Top.Mail.Ru

Яшчэ да прэм’еры на платформе TikTok у цізера гэтага фільма сумарна больш за 2,5 мільёна праглядаў і 250 тысяч лайкаў

Аўтар: Ірына Прымак
17.09.2025 | 13:00
«Класная» збірае класы

Цяпер ёсць нагода зноў згадаць гэтую стужку, бо праз некалькі дзён яна будзе паказана на ўсіх экранах краіны. Дык чаму варта пайсці на яе?

Аўтару гэтых радкоў пашчасціла паглядзець «Класную» на закрытым сеансе, куды былі запрошаны журналісты і акцёры, якія таксама глядзелі стужку ўпершыню. Спойлераў не будзе. І ўсё ж хочацца падзяліцца ўражаннямі. Атрымаўся душэўны фільм з сюжэтам, які падказала, здаецца, само жыццё, бо ён актуальны і захапляльны. У карціне добра перададзены пачуцці галоўнай гераіні маладой настаўніцы, якую размеркавалі не туды, куды яна хацела, паказаны цяжкасці, з якімі гераіня сутыкнулася ў школе. 

Плюс карціны — гэта беларускае кіно з удзелам сваіх артыстаў. Варта наогул адзначыць, наколькі добра ў гэтай карціне «выпісаны» вобразы педагогаў: дырэктар школы (Віктар Рыбчынскі) — мудры, таму ўмее знайсці важныя словы падтрымкі для класнай, завуч (Святлана Нікіфарава) — жыве турботамі школы, быць настаўніцай для яе — прызванне, гэта значыць адпавядаць пэўным патрабаванням, таму яна вельмі катэгарычная ў стаўленні да маладой класнай, настаўнік інфарматыкі (Аляксей Анісеня) — надзейны, добры, душа кампаніі, класная (Ірына Мароз) — адказная, мэтанакіраваная, выдатніца па жыцці... Прадуманыя таксама вобразы вучняў 11 класа, кожны з іх індывідуальнасць, мае свае плюсы і недахопы.

«Я вельмі рады, што маю дачыненне да гэтага фільма. І справа нават не ў тым, што да яго прыцягнута столькі ўвагі з боку двух міністэрстваў — адукацыі 

і культуры, бо гэта па сутнасці сацыяльна значны праект. Мне адразу спадабаўся сюжэт і мой персанаж. Вельмі хацелася стварыць на экране такога дырэктара, якога паважаюць і калегі, і дзеці. Спадзяюся, гэта ў мяне атрымалася, — распавядае Віктар Рыбчынскі. — Сам я вучыўся ў Наваполацку, дырэктарам маёй школы быў мужчына ў гадах, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну, у яго было раненне нагі. Яго ўсе паважалі. Я не спрабаваў пераняць рысы характару свайго дырэктара, але яны мяне натхнялі. Наогул, сцэнарый перапісваўся дванаццаць разоў, таму майго героя спачатку паказвалі іншым, але пасля ён аказаўся такім, якім павінен быць у гэтым фільме». 

Ірына Мароз прызналася, што пасля гэтай ролі стала яшчэ больш паважаць настаўнікаў: «Раней здавалася, што гэта не настолькі цяжкая праца. Аднак мне сапраўды давялося шукаць падыходы да дзяцей, супакойваць іх, каб мяне пачулі, каб знайсці ўзаемапаразуменне. Хоць гэта мая першая галоўная роля ў поўнаметражным фільме, я вельмі задаволена работай. Гэты фільм прысвечаны ўсім настаўнікам!» 

Рэжысёр карціны Кірыл Халецкі заўважыў, што, на яго думку, фільм атрымаўся лепшым, чым планавалася. На здымачнай пляцоўцы была цудоўная 

атмасфера. «Я дазваляю акцёрам выбіраць напрамак сваёй творчасці, каб яны прапаноўвалі сваё бачанне, і та-кім чынам персанажы атрымліваліся б рэальнымі. Некаторыя моманты мяне і аператара расчулілі да слёз, як, напрыклад, танец галоўнай гераіні і настаўніка інфарматыкі ці фінальныя словы завуча». 

«Усім маладым акцёрам было вельмі камфортна працаваць, бо рэжысёр нас чуў. Мы маглі прапаноўваць сваё бачанне героя, — згадвае Мілен Кланюк, які іграе вучня 11 класа. — У жыцці я не такі рамантычны і ўзнёслы, як мой персанаж, таму мне працавалася цікава. Дапамагло тое, што тры гады назад сам скончыў школу і добра памятаю той час. Ад здымак атрымліваў вялікае задавальненне. Канешне, не ўсё было проста... Вучыць тэкст, калі побач 200 чалавек масоўкі, — карысны вопыт для мяне. Задаволены вынікам, бо гэта сапраўды цікавы фільм».

У карціне ёсць моманты, калі хочацца панастальгіраваць па школьных гадах, усміхнуцца і нават пасумаваць. Таму можна з ўпэўненасцю сказаць: «Класная» — гісторыя пра нас і для нас. 

А колькі класаў захоча паглядзець гэтую стужку, будзе відаць пасля выхаду карціны на вялікія экраны краіны. Але ўжо ёсць прыемная статыстыка: на платформе TikTok у цізера «Класнай» сумарна больш за 2,5 мільёна праглядаў, 250 тысяч лайкаў. 

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю