Top.Mail.Ru

Як утаймаваць мужчыну?

21.05.2026 | 19:52
Успомнім старадаўні вадэвіль-камедзь

На працягу сезона Беларускі музычны тэатр дэманструе вынікі творчага ўзаемадзеяння з расійскімі аўтарамі. Наш глядач ужо пабачыў два новыя мюзіклы сучасных расійскіх кампазітараў — «Рымскія канікулы» Андрэя Кротава і «Дзяўчаты» Ягора Шашына. А 30 красавіка адбылася прэм’ера не зусім фарматнага па сённяшніх мерках музычнага спектакля пад назвай «Утаймаванне мужчын» у жанры добрага старога вадэвіля. 

Яго аўтарамі з’яўляюцца кампазітар Уладзімір Баскін і драматург Сяргей Капылоў. Калі названыя мюзіклы прыйшлі на нашу сцэну пасля таго, як іх прэм’еры адбыліся ў расійскіх тэатрах, то гэты твор пастаўлены ўпершыню менавіта ў Беларускім музычным тэатры. Стваральнікі цесна супрацоўнічалі з нашымі пастаноўшчыкамі і прысутнічалі на прэм’еры спектакля.

Першы вопыт

Галоўны рэжысёр нашага тэатра Міхаіл Кавальчык, які ўзначаліў пастановачную групу, за свой доўгі творчы век паставіў мноства спектакляў і ў Беларусі, і ў Расіі літаральна ва ўсіх жанрах. А вось акцёры, занятыя 

ў гэтай пастаноўцы, з жанрам вадэвіля сутыкнуліся ўпершыню. Пераймаць вопыт ім не было ў каго, бо апошні раз класічны вадэвіль ставіўся на сцэне Тэатра музкамедыі яшчэ ў савецкі час. Гэта была самая вядомая камедыйная п’еса рускага драматурга Уладзіміра Салагуба «Бяда ад пяшчотнага сэрца» з музыкай Аляксандра Шарамецьева.

Трэба адзначыць, што з Уладзімірам Баскіным наш тэатр пачаў супрацоўнічаць яшчэ ў 2012 годзе, калі Сусанна Цырук (на той час галоўны рэжысёр) паставіла яго новы твор «Сапраўдная гісторыя паручніка Ржэўскага». Кампазітар назваў пастаноўку гусарскім вадэвілем, але па сутнасці гэта была сучасная музычная камедыя, якая ўяўляла сабой незласлівую пародыю на састарэлыя аперэтачна-вадэвільныя штампы.

А вось «Утаймаванне мужчын» заснавана на вядомым узоры рускага класічнага вадэвіля — п’есе Мікалая Хмяльніцкага «Акцёры паміж сабой, або Першы дэбют актрысы Траяпольскай», упершыню пастаўленай у Санкт-Пецярбургу ў 1821 годзе. Па сённяшніх мерках гэта невялікая просценькая п’еска, якой не хапіла б нават на аднаактовы спектакль. У ёй чатыры дзеючыя асобы: акцёр Траяпольскі і яго жонка, а таксама калегі Траяпольскага — акцёры Папоў і Шумскі. Спадарыня Траяпольская з задавальненнем рэпеціруе з мужам яго новыя ролі і пры гэтым сама марыць стаць актрысай. 

А Папоў і Шумскі вырашылі разыграць з ёю камедыю, каб паказаць яе бяздарнасць. Але ў выніку Траяпольская бліскуча разыграла іх абодвух.

Аўтар лібрэта п’есу Хмяльніцкага не перарабляў, але значна ўзбагаціў яе новымі яркімі эпізодамі, захаваўшы тых жа персанажаў і надаўшы ім больш абвостраныя характарныя рысы. 

У выніку, з улікам вялікай колькасці музычных нумароў, атрымаўся поўнамаштабны двухактовы спектакль.

Пачынаецца ён з ідылічнай карціны сямейнага жыцця Траяпольскіх, калі жонка ва ўсім падпарадкоўваецца мужу, які лічыць сябе гаспадаром становішча дома і лепшым акцёрам у тэатры. Траяпольская асцярожна спрабуе нагадаць яму аб сваёй мары і, чарговы раз не атрымаўшы падтрымкі, нібыта пагаджаецца, што ў яе ёсць толькі адзін талент — быць добрай жонкай і гаспадыняй. Але глядач адчувае, што Траяпольскі шчыры ў сваіх выказваннях, а яго жонка — наўрад ці...

Хто героі?

Ролю Траяпольскага выконвае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Антон Заянчкоўскі, які ў класічным рэпертуары звычайна выступае ў амплуа героя. Вольга Жалезкая, выканаўца ролі Траяпольскай, таксама звычайна ўвасабляе вобразы гераінь. Абое яны — выпускнікі акадэміі музыкі, валодаюць акадэмічным вакалам, які ў вадэвілі не прымяняецца. Гэтых персанажаў маглі б паспяхова ўвасобіць характарныя акцёры, але тады ў спектаклі не было б неабходнага балансу амплуа, бо вобразы Папова і Шумскага (камічная пара) — абавязкова характарныя. Інакш кажучы, рэжысёр не дапусціў аднастайнасці ў спосабах сцэнічнага існавання дзеючых асоб спектакля.

У адрозненне ад прыстойнага сем’яніна Траяпольскага яго сябры-акцёры вызначаліся незвычайнай шчадралюбнасцю. Але пры гэтым іх густы былі рэзка супрацьлеглымі: Шумскі захапляўся арыстакраткамі, а Папоў проста млеў ад дзяўчат-прастушак. І вось гэтых прайдзісветаў Траяпольскі запрасіў у сваё загараднае памесце, каб яны нарэшце пазнаёміліся з яго жонкай і пры дапамозе свайго акцёрскага майстэрства ўнушылі ёй, што сцэна не для яе.

Ведаючы ад мужа пра слабасці яго сяброў, Траяпольская належным чынам падрыхтавалася да сустрэчы з імі. З Шумскім яна «выпадкова» сустрэлася на лясной паляне паблізу памесця, прадставілася княгіняй і адразу зачаравала яго сваёй вытанчанай арыстакратычнасцю. А потым у вобразе маладой сялянкі зноў жа «выпадкова» сутыкнулася на лясной сцяжынцы з Паповым і адразу распаліла яго кроў сваімі «бясхітраснымі» абяцанкамі пазнаёміцца з ім бліжэй... Ролі ахвочых да нечаканых прыгод лавеласаў выканалі Міхаіл Калбянеў і Сяргей Спруць — выпускнікі акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «акцёр музычнага тэатра». Гэтыя артысты вылучаюцца сваёй універсальнасцю, у аднолькавай ступені валодаючы вакальнымі, харэаграфічнымі і акцёрскімі навыкамі, дзякуючы чаму становяцца асабліва выразнымі ў характарных ролях. 

Пяць розных характараў жанчыны

У п’есе Хмяльніцкага Траяпольская разыграла прафесійных акцёраў у двух апісаных вобразах, і гэтага было дастаткова, каб яны, збянтэжаныя і прысаромленыя, прызналі яе талент актрысы. Але Капылоў у лібрэта гэтым не абмежаваўся. Ён прадставіў гераіню вадэвіля яшчэ ў двух, прытым самых нечаканых ролях. На той жа лясной паляне яна паўстала перад уласным мужам у вобразе ваяўнічай амазонкі. 

І дзіва — той яе не пазнаў! Падумаў, што гэта цудоўная незнаёмка з суседняга памесця, дзе праходзіць касцюміраваны баль. 

І ён ужо гатоў выконваць любыя каманды ваяўнічай прыгажуні, ісці за ёй на край свету, а лепш — адразу кінуцца ў абдымкі!..

І апафеоз гэтай трыумфальнай камедыі — Траяпольская ў вобразе цыганкі Азы праводзіць сеанс варажбы на картах усім тром мужчынам, якія нарэшце сабраліся разам за сталом. Пры гэтым пра кожнага яна расказвае чыстую праўду! І калі інтрыга раскрываецца, то самым ашаломленым і бездапаможна-вінаватым выглядае, канешне, гатовы на здраду муж. У гэтай сцэне камізм становішчаў узбагачаецца яшчэ і камізмам характараў.

Усе мужчынскія персанажы ў спектаклі адназначныя, іх намеры і ўчынкі прадказальныя. 

А вось роля Траяпольскай складаная, у пэўным сэнсе састаўная — па сутнасці, Вольга Жалезкая выконвае пяць рознахарактарных роляў, дэманструючы здольнасці да пераўвасаблення. Пры гэтым у салісткі ўзнікаюць цяжкасці вакальнага плана: будучы ўладальніцай высокага голаса, ёй перыядычна даводзіцца спяваць у нізкім рэгістры (у вобразе цыганкі ці амазонкі).

Нюансы сцэнаграфіі і музыкі

У цэлым музыка гэтага твора лёгкая для ўспрымання і нескладаная для выканання. У адпаведнасці з песенна-куплетнай формай музычнага матэрыялу ў спектаклі заняты малы склад аркестра (аптымальны варыянт для вадэвіля). Пры гэтым дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч забяспечыў баланс паміж групамі інструментаў, іх ансамблевую стройнасць і празрыстасць гучання.

Сваю спецыфіку мае і работа балетмайстра-пастаноўшчыка Валерыі Варвашэні. У спектаклі заняты дзве пары артыстаў балета (для вадэвіля больш і не трэба), якія ніякіх балетных нумароў не выконваюць, а выступаюць у якасці своеасаблівай «групы падтрымкі» для салістаў, ствараючы патрэбны фон у той ці іншай сцэне і надаючы ёй дадатковай відовішчнасці. 

Над афармленнем спектакля працавалі мастак-сцэнограф Андрэй Меранкоў і мастак па касцюмах Ілья Падкапаеў. Дэкарацыі першапачаткова задумваліся лёгкімі для трансфармацыі і мабільнымі, бо гэтую пастаноўку лягчэй вывозіць на гастролі, чым іншыя. Кулісы і заднік аформлены ў выглядзе шматлікіх тэатральных афіш. А пасярод сцэны ўзвышаецца цікавая канструкцыя, якая нагадвае каробку-кабінет, абсталяваны падпакой у доме Траяпольскіх, дзе і пачынаецца дзеянне. Канструкцыя гэтая адкрываецца і закрываецца заслонай вельмі спецыфічнай формы — у выглядзе жаночай тэатральнай сукенкі французскай моды XVIII стагоддзя. Тонкі, сцягнуты карсетам ліф узвышаецца над канструкцыяй, а ніжняя частка з шырачэзнымі фіжмамі выкарыстоўваецца як заслона. Міжволі ўзнікаюць асацыяцыі з французскім тэатрам, дзе гэты жанр і нарадзіўся.

Зоя МАТУСЕВІЧ

Фота Сяргея ЧЫГІРА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю