в длинных сарафанах»... Трэба настолькі любіць свой край, «сердцем рассмотреть», каб натхняцца і рагатым месяцам, які п’е з каўша ў Мядзведзіцы, і зоркамі, якія свяціліся ў небе дыяментамі, і красаваннем духмянага скрыпеню... Імпрэсіяністычнае ўспрыманне наваколля ўдыхае ў паэзію асаблівы маляўнічы каларыт: казачна прыгожы, боскі. 

Вясковы магнетызм у паэта настолькі глыбокі ў свядомасці, што абсалютна апраўдана, аргументавана гучыць у дзясятках назваў вершаў («Деревенский выходной», «Субботний деревенский день», «Деревенька Филипаны», «Деревня», «Эй, деревня, не кланяйся городу...», «Вновь о деревне я пою...», «Деревенька моя», «Деревенское», «О деревенском воздухе», «А в деревне у нас» і інш.). Гімн вёсцы — райскай абіцелі — гэта перш за ўсё жыццесцвярджальны паклон землякам і чароўным, непадробным светастваральным пейзажам.

Гэта спакой, такі неабходны ў сельскай паэзіі і прозе жыцця. «Каждый день, до приятной усталости, // пашет сельский двужильный народ» — гэта і боль, і гонар, і шчодры абярэг Усявышняга:

Моя деревня — в пазухе у Бога, 
Её Господь от кривды сохранит. 

І быць вёсцы, якая ляжыць «на ладонях у Бога», калі з вуснаў хаця б аднаго Паэта гучыць нічым не азмрочаная, дабрадзейная ідылія: «А пока олениха и солнце, // И рассвет над деревней моей». Калі просіцца неспатольнае жаданне проста выйсці пад вечар у поле і «утонуть в божественной красе». Таму натуральныя ў паэзіі Аляксандра Марозава хрысціянскія матывы. Гэта добрае ўменне «без лірычных прыкрас» прасіць, прабачаць і дзякаваць Усявышняму за ўсё існае, зямное. 

Адметным струнам душы паэта падуладная філасофская лірыка. Арганічна прапісаны ў паэтычнай прасторы Аляксандра Марозава матыў саду. Безумоўна, традыцыйны матыў сімвалічны: з райскага саду Эдэма пачалася гісторыя чалавецтва. «Года летят, а я сажаю сад...» Сад душы Аляксандра Марозава квітнеючы, абвеяны мажорнай танальнасцю. Сад у паэта — як атрыбут дабрабыту, міру і парадку на Зямлі, як дзівосны і таямнічы свет, які вабіць вечнасцю: «Сад молодой, а я — не молодой, // Но всё равно я деревца сажаю». 

Няма сумнення, што сваім паэт Марозаў стаў і для Беларусі, і для Астравецкай зямлі, аб чым шчыра піша: «Стараюсь каждый миг заполнить // В калейдоскопе лет и зим». Імгненне, у якім зліліся разам і сямейна-роднае, і нацыянальнае, і сусветнае. Імгненне святой малітвы, жыватворнай і праведнай:

В природном храме с дубом 
обнимусь
И помолюсь за мир на всей 
планете,
За внуков, за Донбасс, 
за Беларусь.
(«Деревенский выходной»)

Патрыятычная лірыка паэта надзвычай актуальная: гэта тэма вайны, Вялікай Перамогі і міру. Зварот да гістарычнай памяці аб ратным подзвігу народа неабходны для захавання міру на Зямлі. З болем у душы чытаем радкі аб стойкасці апошніх герояў, памерлага салдата Георгія, які «в небесах не витал — // он шагал строевым в облаках», аб салдацкіх удовах: «Отчизны скрепы, державы гордость — // Ульяны, Марьи и Ефросиньи».

Некалькі слоў пра багатую паэтыку вершаў Аляксандра Марозава. Даволі часта ён выступае як сапраўдны мастак, каб імпрэсіяністычнымі фарбамі, тонамі і паўтонамі захаваць імгненні і дзённых ззянняў, і начных бляскаў — паўнавартаснай гармоніі Яе Вялікасці Прыроды:

Пахнет сеном, 
а ветер расскажет былины. 
Да откроет вам тайну
случайно трава-мурава. 

Пагодзімся, такая паэзія надзвычай музычная: у ёй пануе сугучча розных галасоў, мелодый, святла і колеру. Чысціню і празрыстасць восеньскага паветра чытач адчуе дзякуючы даволі частаму прыёму рытарычнага кальца («Осень в Филипанах. // В Филипанах осень»). Душэўны стан героя нярэдка характарызуецца з дапамогай анафары і антытэзы («Для кого-то я, конечно, юный, // Для кого-то я ужасно старый»), загадкава-прыгожай метафорыкі («У речного плёса // По воде круги. // Золотом берёза // Раздаёт долги»). Прывабная глыбокім філасофскім сэнсам і паэтычная афарыстыка Аляксандра Марозава: «А у дороги жизни // Хватит на всех обочин», «В лабиринте жизненных вопросов // Зыбко всё и неопределённо...» і інш. «Умею ненавидеть и любить» — гэта ўжо паказчык шырыні паэтычнай душы, самасцвярджэння паэта як асобы. Такое супрацьпастаўленне, палярнасць мыслення з гумарыстычным прысмакам натуральныя для паэта Марозава, які ў нечым «похож на дилетанта», і ў нечым ён — «поэт матёрый».

І напрыканцы: чым жа прываблівае паэзія Аляксандра Марозава?.. Здаецца, гармоніяй высокага і жыццёвага, жыццесцвярджальным пачаткам і гаючай энергетыкай, нарэшце — немудрагелістай гумарыстычнай усмешкай. «Колю дрова, верстаю книжки» — вось сутнасць чалавечай душы, разлітай у беларускіх абшарах саспелага жытнёвага калосся і сіняга, як неба, васілька... 

Што можа быць прыгажэй за россып пачуццёвых эмоцый такога ранімага паэта Аляксандра Марозава, які дорыць вабнае святло чытачу! Святло нябесных зорак і поўні пад звон гітары, цяпло развітальнага бабінага лета са стукам дажджу па акне, і колер сіваватых дрэў... Або — пра што гавораць чытачу паэтычныя радкі:

Замечайте рядом красоту,
Проживайте каждое мгновенье.

Аліна САБУЦЬ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю