Top.Mail.Ru

Як вырасціць неабыякавае дзіця?

31.12.2024 | 09:22

Колькі трэба вынесці чалавеку болю, гора, непрыемнасцей, каб не ачарсцвець душой, не зрабіцца чалавеканенавіснікам, не азлобіцца на ўвесь свет? Хто вінаваты ў тым, што людзі вырастаюць абыякавымі да жыцця? Якія рычагі неабходна ўключыць, якія метады і спосабы дзеяння абраць, каб выратаваць нашых дзяцей з тых жыццёвых путаў, у якія яны часам трапляюць яшчэ ў раннім дзяцінстве?

На гэтыя пытанні дае адказ кніга Тамары Кавальчук «Добрае сэрца». Зборнік выйшаў напрыканцы жніўня ў Выдавецкім доме «Звязда». Трынаццаць апавяданняў, на першы погляд, не звязаны між сабою тэматычна. Але іх аб’ядноўвае ідэя выхавання ці нават уратавання дабрынёй.


Кожнае апавяданне — маленькі эпізод з жыцця дзяцей. Сюжэты захапляюць з першых радкоў. І простыя абставіны ці акалічнасці раптоўна абарочваюцца глыбокай праблемай і зусім нечаканым яе рашэннем. Так, у апавяданні «Сябры» Мікіта зацікавіўся пытаннем: як гэта птушкі могуць сядзець на электрычных правадах і ток іх не заб’е? Хлопчык падумваў пра тое, каб і самому паспрабаваць залезці на правады, пакуль не згледзеў, як падчас дажджу мокрыя птушачкі хаваюцца пад стрэхі дамоў і дрыжаць ад холаду і страху. Зразумеў, як яму пашанцавала нарадзіцца чалавекам, мець дом, сям’ю і вырашыў дапамагаць птушкам, а не аддавацца дарэмным мроям.

У апавяданні «Сірата» абураюць паводзіны цёткі Норы, якая ўзяла на выхаванне ў сваю сям’ю хлопчыка Толіка, сына сваёй загінулай сястры. 

З аднаго боку, добры ўчынак, а з іншага... Жанчына так ставілася да хлопчыка, што ворагу не пажадаеш. Вось і задумваешся: а ці могуць быць вінаватыя дзеці? Што яны імкнуцца сказаць сваімі кепскімі ўчынкамі? Чаму яны паводзяць сябе не так, як хочацца дарослым? Добра, калі старэйшае пакаленне разумее і прызнае свае памылкі своечасова.

У некаторых апавяданнях праглядаюцца абставіны цяжкага дзяцінства аўтара. Лізачка з твора «Пірожныя з пахам ваніліну» рэальна спісана з малой Тамарачкі, якая ў дзяцінстве цяжка захварэла, доўга не магла стаць на ножкі. І каб не новая выхавальніца, якая з’явілася ў санаторыі, дзе знаходзілася дзяўчынка, Лізачка так бы і засталася маўклівай, хворай і самотнай на ўсё жыццё. 

Усхвалявала і гісторыя дзяўчынкі ў апавяданні «Холад блакаднага Ленінграда». Як жа праўдзіва, псіхалагічна тонка перадае пісьменніца фізічны і душэўны стан маленькай жыхаркі ваеннага горада. Памерлі ад голаду і холаду мама, бабуля і сястрычка. У кватэры не засталося нічога, чым можна распаліць грубку і хоць крыху сагрэцца. Тады дзяўчо рашаецца на апошняе — здымае сваё худзенькае паліто і адпраўляе ў печ. Проста і так выразна, ясна, без шматлікіх слоў павучання даводзіць аўтар думку аб недапушчальнасці 
вайны і пакут. А сёння гэта надзвычай актуальная тэма.

Не менш цікавымі з’яўляюцца апавяданні «Саджанцы», «Крыўда», «Я з табой», «Навагодняе шчасце», «Свой хлопец», «Атрад Ваські Гусева», «Сталіна», «Не аддам», «Кашалёк». Яны садзейнічаюць пашырэнню кругагляду, выхаванню міласэрнасці, любові да чалавека і Радзімы, да ўсяго жывога на зямлі. Дарэчы, сюжэты ўсіх апавяданняў, за выключэннем «Холад блакаднага Ленінграда», маюць добры фінал. 

Як у казках. А хіба дзеці не павінны жыць у казцы, хіба не павінна ўсё заканчвацца добра?

Краявіды, на фоне якіх адбываюцца падзеі, уражваюць падабенствам з рэальнымі мясцінамі. Карціны прыроды часта з’яўляюцца псіхалагічным фонам, які ўзмацняе думкі, пачуцці, мары героя-дзіцяці. Калі казаць пра стыль і мову, то апавяданні напісаны прафесійна, па ўсіх законах празаічнага жанру для дзяцей і падлеткаў: лаканічна, яскрава, пераканаўча, лагічна. Хаця можна рэкамендаваць кнігу не толькі дзецям сярэдняга школьнага ўзросту, але і бацькам, выхавальнікам, настаўнікам, усім, хто працуе або збіраецца працаваць з дзецьмі і падлеткамі. Гэтая кніга многаму навучыць, шмат што падкажа.

Калі чытаеш кнігу апавяданняў Тамары Васільеўны Кавальчук «Добрае сэрца», на думку прыходзяць вядомыя сцвярджэнні і выразы, выказаныя ў свой час вялікімі і не надта педагогамі і пісьменнікамі. Ніколі не пагаджалася з Фёдарам Дастаеўскім наконт таго, што прыгажосць выратуе свет. Не, свет уратуецца толькі дабрынёй. Бо што з тае прыгажосці, калі сэрца чэрствае і пустое? Затое цалкам пагаджаюся з выразам: сэрца ацаляецца сэрцам. Калі яно добрае і зоркае. Кніга Тамары Кавальчук пра выхаванне дабрыні як панацэі для вырашэння многіх педагагічных і сямейных праблем у сучасным грамадстве. Яна не проста пра гэта гаворыць, яна гэта прапаведуе.

Людміла КЕБІЧ

Прэв’ю: з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю