Top.Mail.Ru

Як расказаць дзецям пра сур'ёзныя рэчы?

10.12.2024 | 09:39

Сёлета Анатоль Зэкаў выдаў дзве кнігі для юных чытачоў: «Ела львіца піцу» і «Дзе схавалася лета?». Першая выйшла ў сталічным выдавецтве «Народная асвета», другая — у гомельскім выдавецтве «Барк». У абедзвюх — вершы, адрасаваныя дзецям малодшага школьнага ўзросту. Героі кніг — звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі з іх заняткамі, гульнямі і забавамі, захапленнямі і прыгодамі.


Кніга «Дзе схавалася лета?» адкрываецца вершам «Тры словы»: «У мове розных слоў багата, // Ды жыць на свеце немагчыма, // Забыўшы словы мама, тата // І роднае для ўсіх — Айчына». І як падагульняльная выснова — заключныя радкі: «Мы і жывём на свеце ўсё-ткі, // Што цеплынёю іх сагрэты». Патрыятычна гучаць і наступныя два вершы — «Беларусь» і «Родная мова». А ў «Хлебным шляху» аўтар прасочвае няпростае нараджэнне хлеба на ўсіх яго этапах: ад уборкі збажыны ў полі да пякарні. 

І робіць гэта праз родзічаў дзяцей: так, у Тані тата працуе на камбайне, у Ліны на машыне адвозіць зерне на ток, дзе «шчыруе дзед Якуба», потым «зерне меле брат Генадзя» і нарэшце з мукі выпякае хлеб цётка Маі. Героі кнігі, дарэчы, і самі не сядзяць без справы. Яны працуюць з прадзедам у яго майстэрні, робяць кармушкі для птушак, вяжуць вяночак з кветак для сястрычкі і рукавічкі для сінічкі, вудзяць рыбу, кормяць у бабулінай вёсцы куранятак і клапоцяцца пра хворага коціка, цікава праводзяць вольны час — наведваюць тэатр, зімой бегаюць на лыжах. Усё гэта Анатоль Зэкаў падае так вобразна, што не пакідае адчуванне, быццам ты і сам усё гэта робіш разам з яго героямі. 

Анатоль Зэкаў даволі часта сустракаецца са сваімі юнымі чытачамі, таму добра ведае дзіцячую псіхалогію. Многія вершы прымусяць дзяцей усміхнуцца, бо, як гэта было і ў ранейшых яго кнігах, яны напісаны з гумарам («Канструктар», «Артыст Біс», «Парасяткі на зарадцы», «Лянівы пень», «Малако на языку», «Валера і дзверы»). Часам аўтар дае і рэкамендацыі, як, напрыклад, у вершы «Чыпсы», якія так любяць Косця, Нэля і Юля. «Лепш бы проста бульбу елі, // Госцячы ў бабулі», — прапануе ім паэт. Анатоль Зэкаў запрашае таксама чытачоў прадоўжыць яго спіс гарадоў-райцэнтраў (ёсць у ім і родны Буда-Кашалёва) і гарадоў, якія канчаюцца на «ы», праверыць сябе ў вымаўленні скорагаворак і рашэнні арыфметычных задачак. 

Разнастайныя па тэматыцы і творы, змешчаныя ў кнізе «Ела львіца піцу», праўда, героямі яе з’яўляюцца пераважна «браты нашы меншыя»: звяры і птушкі, якія, тым не менш, надзелены чалавечымі якасцямі. Яны, як у вершы, што даў назву зборніку, ядуць піцу, ладзяць у бары скокі («Раяль і баль») і праводзяць крос («Ліс і прыз»), шыюць для пчалянят цёпленькія світкі («Пчолка-швачка») і жадаюць заняцца турызмам («Дзе вярблюджы дом?»). Чытачы атрымаюць «Запрашэнне на гарбату», даведаюцца, «Ці смокча мядзведзь лапу?», «Дзе падзеўся вожык?» і «Каму сказаць „дзякуй“», «Хто вінаваты?» у тым, што прастудзіўся какаду, і якое яно, «Золата восені», адкрыюць «Ястрабаў сакрэт». 

А яшчэ папрактыкуюцца ў рашэнні паэтычных задачак («Наш клас», «Ровары і скутары») і паспрабуюць расставіць усё на свае месцы ў хітрых небылічках. 

Ганна КАЗАКЕВІЧ, бібліятэкар Патапаўскай сельскай бібліятэкі Буда-Кашалёўскага раёна

Прэв’ю: з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю