Падарожжа з летуценніцай
Праз апісанне родных краявідаў, зварот да чалавечых каштоўнасцей і паглыбленне ў тонкі свет псіхалогіі казачная гісторыя Тамары Кавальчук «Квакуліна шчасце» выхоўвае ў дзяцей пачуццё адказнасці за свае рашэнні, вучыць узаемадапамозе і закранае важныя тэмы любові да радзімы і бліжняга. Галоўнай гераіні — маленькай жабцы Квакулі надакучылі балотныя пейзажы, і яна вырашыла паляцець разам з матылькамі на валошкавую палянку. Як ні ўгаворвалі яе бацькі застацца дома, Квакуля цвёрда стаяла на сваім. Аднак падарожжа, у якое ёй давялося адправіцца не па сваім жаданні, зусім не спадабалася маленькай летуценніцы. Для таго, каб зноў апынуцца ў абдымках бацькоў, жабцы прыйшлося прайсці праз шэраг выпрабаванняў. Відавочна, ёй пашчасціла знайсці на чужыне добрых сяброў, якія дапамаглі вярнуцца дадому, але ўсё магло скласціся па-іншаму...

Лёгкая казачная гісторыя арыентавана на дзяцей малодшага школьнага ўзросту і добра падыдзе для сямейнага і пазакласнага чытання, бо пытанні, якія ўздымае пісьменніца, патрабуюць агульнага абмеркавання. На прыкладзе маленькай жабкі чытач вучыцца любіць і берагчы традыцыі і каштоўнасці продкаў. А мяккія акварэльныя ілюстрацыі Вольгі Сямёнавай не адцягваюць увагу ад сюжэта, а дапаўняюць казачную прастору колерам і святлом.
Дэтэктыў па-беларуску
Цэнтрам падзей дэтэктыўна-гульнёвай гісторыі Таццяны Дземідовіч стаў родны горад пісьменніцы — Брэст. Твор «Пакуль ліхтаршчык спіць...» напісаны па матывах легенд і паданняў старажытнага горада. Звычайныя вядомыя кожнаму беларусу мястэчкі ўтойваюць самыя неверагодныя сакрэты. І Таццяна Дземідовіч прапануе іх разгадаць.
Нейкі ліхадзей выкраў у ліхтаршчыка чароўныя гузікі, з-за чаго ўвесь горад паглыбіўся ў цемру. Адшукаць усе магічныя талісманы і вярнуць Брэсту сонейка прыйшлося кемлівай дзяўчынцы Альцы і вартаўніку святла, абаронцу горада ад цемры — кажану Мопрыку. Разам з такой дзіўнай камандай юныя чытачы павандруюць па брэсцкіх вулачках і пазнаёмяцца з мясцовымі жыхарамі (сярод якіх — вогненны цмок, дзіўны лодачнік і агульнавядомы Маленькі прынц), раскрыюць шмат сакрэтаў і даведаюцца, чаму не існуе чужых двароў, як стаць знакамітым і не страціць сябе, а таксама шмат іншага.
Пісьменніца выкарыстоўвае цікавы фармат — спалучэнне літаратурнага апавядання з інтэрактыўнымі гульнямі. Пасля кожнай главы чытачу прапануецца выканаць заданне, што дапаможа героям у пошуках чароўных гузікаў-літарак, якія пасля трэба сабраць у адно заклінанне. Усё гэта неабходна рабіць хутка, пакуль ліхтаршчык спіць...

Кніга разлічана на малодшы школьны ўзрост. Простыя, але цікавыя персанажы адразу выклікаюць давер не толькі ў дзяцей, а і ў дарослых. Выданне падыходзіць для чытання ў вялікай кампаніі, бо разгадваць сакрэты цікавей разам з сябрамі. Упрыгожваюць кнігу і дапамагаюць у раскрыцці брэсцкіх таямніц яркія ілюстрацыі Дзіяны Бяцун. Яе характэрны стыль, вядомы па шматлікіх выданнях сучасных беларускіх аўтараў, прываблівае юных чытачоў, іх бацькоў і настаўнікаў.
Цяжкі працэс сталення
Аповесць «33 гісторыі Плаксільяны» расказвае пра цяжкі працэс сталення, які хоць і мае агульныя рысы для ўсіх, аднак у кожнага праходзіць па-свойму. Галоўная гераіня твора Ірыны Тулупавай прыцягвае ўвагу з першага радка — незвычайнае імя Плаксільяна, якое ёй далі бацькі, вызначыла характар дзяўчынкі. Разам з ёй маленькі чытач праходзіць складаныя жыццёвыя этапы, а дарослыя вяртаюцца ўспамінамі ва ўласнае дзяцінства. Кніга адрасавана дашкольнікам і дзецям малодшага школьнага ўзросту. Кароткія гісторыі добра ўспрымаюцца дзякуючы простай і эмацыянальнай мове. Мінімалістычныя ілюстрацыі Кацярыны Казлоўскай расстаўляюць візуальныя і тэматычныя акцэнты.

Аднак нягледзячы на простую і распаўсюджаную ў дзіцячай літаратуры мараль, твор змяшчае і супярэчлівыя думкі, да якіх бацькам і настаўнікам трэба быць уважлівей. Сама мянушка Плаксільяна ўжо кажа пра тое, што дзяўчынка шмат плача. Пісьменніца падае такія паводзіны як спосаб маніпуляцыі бацькамі і іншымі эмпатычнымі дарослымі. Аднак гэта ўжо дарослы погляд на эмоцыі, бо маленькая гераіня аповесці толькі пачынае даследаваць свет, і яе слёзы — абагульнены спосаб выказаць такія моцныя пачуцці, як расчараванне, крыўда і злосць. І забараняць дзецям плакаць — не лепшы сродак выхаваць іх моцнымі і ўстойлівымі да жыццёвых выпрабаванняў.
Такі прывабны віртуальны свет
Важную сацыяльную праблему ўзнімае Вольга Нікольская ў аповесці-казцы «Вяртанне фея па імені Свецік». Галоўны герой — зубны фей Свецік, ужо вядомы чытачам па папярэдніх кнігах пісьменніцы «Фей па імені Свецік» і «Свецік: падарожжа ў Сетцы», сустракаецца з новай праблемай — віртуальнай рэальнасцю і яе ўплывам на дзяцей і дарослых. Маленькі чараўнік, які ўсё жыццё марыць стаць звычайным хлопчыкам, не разумее, як можна прамяняць прыгожую рэальнасць на шэры камп’ютарны свет. Праз параўнанне гэтых двух паралельных варыянтаў існавання пісьменніца адлюстроўвае самую распаўсюджаную хваробу ХХІ стагоддзя — інтэрнэт-залежнасць, якая захапіла не толькі падатлівыя розумы дзяцей, але і душы сталых людзей. «Цяпер усё было так, як і тады. Але ўсё ж крыху інакш... Змянілася мода, і ўсе пачалі ярчэй апранацца.

Аднак самае галоўнае — не было бачна людскіх вачэй: амаль усе твары былі апушчаны ўніз, а вочы глядзелі ў экраны смартфонаў. На пляцоўцы дзяўчынкі замест таго каб гуляць, глядзелі кожная ў свой экран, седзячы на спыненых арэлях і каруселях... Маладыя закаханыя, хлопец і дзяўчына, сядзелі побач у абнімку, аднак глядзелі не ў вочы адно аднаму, а на экраны сваіх смартфонаў... Нават бабулькі на лаўцы не размаўлялі, як звычайна, пра надвор’е, унукаў і не абмяркоўвалі мінакоў, а глядзелі відэаролікі ў сваіх тэлефонах».
Дзякуючы добра прапісаным героям, характар кожнага з якіх транслюе індывідуальнасць, чытач пранікаецца даверам да сюжэтнай лініі твора і на эмацыянальным узроўні адчувае трансфармацыю персанажаў. Кніга арыентавана на дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, таму аўтар не абмяжоўваецца адной тэмай: тут можна ўбачыць і першае светлае каханне, і сяброўскую рэўнасць, і праблему складанага маральнага выбару, і экзістэнцыяльныя пытанні, якія патрабуюць уласнага аналізу. Кніга прапаноўвае задумацца пра штодзённыя звычкі, якія ў далейшым могуць стаць прычынай духоўнага падзення індывідума. Праз гіпербалізаваныя вобразы добрага фея Свеціка і злачынца Блэк-Смайла аўтар супрацьпастаўляе дзве крайнасці чалавечай маральнасці — святло і цемру, сумленне і спакусу...
Важна адзначыць, што пісьменніца не робіць інтэрнэт-залежнасць праблемай толькі маладога пакалення. Адказнасць за нарастанне ўплыву віртуальнага свету яна перакладае на дарослых, якія не змаглі даць рады выклікам жыцця і замянілі жорсткую рэальнасць прыгожай ілюзіяй. Аднак у кнізе няма распаўсюджанага дзялення свету на чорнае і белае, бо і інтэрнэт-прастора можа быць карыснай, калі выкарыстоўваць яе з розумам.
Яркая лірычная аповесць, упрыгожаная графічнымі эцюдамі Яніны Вашчэнка, стане добрым сябрам і для дзяцей, і для іх бацькоў. І, магчыма, прапануе новыя варыянты адпачынку, акрамя прывабнай, але эмацыянальна беднай віртуальнай рэальнасці.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА