Вечныя падарожнікі і вандроўнікі славяне на пачатку VIII стагоддзя нарэшце аселі на сучасных беларускіх тэрыторыях, выцесніўшы адсюль балтаў. Тым заставалася пайсці з абжытых мясцін або навучыцца мірна існаваць з новымі суседзямі.
Пісьменнік зрабіў спробу зазірнуць у свет паганскіх плямён і мастацкімі сродкамі дапамагчы чытачу адчуць, як тады жылі людзі, чым займаліся, як ставіліся адзін да аднаго. Арганічна ўпісаны ў сюжэт рамана прыродныя з’явы, сутычкі і барацьба дзікіх жывёл, апісанне іх паводзін у яшчэ неабжытай прыродзе, працоўныя будні і каларытныя святы славян. Перад чытачом ва ўсёй велічы паўстаюць магутныя туры і зубры, мядзведзі-бадзягі, драпежныя рысі, непалоханыя яшчэ алені і іншыя жывёлы, на якіх былі багатыя лясныя гушчары, дзе рэдка ступала нага чалавека.
«Медведь вертелся волчком, время от времени нанося серьезные удары, от которых серые отлетали далеко в сторону, замерев навечно. Но в это время сзади в него вцеплялись несколько волков. От медведя только клочья летели... Медведь стал ослабевать, но схватки не прекращал, хотя рёв его становился всё слабее...»
Такія цікавыя апісанні дзікай прыроды і яе насельнікаў — разынка ўсяго рамана. Аўтар не шкадуе эпітэтаў і параўнанняў, іншых мастацкіх сродкаў, каб перадаць веліч і прыгажосць дзікай прыроды. Не менш яскравымі атрымаліся ў яго апісанні народных паданняў і старадаўніх звычак нашых продкаў: пра лесуна, пра цёмныя і светлыя сілы, прарочыя сны Весяліны і яе прадказанні...
Прывабнасцю, памяркоўнасцю надзяліў пісьменнік аднаго з галоўных герояў кнігі — вешчуна Анта. Яго вылучаюць разважлівасць і мудрасць, думак, ён прымае важныя рашэнні не спяшаючыся, з роздумам... Жыць роду-племені ў адным агульным доме ці кожнай сям’і будаваць асобнае жытло? «Что скажут боги? Дадут ли здесь поселиться?» Ант верыў у багоў, але калі быў упэўнены ў неабходнасці якіх-небудь вельмі важных крокаў, умеў падладзіцца пад абставіны. Так, ён быў упэўнены ў тым, што прыйшоў час яго племені закончыць вандроўкі і асесці на адным месцы.
Падрабязна і цікава пісьменнік апісвае старадаўні звычай выбіраць месца для будаўніцтва дома: «...Волхв внимательно производит осмотр площадки: нет ли на этом месте дороги, которая может увести из дома мир и счастье. Нужно определить, нет ли следов былого жилища, а если есть, то не подвергалось ли оно огню. Коль беда случилась, то может повториться еще раз...» Цэлы раздзел прысвяціў пісьменнік гэтай тэме.
Ёсць у рамане нават ведзьма, якую завуць Гаўдэмунда (у племені балтаў). Але яна ў кнізе — станоўчая гераіня. Менавіта ёй разам з вешчуном Антам даводзіцца наводзіць масты сяброўства паміж двума плямёнамі. Гаўдэмунда дапамагла закаханым Лелю і Лайме быць разам, нягледзячы на абставіны, стварыць сям’ю... Старая жанчына прадбачыла, што менавіта гэтыя маладыя людзі змогуць дапамагчы ўсталяваць мір на іх зямлі.
Магчыма, у гэтым рамане крыху не хапае гістарызму і больш канкрэтнай геаграфічнай прывязкі да нашых мясцін: назваў азёр, рэк, можа, нават населеных пунктаў. Акрамя Брагіна. Дзякуючы яму мы разумеем, што падзеі рамана разгортваюцца дзесьці на тэрыторыі Гомельскай вобласці...
А што ж бронзавая птушка? Якая яе роля ў гэтым рамане? Бронзавая птушка — сімвал улады — павінна быць схавана ў надзейным месцы, каб не выклікаць у людзях агрэсіі, не сеяць варожасць і не распачынаць войны. Людзі павінны ўмець прыходзіць да згоды і разам змагацца з бедамі. Толькі мірнае суіснаванне можа зрабіць нас шчаслівымі!
Нэлі МЕЛЬНІЧЭНКА