Пісьменнік Алесь Карлюкевіч даўно і плённа працуе ў галіне краязнаўства. Першая кніга «За Цітаўкаю — Слабада», прысвечаная яго малой радзіме, выйшла амаль трыццаць гадоў таму. У 1998 годзе пабачыла свет больш шырокае даследаванне — «Літаратурная карта Пухаўшчыны». У наступныя гады адна за адной з’яўляюцца новыя кнігі: «Ігуменскі блакнот», «Ад зямлі, якая нарадзіла ці натхняе», «Сцежкамі Ігуменшчыны», «Роднымі сцяжынкамі», «Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі» — усяго пятнаццаць поўнафарматных, глыбокіх і надзвычай цікавых выданняў, якія адкрывалі малавядомыя, а то і зусім невядомыя старонкі айчыннай гісторыі.
Важна адначыць, што Алесь Карлюкевіч не толькі сам паспяхова займаецца краязнаўствам, але і актыўна падтрымлівае сваіх калег, якія вырашылі прысвяціць свой час, свае творчыя здольнасці гэтай высакароднай справе. Сведчанне таму — кніга «Звяртаючыся да роднага», што выйшла нядаўна ў выдавецтве «Харвест». У ёй змешчана сорак пяць рэцэнзій, артыкулаў, краязнаўчых эсэ, што ў свой час публікаваліся ў сродках масавай інфармацыі і ў якіх, як пазначана ў анатацыі да кнігі, аўтар дзяліўся развагамі аб прачытаным, аб працах, звязаных з вывучэннем роднага краю.
Хто ж яны, гэтыя апантаныя, захопленыя даследчыкі айчыннай гісторыі? Аўтар падрабязна, з вялікай цеплынёй расказвае пра іх жыццёвы і творчы лёс, пра іх краязнаўчыя працы. Гэта — Аркадзь Падліпскі («Падарожжа па Віцебску: у прасторы і часе»), Рыгор Родчанка («Спадчына акадэміка слуцкага краязнаўства»), Ігар Пракаповіч («Краязнаўчы рух на Пастаўшчыне»), Вера Ляшук («Даследаванне творчасці Багрыма і Мележа»), Ліліяна Анцух («Звяртаючыся да родных каранёў») і яшчэ дзясяткі іншых аўтараў.
Краязнаўчай літаратуры ў апошнія дзесяцігоддзі, канстатуе А. Карлюкевіч, выдадзена даволі шмат. Што ж цікавіць, хвалюе энтузіястаў краязнаўчага даследавання? Аўтар кнігі дае вычарпальны адказ
і на гэтае пытанне: тэмы самыя розныя. Доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс зрабіў кнігу нарысаў пра сваю родную Астравеччыну. Цікава, змястоўна расказаў пра Капыльшчыну, Случчыну лаўрэат Дзяржаўнай прэміі пісьменнік Алесь Марціновіч. Да вывучэння розных паселішчаў спрычыніліся дырэктар Пухавіцкага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч, настаўніца Наталля Вайцяховіч, журналіст і кнігавыдавец Віктар Хурсік.
Безумоўна, у цэнтры ўвагі тэма Вялікай Айчыннай вайны. І адна з самых яе трагічных старонак — памяць пра спаленыя разам з іх жыхарамі беларускія вёскі: Дальва, Ала, Прыстань, Боркі...
На Пухавіччыне памятаюць лёс Беразянкі. Дакументальна вывераную, напоўненую архіўнымі і жывымі сведчаннямі біяграфію паселішча і яго трагічнага лёсу ўзнавілі нераўнадушныя даследчыкі гісторыі
Вялікай Айчыннай вайны: пісьменнік, падпалкоўнік запасу Аляксандр Плавінскі і палкоўнік запасу Андрэй Шавель. Кніга так і называецца «Беразянка».
Вераснёўскай раніцай 1943 года ў гэтай невялікай вёсцы здарылася жахлівая трагедыя. Нямецка-фашысцкія акупанты, дазнаўшыся, што яе жыхары актыўна дапамагаюць партызанам, акружылі вёску і ўсіх шэсцьдзясят жыхароў сагналі ў былую калгасную стайню і падпалілі яе. Тых, хто спрабаваў выбрацца з палаючага будынка, расстрэльвалі з кулямёта. Выратавацца ўдалося адзінкам...
Нельга не пагадзіцца з высноваю Алеся Карлюкевіча аб тым, што кніга «Беразянка» — сапраўдны падручнік патрыятычнага выхавання маладых людзей. На старонках выдання, напоўненага дакументамі, ілюстрацыямі, успамінамі, выразна прасочваецца лінія захавання нашчадкамі памяці пра генацыд нашага народа, пра боль і мужнасць продкаў.
Аналізуючы краязнаўчую літаратуру, Алесь Карлюкевіч у артыкуле «Нараджэнне новай краязнаўчай традыцыі» адзначае ўнікальную працу Міколы Півавара «Краязнаўчы атлас Віцебскага раёна». Яе ўнікальнасць заключаецца ў тым, што напісана шырокая біяграфія толькі аднаго раёна з разлікам на адлюстраванне яго турыстычнага патэнцыялу. Мікола Півавар сваёй працай паказаў, як трэба падрабязна, дэталёва, выразна тэматычна апісваць мясцовасць.
Як зацікаўлены даследчык нашай гісторыі Алесь Карлюкевіч не мог не заўважыць і кнігу Міхаіла Супруновіча «Новыя Навасёлкі» («Новае ў краязнаўчай публіцыстыцы»). Аўтар праз лёсы жыхароў расказаў гісторыю вёскі, якой няма яшчэ і стагоддзя. Спавядальнасць, шчырасць, адкрытасць яго суразмоўцаў, уменне публіцыста разгаварыць сваіх землякоў — усё гэта асабліва прываблівае ў кнізе Супруновіча. Алесь Карлюкевіч зазначае, што створаная кніга — добры ўзор краязнаўчай публіцыстыкі, своеасаблівы напамін многім гараджанам, якія выйшлі з вёскі, пра іх абавязак зрабіць нешта вартае для захавання малой радзімы.
Вельмі змястоўны, насычаны цікавымі фактамі раздзел «Літаратурнае краязнаўства». Тут змешчаны рэцэнзія на кнігу Вячаслава Рагойшы «Дзесяць саг пра Караткевіча», публіцыстычны артыкул пра маладзечанскага бібліяфіла Міхаіла Казлоўскага, водгук на зборнік «Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны», эсэ «Віцебскае адкрыццё „Старога Хатабыча“», «Барыс Сачанка: кніга з аўтографам», «Максім Лужанін: „...далёкаму земляку“» і іншыя матэрыялы, з якімі з вялікай цікавасцю пазнаёмяцца чытачы.
Рэцэнзіі, артыкулы, эсэ, якія складаюць кнігу Алеся Карлюкевіча «Звяртаючыся да роднага», хаця і публікаваліся ў розны час, не страцілі сваёй актуальнасці. Больш за тое, сабраныя разам, яны даюць шырокую, выразную панараму краязнаўчай работы ў рэспубліцы, з’яўляюцца ў пэўнай ступені карысным дапаможнікам для тых, хто хоча займацца гэтай справай, арыентуе іх у дзейснай арганізацыі даследчых пошукаў, карпатлівага аналізу знойдзеных матэрыялаў.
Разам з тым аўтар кнігі выказвае слушную прапанову: пашырэнне ў рэспубліцы краязнаўства патрабуе вяртання да адукацыйных, выхаваўчых крокаў, да стварэння сістэмы пранікнення ў методыку гэтай працы, а значыць, патрабуе падрыхтоўкі і выдання адпаведнай метадычнай, дапаможнай літаратуры.
Займаючыся даследаваннем малавядомых старонак айчыннай гісторыі, актыўна падтрымліваючы і шырока прапагандуючы краязнаўчую працу, Алесь Карлюкевіч робіць важную дзяржаўную справу — актывізуе ў рэспубліцы радзімазнаўства як адзін з галоўных сродкаў патрыятычнага, маральна-ідэйнага выхавання нашых людзей, і ў першую чаргу моладзі.
Зіновій ПРЫГОДЗІЧ