Top.Mail.Ru

Як Андрэй Дарожкін спалучае народныя традыцыі і актуальныя сэнсы

Аўтар: Лізавета Крупянькова
05.11.2025 | 11:15
Класічная казка з сучаснымі каштоўнасцямі

Перад сучаснымі дзіцячымі і не толькі пісьменнікамі стаіць важная задача — любымі сродкамі зацікавіць чытача, закласці ў твор высокія духоўна-маральныя каштоўнасці і адначасова не ператварыць кнігу ў зборнік аднатыпных павучальных гісторый, які так і застанецца стаяць на кніжнай паліцы. Аднак якім чынам перадаць будучаму пакаленню вечныя традыцыі продкаў і пазбегнуць маралізатарскага тону? Яркі прыклад падае новы твор Андрэя Дарожкіна.

Зборнік аўтара «Куфар патрэбных казак» убачыў свет сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда». У выданне ўвайшлі чатыры аўтарскія гісторыі, стылізаваныя пад народныя казкі. У анатацыі да кнігі чытаем: «Яны (гісторыі) накіраваны на захаванне традыцыйных маральных каштоўнасцей беларусаў, папулярызацыю здаровага ладу жыцця, фарміраванне гарманічнай асобы юнага чытача, трансляцыю адэкватнай мадэлі паводзін для сучаснага маладога пакалення». Аднак калі адыходзіць ад класічнага апісання, то аўтар прапаноўвае паглыбіцца ў перапетыі чалавечага жыцця праз лёсы, учынкі і характары простых людзей, якія па-рознаму ўспрымаюць адну і тую ж праблему, знаходзяць уласныя шляхі яе вырашэння, якія часам заснаваны на светлых пачуццях. 

Аўтар стылізуе творы пад народныя казкі, знаёмыя не аднаму пакаленню чытачоў, але гэта не пазбаўляе апавяданне дынамікі і актуальнасці для сучасных дзяцей. Наадварот, у эпоху, калі многія пісьменнікі імкнуцца перанесці законы нашай рэальнасці ў казачную прастору, Андрэй Дарожкін звяртаецца да блізкіх усім мовы і сюжэтаў. Аўтар надае ім новыя сэнсы і асаблівы беларускі каларыт, які спадабаецца нават самым пераборлівым чытачам.

Гісторыі невялічкія па памеры і падыходзяць для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Кожная казка нясе свой павучальны сэнс, які схаваны за іранічнай падачай, што вельмі добра ўспрымаецца наравістымі падлеткамі: тут адчуваецца не строгі настаўніцкі кантроль, а шчыры давер паміж аўтарам і чытачом. Пісьменнік не робіць уласных высноў наконт сюжэта і ўчынкаў герояў, а прапануе чытачам самастойна вызначыць, дзе тут дабро і зло, хто дзейнічае ў згодзе з розумам і сэрцам, а хто падпарадкоўваецца дрэннаму ўплыву.

Адкрывае зборнік казка «Двум братам — па дзве жмені зерняў», якую можна паставіць у адзін шэраг з вядомымі гісторыямі розных народаў свету, калі адзін брат ідзе правільным шляхам, а другі блукае ў пошуку лёгкага шчасця. У апавяданні Андрэя Дарожкіна два браты — старэйшы Завід і малодшы Дабраміл (сімвалічныя імёны) — атрымалі ад бацькі дзве жмені зерняў і настаўленне, што праз тры гады ён наведае гаспадарку кожнага і тады вырашыць, каму пакінуць сваю спадчыну. Праз адведзены час наведаў стары сваіх сыноў: малодшы Дабраміл пабудаваў млын і лазеньку, дапамагае і суседзям, а старэйшы Завід пабудаваў бровар і вінакурню, забыўся пра сумленную працу і бацькоўскае настаўленне. Магчыма, класічная казка і скончылася б перамогай аднаго з братоў, але Андрэй Дарожкін дае сваім героям магчымасць выправіцца, другі шанц на лепшае жыццё. Гісторыя Завіда і Дабраміла вучыць маленькіх чытачоў шчырасці і ўзаемадапамозе, паказвае: нельга ставіць на чалавеку крыж, а лепей дапамагчы яму выйсці на правільны шлях.

Працягвае класічную традыцыю народных казак «Сказ пра тое, як каваль князёўну ратаваў». Сапраўдная чароўная гісторыя нагадвае вядомыя казкі пра Івана-царэвіча, трох сыноў беднага селяніна, зачараваны замак і шмат іншых. Ёсць тут і князь з князёўнай, і іх дачка, якую патрэбна выдаць замуж, і мудры стары, і рыцары, гатовыя змагацца за руку прынцэсы, і жудасны цмок. Здаецца, і сэнсы тут агульнавядомыя, але нават у знаёмы і прадказальны сюжэт аўтар дадаў матывы сучаснасці, якія ніколькі не супярэчаць класічнай канцэпцыі.

У рэальным часе адбываюцца падзеі ў казках «Там, дзе клёкат буслоў, нібы песня, ліецца...» і «Паўсядзённы цуд». На думку аўтара гэтых радкоў, дадзеныя гісторыі — значна слабейшыя за папярэднія, нягледзячы на сучасны кантэкст апавядання. Аднак гэта не псуе закладзеныя ў іх сэнсы, якія вучаць берагчы родную прыроду, з павагай ставіцца да бацькоў і іх клопатаў, памятаць сваю гісторыю і свае карані.

Кніга Андрэя Дарожкіна добра падыходзіць для сямейнага чытання, каб разам паглыбіцца ў свет беларускай казкі, абмеркаваць вечныя каштоўнасці. Дзецям будзе цікава пазнаёміцца з сучаснай беларускай казкай, а дарослым — зноў вярнуцца ў светлыя моманты дзяцінства.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю