Але ж творчая апантанасць уласціва кожнаму паэту. Для калег і сяброў Уладзімір Руль паўстае, акрамя ўсяго іншага, загадкавай фігурай. Гэтым містычным арэолам паэт, як відаць, час ад часу абменьваецца са сваім лірычным героем-рамантыкам. Тыповы для паэзіі Уладзіміра Руля лірычны сюжэт — запрашэнне да дыялогу, да абмену ўспрыманнем рэчаіснасці:
Чытач, адкажы мне, чаму
Знікае ва ўсім беззаганнасць;
Мы ўжо не ўспрымаем зіму
Як звыкла, як Белую Панну!
Такіх пытанняў сустракаецца ў яго творчасці вялікае мноства. Часта ў канцы па сутнасці пытальных сказаў ставіцца клічнік, што падкрэслівае як важнасць прыцягнення ўвагі да пастаўленага пытання, так і яго рытарычны, эмацыянальны характар. Чытаючы вершы У. Руля, уключаешся ў працэс пошуку ісціны, гармоніі і пачынаеш разумець: гэтым разам адмаўчацца не атрымаецца. Прыкладамі такой пытальнай формы лірычнага выказвання могуць быць нават назвы вершаў: «У чым, растлумачце, тут справа?», «Што, зноў цёплы выдасца снежань?», «Ці скончыцца калісьці мой палон?», «Ці па сілах нам гэткі настрой?», «Што варожыць мне верасень?». Калі многія лірыкі імкнуцца да адзіноты, да размовы з уласным «Я», такая стабільнасць у настроі на гутарку, на пошук суразмоўцы паказвае Уладзіміра Руля паэтам-трыбунам. Яму для максімальнай рэалізацыі абавязкова неабходны дыялог:
Чытач, ты мне мусіш паверыць:
Героі мае ў свой час
Штодня працавалі з даверам,
З павагай, з любоўю да нас.
І сапраўды, увагі заслугоўваюць не толькі самі героі твораў паэта. Невыпадковай, адметнай у сацыяльным плане бачыцца іх суадноснасць у часе. Адны глядзяць на нас з вечнасці, іншыя жывуць па суседстве з літаратарам. Здаецца, што ў створанай аўтарам галерэі вобразаў гістарычныя постаці становяцца праекцыяй на вобразы сучаснікаў і тым самым атрымліваюць ад паэта магчымасць магічнага перараджэння:
Выплочвай даніну не модзе,
А праўдзе жыцця — і патрохі
Прыдбаеш павагу ў народзе,
Як майстар устанеш на ногі.
«Журналісту-пачаткоўцу»
Запавет паэта нашай творчай моладзі грунтуецца на ўласным багажы перажытых жыццёвых уражанняў, памножаным на пакліканне класікаў, вернасць якому Уладзімір Валяр’янавіч высока нясе праз усё сваё жыццё. Ідэалы патрыятызму, матывы пераемнасці пакаленняў, працягу і развіцця традыцый натхняюць Уладзіміра Руля ў межах паэтычнай творчасці на стварэнне мастацкага эпасу роднага краю. Прыкладам з’яўляецца ліра-эпічная паэма «Развітанне Марылі з Адамам». У цэнтры сюжэта — поўнае шчырых, глыбокіх пачуццяў трагічнае каханне настаўніка, паэта-рэвалюцыянера Адама Міцкевіча і прыгажуні-шляхцянкі Марылі Верашчакі. Ліра-эпічны цыкл «Сем нябёсаў Хафеца-Хаіма» распавядае пра асобу легендарнага земляка Уладзіміра Валяр’янавіча, асветніка, духоўнага лідара яўрэйства, барацьбіта за правы іўдзееў Ісраэля Меера Пупко. Паэзія публіцыстычная, заснаваная на гістарычнай факталогіі, а галоўнае — прасякнутая пачуццём павагі і любові да блізкага, прэтэндуе на статус універсальнага звышмастацтва — эфектыўнага сродку грамадскай кансалідацыі. Менавіта таму па суседстве з рамантычнай лірыкай у паэтычным свеце У. Руля прысутнічае грамадзянская паэзія.
А вось як Уладзімір Валяр’янавіч нібыта дае свой адказ вобразу Сафіі ў філасофіі свайго цёзкі, прадстаўніка Сярэбранага веку Уладзіміра Салаўёва:
З непадробленым замілаваннем
Я ў вашыя твары гляджу —
На іконы чыіхсьці абранніц,
Заўважаючы ясна мяжу,
Праз якую не могуць спрадвеку
Перайсці аніколі ані
Ухваленне разбою і здзеку,
I брыды расцуглянай хлусні...
«Прысвячэнне
тутэйшым жанчынам»
Сінтэз гістарычных і фальклорных матываў, сучасная інтэрпрэтацыя мудрасці народнай, гаючая энергетыка беларускага слова, эстэтызацыя, паэтызацыя штодзённасці робяць змест лірыкі Уладзіміра Руля сугучным зместу жыцця нашых людзей: сялян, прадстаўнікоў інтэлігенцыі, сумленных працаўнікоў, як у люстэрку паказваючы іх найлепшыя якасці і духоўны патэнцыял.
Паэтам з мястэчка Нача шчодра распрацаваны жанр лірычнага прысвячэння. Слова творцы заклікае сучасніка-земляка перад крокам наперад азірнуцца ў мінулае, каб убачыць там сябе. Вось яны — беларускі першадрукар Скарына, паэты Цётка і Адам Міцкевіч, Якуб Колас і Янка Купала, слынны рабін Хафец-Хаім, археолаг-асветнік Тэадор Нарбут — прадстаўнікі нашага шматнацыянальнага, шматканфесійнага народа, ва ўсе часы сэрцамі скіраванага да міру і стваральнай працы. Геаграфія аўтарскай лірыкі ўражвае: Воранава, Нача, Радунь, Шаўры, Ліда, Вільня, Парыж, Вена, Рым, Мінск, Гродна, Масква, Санкт-Пецярбург... Уражвае і сведчыць пра шырокі кругагляд паэта, маштабнасць апісаных ім падзей, шматгранную змястоўнасць прадстаўленых чытачу людскіх лёсаў і жыццёвых шляхоў.
Аўтарская пазіцыя Уладзіміра Руля мае адну, як мне здаецца, вельмі важную якасць — іронію (самаіронію):
Не трэба ўглядацца скупавата
У персанальны тонкі кашалёк;
Пасадзім апетыт на дзень за краты,
Харчкрамай палюбуемся здалёк.
Паэт разважае пра даволі сур’ёзныя рэчы, застаючыся сур’ёзным толькі збольшага, і таму робіцца блізкім і зразумелым самай шырокай чытацкай аўдыторыі. Мова гэтай паэзіі — камертон пазітыву. Уменне ставіцца да сябе без пафасу і нават наадварот, з усмешкай, ва ўсе часы спрыяла прадукцыйнаму дыялогу і ўсталяванню ўзаемаразумення паміж самымі рознымі людзьмі, пакаленнямі, эпохамі:
Спазнаць радзінных слоў
адметны лад
Дапамагла ў маленстве мне матуля;
Я ж іх узводжу на такі пасад,
З якога б іх усе вакол пачулі.
Такім чынам, перад намі — некаторыя прыадкрытыя грані сучаснага этапу творчасці паэта з Воранаўскага краю Уладзіміра Руля. Дзякуючы выкарыстаным аўтарам асноўным канцэптам — вобразам Радзімы, жанчыны, творцы, роднай мовы, а таксама матывам услаўлення мінулага, пошукам ісціны і гармоніі існавання ў свеце людзей, тэме пабудовы шчаслівай будучыні — дадзены адрэзак творчага шляху паэта змясціў у сабе аўтарскія выказванні ў сферах інтымнай, філасофскай, грамадзянскай лірыкі. Назаву яшчэ адну ўласцівую паэту якасць, без якой немагчыма максімальна поўнае спасціжэнне яго слова. Гэта далікатнасць. Нават у загалоўку аднаго з вершаў — «Дазвольце выказацца» — мы бачым не сфармуляваную гатоўнасць да дзеяння з адкрытым забралам, а ўсяго толькі просьбу пачаць дыялог альбо да яго далучыцца. Вось такі ён — тонкі па натуры і ў той жа час вельмі прынцыповы, глыбокі чалавек — паэт Уладзімір Руль. Вось такая яна — высокая і іранічная, займальная і шматзначная яго творчасць. Чым адкажа, як адгукнецца на яе чытач, удзельнік гэтага дыялогу? Спадзяюся, павагай да аўтара, увагай да яго ідэй, вобразаў і матываў.
Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК