У гонар 75-годдзя народнага артыста Беларусі Юрыя Траяна, з імем якога звязана цэлая эпоха ў гісторыі айчыннага балета, у Вялікім тэатры паказвалі балет «Анастасія» Вячаслава Кузняцова. Гэта працяг гісторыі культавага праекта «Жыццё ў прафесіі» —у мінулым сезоне яго ініцыяваў галоўны балетмайстар Ігар Колб.
На гэты раз героем праекта стаў Юрый Траян, харэограф, балетмайстар-пастаноўшчык цудоўнага спектакля пра Анастасію Слуцкую (2018). Ён, па словах знаўцаў, сфарміраваў аблічча нацыянальнай харэаграфічнай школы і вывеў яе на новы творчы ўзровень, ствараючы і балеты «Крылы памяці» Уладзіміра Кандрусевіча, «Трыстан і Ізольда» Рыхарда Вагнера, «Вітаўт» Вячаслава Кузняцова.
Больш за паўстагоддзя Юрый Траян служыў тэатру, прайшоў творчы шлях ад артыста балета да мастацкага кіраўніка балетнай трупы Вялікага. На працягу 20 гадоў (1968–1988) быў вядучым салістам балета, бліскуча станцаваў некалькі дзясяткаў разнапланавых партый. Першымі буйнымі працамі сталі партыі ў балетах Чайкоўскага: Прынц у «Шчаўкунку», Зігфрыд у «Лебя-дзіным возеры», Дэзірэ ў «Прыгажуні, якая спіць». Партыі ў спектаклях сусветнага класічнага балетнага рэпертуару прынеслі прэм’еру першы поспех, прызнанне, а пасля і званне заслужанага артыста Беларусі ў 21 год. Яго па гэты час называюць першым Адамам і першым Спартаком беларускай сцэны.
Рашэнне пакінуць тэатр Юрый Антонавіч прыняў у лютым 2022-га... І чым жа ён заняты сёння? Ці не сумуе па родным тэатры?.. Пра тое і не толькі гаварыў Юрый Траян прыхільнікам яго творчасці, вучням і журналістам у Камернай зале перад спектаклем, якія пасля сустрэчы паглыбяцца ў свет герояў «Анастасіі» (галоўныя партыі выконвалі народныя артысты Беларусі Ірына Яромкіна, Антон Краўчанка і заслужаны артыст Беларусі Юрый Кавалёў).
А спачатку імпрэза пачалася з выступлення маэстра Мікалая Калядкі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. Ён прадставіў сябра і калегу з нечаканага боку: «Перад вамі чалавек, таленавіты ва ўсім, ён многае можа рабіць. Дачу выдатную пабудаваў сваімі рукамі. Яшчэ гэты былы прэм’ер можа сабраць любы механізм, гуляць у більярд мяне навучыў —а гэта цэлае мастацтва. Ён і паэт,вершы піша. Скажу яшчэ, што гэты чалавек мае вытанчаны музычны густ. Мы з ім рабілі некалькі спектакляў: «Канёк-Гарбунок», «Трыстан і Ізольда» ды іншыя. Як ён бліскуча ўмее рабіць купюры, прыбіраць лішняе з партытуры — дзіву даюся.
Я ў захапленні! Брава, Юрый Антонавіч!... Шчыры спіч Людмілы Хітровай, прыма-балерыны, заслужанай артысткі Беларусі, быў напоўнены велізарнай удзячнасцю:
— Я лічу Юрыя Антонавіча сваім бацькам у творчасці, заўсёды пра гэта кажу, таму што ўсё, што маю цяпер, гэта дзякуючы яму. Ён паверыў у мяне, падтрымаў і накіраваў... Калі я выходзіла на сцэну, ведаючы, што Юрый Антонавіч у зале, то заўсёды адчувала воблака прыязнасці, цеплыні, скіраванае ў мой бок. Ён выдатны педагог
і вялікай дабрыні чалавек.
— Што дзіўна, — сказаў яе настаўнік, — мой дзень нараджэння і Людачкі Хітровай — гэта адна дата месяца: 6 кастрычніка.
На пытанне з залы пра родавыя карані юбіляра Юрый Антонавіч адказаў так:
— Бацькі маёй мамы з Хацежына, а бацькавы — з вёскі з назвай Весялоўка, непадалёк ад Мінска: гэта было маё любімае месца адпачынку. Бацька з ліку першых беларускіх дальнабойшчыкаў, ездзіў у Нямеччыну, Чэхію. А мама працавала 50 гадоў тут, у нашым тэатры, касцюмерам.
І, вядома ж, брала мяне з сабой на працу. Вось я і блукаў па тэатры ў кампаніі такіх жа «артыстычных» дзяцей. Мы ўсяляк перашкаджалі артыстам, рабочым, касцюмерам. А ў 1958-м мяне, васьмігадовага, выцягнулі на сцэну артыстам міманса. З таго часу я і займаюся гэтай прафесіяй...
Балет для мяне ўжо не таямніца. Гэта сур’ёзная прафесія, якая патрабуе намаганняў, нерваў, напружання, вялікай самааддачы і любові да мастацтва, у прыватнасці — да танца...
Мае беларускія карані вельмі глыбокія. Гэта я ўсвядоміў пазней, калі стаў кіраўніком творчага калектыву. Каля сотні разоў мы гастраліравалі за мяжой і прадстаўлялі краіну, наш народ. Для мяне гэта было вельмі адказна. І трэба бачыць цікавасць гледачоў, калі прыязджае калектыў такога высокага ўзроўню. Велізарны інтарэс да краіны! Нават бывала, што людзі, з якімі знаёміліся на гастролях, з’яўляліся ў тэатры. І сяброўства завязвалася. Нашы паездкі за мяжу назваў бы яшчэ сур’ёзнай місіяй — я да гэтага так і ставіўся. Карані мае далі вось такія ўсходы. Я глыбока ўсведамляю, што такое беларускі народ, беларуская вёска і нашы гарадскія жыхары таксама. Краінай і народам ганаруся.
З цікавасцю слухала зала і асабліва вучні з харэаграфічнага каледжа шчырыя разважанні свайго педагога наконт падзенняў на сцэне, якія здараюцца бадай што ва ўсіх артыстаў балета. Гэта была споведзь экс-прэм’ера пра зробленае ім адкрыццё: як важна не ацэньваць уласны танец танцуючы.
— Як было ў мяне? Ідзе спектакль. І так усё добра складваецца, публіка радуецца, кантакт з ёй наладжваеца. І думаеш: нядрэнна, нядрэнна... Бац, і я ўжосяджу на сцэне. Бывала так не раз. Момант, калі ўсведамляеш свой поспех, сваю творчую каштоўнасць, гэта ці не гардыня?... Узнясешся і цябе штосьці адразу зазямляе... Я і сваім вучням раю танцаваць на 90 працэнтаў сіл, а 10 пакідаць на самакантроль. Гэта і тэхніка бяспекі...
З вялікай павагай гаварыў Юрый Траян пра Ігара Колба, пра тое, што тэатр ідзе натуральным шляхам развіцця з улікам сучаснага тэмпарытму жыцця.
З гордасцю заўважыў, што амаль усе выпускнікі каледжа патрапілі сёлета ў Вялікі тэатр. А гэта, па яго словах, добрыя перспектывы. Прыгадваў з удзячнасцю і свае творчыя зносіны з аўтарам лібрэта «Анастасіі» Анатолем Дзялендзікам.
На пытанне з залы, чым сёння натхняецца Юрый Антонавіч па-за межамі тэатра, ці не сумуе без яго, ён жартам кінуў рэпліку: «Навошта сумаваць.
Я і сёння тут!» А потым дадаў, што з задавальненнем працягвае выкладаць у каледжы і хутка пачне ва Універсітэце культуры.
А вершы — піша. Для сябе. Напрыклад, пра тое, як па-сапраўднаму адчуў сям’ю, калі пайшоў з тэатра.
— Я нарэшце зразумеў, што ў мяне ёсць сям’я, ёсць унук, сур’ёзны хлопец, пазнаёміўся наноў з жонкай... І як я мог не бачыць гэтага раней... Цяпер жыву напоўненым жыццём, з пачуццём асалоды ад усяго, што ў ім адбываецца, нават у драматычных тэатрах бываю. І з сябрамі сустракаюся. А з мая — на дачы. Там побач лес. Прыгажосць!
Восень цяпер стаіць цудоўная.
А паветра — піць можна... Гэта ўсё разам і ёсць жыццё.
Валянціна ЖДАНОВІЧ