Top.Mail.Ru

Як кнігі ўплываюць на адказнае бацькоўства

Аўтар: Лізавета Крупянькова
21.10.2026 | 17:57
Усё пачынаецца з сям'і

Маштабныя і яркія акцыі, прымеркаваныя да Тыдня бацькоўскай любові, ужо набіраюць сілу па ўсёй краіне. Штогод у навучальных і культурных установах праходзіць шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і папулярызацыю адказнага бацькоўства і традыцыйных каштоўнасцей. Менавіта з сям’і пачынаецца фарміраванне і станаўленне грамадзяніна, а ўзаемаадносіны з бацькамі з’яўляюцца прыкладам і мадэллю паводзін для юнай асобы. У гэтай святочнай атмасферы прапануем вам агляд кнігі Іны Фраловай «Добра з татачкам расці».

Ролю бацькі нельга пераацаніць, але, на жаль, і сёння ўключэнне мужчын у сямейнае жыццё застаецца на не вельмі высокім узроўні. Безумоўна, па ўсім свеце ідзе пазітыўная тэндэнцыя, калі ў сям’і ўсе бытавыя і эмацыянальныя абавязкі дзеляцца пароўну. Аднак у грамадстве яшчэ жы-

вуць стэрэатыпы пра «сапраўднага» мужчыну, які не апускаецца да такіх дробязей, як выхаванне дзяцей ці клопат пра штодзённыя патрэбы сям’і. Вобраз маці праслаўляецца (і не без прычыны) у творах класічных і сучасных аўтараў: мастакоў, скульптараў і літаратараў. 

Маці — гэта першае слова, першая ўсмешка і першыя абдымкі. З матулі пачынаецца сям’я, з яе пяшчотным вобразам звязаны самыя цёплыя ўспаміны дзяцінства. Аднак значна менш увагі ўдзяляецца мужчынскай ролі, з-за чаго вобраз бацькі ў масавай культуры застаецца сціплым. Гэта, несумненна, уплывае на ўяўленне хлопчыкаў і дзяўчынак пра сямейныя «нормы». 

Выданні, падобныя кнізе Іны Фраловай «Добра з татачкам расці», пераасэнсоўваюць традыцыйную ролю «главы» дома і трансліруюць важныя ідэі пра мір і згоду, любоў і падтрымку, адказнасць і ўзаемаразуменне. Творы, дзе бацька паўстае не строгім упраўленцам, не халодным, занепакоеным нейкімі знешнімі справамі чалавекам, а добрым, шчырым і спагадлівым сем’янінам, на жаль, у нацыянальнай літаратуры мала прадстаўлены. Аднак Іна Фралова спрабуе запоўніць гэты прабел і прапануе юным чытачам сваю кнігу, якая выйшла ў выдавецтве «Беларусь». У зборніку змешчаны вершы і апавяданні, прысвечаныя дарагому і блізкаму чалавеку — тату, а таксама творы пра старэйшага мужчыну ў сям’і — дзядулю. 

Вершы Іны Фраловай напоўнены лёгкасцю, сонцам і дабрынёй. Менавіта з такімі творамі, светлымі, радаснымі і крыху наіўнымі, хочацца знаёміць сваіх дзяцей. Тата ў паэзіі аўтара паўстае надзейнай асобай у жыцці дзіцяці, побач з якой адчуваеш любоў, клопат і бяспеку.

У мяне найлепшы тата:

Тата мой

умее ўсё!

Руль зрабіць у самаката,

Пакарміць мяне і брата,

З палкі

выстругаць кап’ё!

Пісьменніца малюе вельмі светлую і прывабную карціну: шчырыя і даверлівыя ўзаемаадносіны паміж бацькам і сынам, адказны і ўважлівы тата, які цалкам прысвячае сябе сям’і і ўключаны ў выхаваўчы працэс. Такія вобразы фарміруюць правільную мадэль сямейных паводзін і трансліруюць правільныя маральныя каштоўнасці.

Яркі і вобраз дзядулі: мудры, спакойны, сталы чалавек, які дзеліцца з унукамі жыццёвым досведам, рознымі цікавосткамі і скіроўвае юнакоў на самыя смелыя ўчынкі (нават калі гэта звыйчайны паход у лес). 

Сонца

аж да слёз рагоча —

Дожджык пырскае ў бары!

Дзед

прыжмурыў хітра вочы,

Ён

да жартачак ахвочы —

Не глядзі,

што дзед стары.

Цёплыя і жартаўлівыя, а часам вельмі кранальныя апавяданні пісьменніцы расказваюць пра цікавыя і забаўныя выпадкі з жыцця маленькіх герояў: то Сяргей нечакана стаў пісьменнікам, а хацеў шафёрам («Сяргейка-бармалейка»), то Насця стала дарослай, хоць і не мерала свой рост («Дарослыя»), то Алесю прыйшлося адмовіцца ад любімага торта («Выбар»), то Лізка зрабіла навуковае адкрыццё, а выйшла зусім іншае («Прафесар»). Праз такія кароткія, але пазнавальныя гісторыі аўтар паказвае здаровыя адносіны паміж дарослымі і дзецьмі, уплывае на светапогляд юнага чытача. Бо бацькоўская любоў — не толькі свята, падарункі і ўрачыстыя словы. Гэта найперш штодзённая прысутнасць: ранішняя гарбата разам, сумесны паход у парк, сямейныя кінавечары, жарты, зразумелыя толькі «сваім», і безумоўная падрымка і любоў, што адчуваюцца ў кожным слове.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю