Ёсць рэчы, якія дзецям тлумачыць няпроста. А калі ў іх узнікаюць пытанні, то таты і мамы ў штодзённай мітусні не заўсёды могуць нешта патлумачыць так, каб у малога ў галаве гэта замацавалася. Нейкія ўстановы — дзіцячыя садкі і пачатковыя школы, дзе ёсць выхавацелі, — могуць даваць пэўны ўзровень пачатковых ведаў пра краіну, у якой мы жывём. Але ж так, каб адразу расставіць акцэнты, напрыклад, пра правы і абавязкі, — трэба яшчэ навучыцца распавядаць... І вось, калі ласка, дарослыя атрымалі дапаможнік у выглядзе мультфільма, які складаецца з шасці частак, кожная з якіх прысвечана асобнай тэме. Што ж, у маім савецкім дзяцінстве былі мультфільмы пра нейкія прававыя рэчы, напрыклад, правілы дарожнага руху, дзе вобразна абазначаліся сітуацыі і даваліся прыклады, як у іх дзейнічаць. І, магчыма, гэта працавала. Калі так можна было калісьці, то чаму нельга цяпер?..
У першай частцы 17-хвіліннага мультфільма гледачы знаёмяцца з сям’ёй, у якой ёсць сынок, дачушка, немаўля на руках у мамы, тата, які, здаецца, усё пра ўсё ведае, ці амаль усё, таму што асобную тэму раскрывае дзядуля. Але пачатак важным размовам задае хлопчык, які не можа прыдумаць, як намаляваць паштоўку да Дня канстытуцыі. Ды не кожны з дарослых бы прыдумаў сюжэт такой паштоўкі, каб малыя зразумелі, дзеля чаго напісалі такую важную кнігу. І вось тата папулярна тлумачыць: «...З утварэннем дзяржаў з’явілася неабходнасць у строгіх правілах, якія абавязковыя для ўсіх жыхароў. Законы абараняюць правы чалавека. Яшчэ яны фармулююць забароны. І наадварот — абавязковыя для выканання правілы. Канстытуцыя — Асноўны Закон нашай краіны... „Асноўны — значыць, галоўны?“ — удакладняе хлопчык. „Правільна. Гэта галоўныя правілы, устаноўленыя беларускімі грамадзянамі“. І выснова: веданне Канстытуцыі дапаможа зразумець, што з’яўляецца правам, а што — абавязкам. Але „найвышэйшай каштоўнасцю наша Канстытуцыя абвяшчае жыццё чалавека. У вас ёсць права на бясплатную адукацыю. Права на абарону сваёй асобы, права на ахову здароўя. Права на адпачынак. Вы абавязаны выконваць законы: берагчы культурную і духоўную спадчыну, берагчы прыроднае асяроддзе, абараняць радзіму“». Зразумеўшы ўсё пасля такога падрабязнага тлумачэння, дзецям, якія стварылі складаны малюнак пад наглядам таты, застаецца дадаць дату прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Хутчэй за ўсё, бацькам і нават выхавацелям не ўдалося б вось так канкрэтна і дакладна ўсё распавесці — трэба ўмець. Іншая справа, калі сур’ёзны тэкст прамаўляюць намаляваныя мульцяшныя героі... І вось так дзетак гэтай сям’і ўводзяць у сутнасць яшчэ такіх свят, як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень народнага адзінства. А ў фінале ім трэба засвоіць дзяржаўныя сімвалы краіны. Тэму вайны раскрывае дзядуля, праўда, ён сам не ваяваў, але яго бацька быў у той час дзіцем. Але калі ёсць выраз «дзяды ваявалі», то ён абыграны такім чынам.
Сюжэты кожнай з частак заснаваны на пытаннях і адказах, часам канкрэтных, а часам — вобразных (напрыклад, дзяўчынка гуляе з дзвюма лялькамі і марыць, каб да яе далучылася сяброўка з Масквы). Праводзіцца паралель паміж Днём Незалежнасці краіны і Днём нараджэння чалавека. Праўда, з тлумачэннем: гэта дзень вызвалення нашай сталіцы, якая «3 ліпеня 1944 года была цалкам вызвалена ад ворага. І хоць вайна яшчэ не скончылася, вызваленне Мінска стала пачаткам перамогі над фашыстамі... З тых часоў 3 ліпеня мы адзначаем Дзень Незалежнасці Беларусі. У гонар гэтага свята адбываецца парад». Добра, каб дзеці засвоілі фразу, якая гучыць у фінале гэтай часткі: «...Дзень Незалежнасці будуць адзначаць і праз 100 гадоў».
Над мультфільмам «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар свят» працавала група стваральнікаў: рэжысёры Канстанцін Андрушачкін, Ірына Тарасава, Таццяна Нагорская, Наталля Касцючэнка і Алена Турава, якая на прэзентацыі патлумачыла маленькім гледачам:
— Гэтая ідэя належыць дырэктару «Беларусьфільма» Юрыю Аляксею. Над стварэннем стужкі працаваў даволі вялікі калектыў аніматараў, сярод якіх ёсць тыя, для каго гэтая работа стала дэбютам у рэжысуры. Мы на студыі анімацыйных фільмаў робім розныя стужкі: казкі, фільмы, прысвечаныя важным асобам нашай краіны, значным падзеям. У тым ліку ствараем карціны, у якіх ідзе расповед пра важныя рэчы, што дапамагаюць вырасці добрымі, мужнымі, смелымі, адказнымі асобамі, якія любяць сваю радзіму.
Думаецца, беларускія дзеці ўжо разумеюць, чаго ад іх чакае радзіма. Прынамсі, калі ў частцы пра сімвалы загучаў гімн, усе дружна ўзняліся з месцаў.
Ларыса ЦІМОШЫК