Top.Mail.Ru

Як вядомая кінагісторыя «Каханне і галубы» можа выглядаць на тэатральнай сцэне?

Аўтар: Ларыса Цімошык
16.04.2025 | 07:00

У дзень прэм’еры ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры зала была запоўненая. Што, уласна, і чакалася: у афішы значылася пастаноўка «Каханне і галубы» паводле п’есы Уладзіміра Гуркіна. Цікавасць да спектакля выклікаецца адразу, зыходзячы з яго назвы, бо народ ведае яе дзякуючы фільму Уладзіміра Мяншова, які ў сярэдзіне 1980-х гадоў стаў адной з найбольш упадабаных савецкіх кінакарцін. Але аўтар ствараў усё ж п’есу для тэатра (яна спачатку была пастаўлена ў славутым «Современнике»). Здавалася, што фільм перакрые магчымыя далейшыя сцэнічныя пастаноўкі. Але, як бачым, не, і праз час п’есу таксама ставяць. І ёсць нават адмысловая інтрыга, скіраваная на тых, хто бачыў кінакарціну: а як гэтая гісторыя можа выглядаць на тэатральнай сцэне? Навошта трэба было браць яе да пастаноўкі? Паспрабуем знайсці адказы.




Простая размова

Калі задумацца, чым у свой час магла зачапіць п’еса Гуркіна, то адказ просты. Звычайная чалавечая гісторыя кантраставала з тэмамі, якія былі галоўныя ў мастацтве: што тэатра, што кіно. Тут няма мудрагелістасці ці пафасу, калі ўсё павінна быць выключна правільна, згодна з нормамі маралі. Але ж нават у савецкі час пры яго скіраванасці да «правільнасці» было разуменне, што людзі могуць быць неідэальнымі, праўда, з патэнцыялам да выпраўлення. Што мы і бачым у гэтай гісторыі. 

Тут просты, нават банальны сюжэт: муж едзе адпачываць на мора і забывае пра жонку і сям’ю, абдымаючы іншую жанчыну. Яна здаецца больш уважлівай і разумнай за вясковую кабету, якой трэба і на работу хадзіць, і гаспадарку глядзець, і пра траіх дзяцей клапаціцца. Таму Надзея са сваімі прыдзіркамі да Васіля (сямейныя грошы ён выдаткоўвае на тое, каб набыць новых галубоў) прайграе ў параўнанні з Раісай Захараўнай, якая на новага знаёмага накіроўвае ўсю сваю нерастрачаную пяшчоту. У выніку той вырашае не вяртацца дадому. А дома — трагедыя сусветнага маштабу. Надзея ледзь не памірае, а дзеці як могуць яе шкадуюць, абураныя ўчынкам здрадніка-бацькі, сын нават хапаецца за сякеру... І, як належыць, патрэбна было раскаянне — дык калі ласка, ён не проста вяртаецца, а літаральна прыпаўзае на каленях... 

Прынамсі, так гэта падаецца на сцэне маладзёжнага тэатра ў пастаноўцы расійскага рэжысёра Сяргея Фядотава. Кожны майстар мае свой погляд на твор, нават вельмі папулярны (а тым больш калі ёсць кіно, якое ў наш час можа паглядзець кожны, калі захоча). Мала таго, брацца за папулярны твор — гэта ў нейкім сэнсе творчы выклік: зрабіць па-свойму, уразіць інтэрпрэтацыяй, агаломшыць. Інакш навошта ха-
дзіць у тэатр?..

Зорныя імёны

Сяргей Фядотаў у гэтым сэнсе цікавы рэжысёр, бо кіруе аўтарскім тэатрам «Каля Моста», што ў расійскай Пермі. 

А тэатр зусім няпросты — містычны, вядомы інтэрпрэтацыямі класікі ў гэтым кірунку і адзначаны прэстыжнымі тэатральнымі прэміямі, нават «Залатой маскай». У Беларусі калектыў выступаў неаднойчы, а сам Сяргей Фядотаў робіць ужо трэцюю пастаноўку з нашымі тэатрамі. 

Але для рэжысёра гэтая пастаноўка аказалася нетыповая. Па-першае — камедыя палажэнняў. Пры тым, што сама гісторыя зусім не смешная, а калі разабрацца, то наогул драматычная. Але ў п’есе Гуркіна ёсць персанажы, якія дадаюць камедыйнай «разынкі»: дзядзька Міця, які любіць выпіць і ўмее схітрыць, і баба Шура. Ну і мова, на якой размаўляюць героі, — з яркімі выразамі і фразамі, што сталі ўжо крылатымі і ўспрымаюцца з гумарам. Не ў апошнюю чаргу і з-за таго, што ў памяці жывыя карцінкі, як гэта было на кінаэкране і якія знакамітыя артысты вымаўлялі такія фразы. А там жа і Аляксандр Міхайлаў (Васіль), і Ніна Дарошына ў ролі Надзеі, і «фатальная» жанчына (Раіса Захараўна) — Людміла Гурчанка. А яшчэ і Сяргей Юрскі з Наталляй Ценяковай. Усіх гэтых зорак цяжка не ўспамінаць, і немагчыма пазбегнуць параўнанняў, хочаш гэтага ці не.

Ды здаецца, у нейкім сэнсе гэта і працуе як прыцягненне ўвагі да спектакля: а хто ж з нашых артыстаў выканае гэтыя ролі, як яны справяцца? 


А вось гэта вельмі цікава. Таму што акцёрам ёсць што іграць: тут і сямейная «бытавуха» са звычайнымі клопатамі і дробнымі папрокамі, непаразуменнямі, і свайго роду злачынства (няхай і маральнага плана), і пакаранне з дараваннем (якое яшчэ трэба заслужыць). 

Акцёры і ролі

Тэатр, калі прыняў да пастаноўкі гэты спектакль, відаць, разлічваў на тое, што ў трупе ёсць з каго выбіраць.

У выніку — «Каханне і галубы» ў маладзёжным тэатры мае нават два саставы выканаўцаў. І сярод іх ёсць асобы, якія змаглі раскрыцца ў нечаканых вобразах альбо наогул толькі цяпер здолелі паказаць сябе, — за іх варта парадавацца. Напрыклад, было цікава пабачыць у ролі Надзеі актрысу Віялету Сарвіраву — у яе атрымалася простая жанчына, у нечым сарамлівая, размовы пра «любоффф» яе здзіўляюць. Сварлівай назваць яе цяжка (прынамсі, у выкананні Віялеты гэта больш падобна на жаноцкія крыўды), што толькі ўзмацняе адчуванне несправядлівасці ў дачыненні да яе. 

У нечым яна можа быць вельмі эмацыянальнай (нават экспрэсіўнай), у нечым — катэгарычнай. Але ў сцэнах пакут і «заломвання рук» адразу зразумела, што дараванне неўзабаве здарыцца. Васіль Дзяніса Майсейчыка — наогул бліжэй да тыпажу беларуса (хоць Гуркін пісаў пра сваіх землякоў-сібіракоў). Наш Васіль Кузякін — не надта гаваркі, даволі стрыманы, падобны на чалавека, які ідзе туды, куды яго цягнуць. За выключэннем сцэн, калі сам вырашае вярнуцца дадому. 

А падчас новага этапу заляцанняў да Надзеі ён ужо паводзіць сябе як сапраўдны мача, які ўсвядоміў, што яму трэба. У Наталлі Дуванавай (Раіса Захараўна) атрымалася даволі манерная жанчына з добрым «прыбабахам», наконт яе ў гледача ніякіх сумненняў не ўзнікае наогул (зусім не так, як у Гурчанкі). Магчыма, трэба было падкрэсліць яе «іншасць» — дзеля супрацьпастаўлення з Надзеяй. 

А вось пара дзядзькі Міці ў выкананні Аляксандра Шарова і бабы Шуры, у вобразе якой шмат хто (не)пазнае Наталлю Анішчанку, працуе менавіта на камедыйнасць і робіць гісторыю больш блізкай гледачам. 

Настальгічны настрой... Але які? Гэта асобная размова. 

Бо з часу выхаду фільма прайшло 40 гадоў, вырасла не адно пакаленне, якое глядзіць іншае кіно і далёкае ад таго, пра што распавядае стужка «Каханне і галубы». А моладзь сёння ў тэатр імкнуцца прыцягнуць і зачапіць нейкай «фішкай». У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры знайшлі, што можа быць такой «фішкай»: тут ёсць свой улюбёны жанр — камедыя. П’еса Гуркіна якраз «у тэму», тым больш з яркай мовай і трапнымі выразамі, якія жывуць самастойным жыццём. 


Вядома, не трэба было чакаць, што «іранічная камедыя» можа ператварыцца ў містычную гісторыю, ды Сяргей Фядотаў і не імкнуўся да гэтага ў дадзеным спектаклі. Ён стварыў традыцыйную, вельмі рэалістычную пастаноўку. Гэта разумееш адразу, калі адкрываецца заслона. Сцэнаграфічнае рашэнне Ільі Падкапаева трымаецца на падкрэсленай натуральнасці: фрагмент вясковай драўлянай хаты з дваром і галубятняй. А ў ёй — сапраўдныя галубы, якія махаюць крыламі і курлыкаюць, калі на іх скіраваны промень святла. Так, абсалютна жывыя галубы! 

Рэалізм на сцэне атрымаўся да таго ж з вяртаннем у пэўную эпоху, дух якой аднаўляюць як праз адзенне герояў (мастак па касцюмах Кацярына Герасіменка), так і праз музыку, што стварае пэўны гукавы партрэт часу (дзякуючы Міхаілу Кораневу). Напрыклад, хіт ВІА «Самоцветы» «Мой адрес — Советский Союз», ці рамантычная мелодыя, пад якую калісьці па тэлебачанні ішоў прагноз надвор’я... І частка гледачоў у зале расчулена ўсміхнулася. Адчувалася: мы недалёка адышлі, нягледзячы на тое што на дварэ ХХІ стагоддзе. А насамрэч кожны «завісае» ў тым часе, які дарагі яму як памяць, магчыма, пра найлепшыя гады жыцця, нават калі ў ім шмат чаго было неідэальным. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара і з сайта bgmteatr.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю