Top.Mail.Ru

Запісы з дзённіка памяці

17.11.2025 | 18:27
Да дня нараджэння Яна Скрыгана

У лістападзе 2025 года адзначаецца 120-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка, крытыка Яна Скрыгана (16 лістапада 1905 г. — 18 верасня 1992 г.), які з’явіўся на свет у вёсцы Труханавічы Слуцкага павета (цяпер — Капыльскі раён Мінскай вобласці). Пачатковую адукацыю хлопец атрымаў у мясцовай парафіяльна-прыходскай школе, потым вучыўся ў Слуцкім духоўным вучылішчы, у школах першай і другой ступені, у рэальным вучылішчы, гімназіі, нарэшце — у Слуцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, які пакінуў, калі захапіўся мастацкай творчасцю. І гэта зразумела, бо ў 1920-я гады фарміравалася нацыянальная літаратура, моладзь апантана чытала кнігі Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі і іншых старэйшых пісьменнікаў.

Ян Скрыган стаў сябрам слуцкай філіі аб’яднання «Маладняк». Зацікаўленасць літаратурай спрыяла атрыманню адпаведнай адукацыі: ён скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ. Пісьменнік дэбютаваў вершамі ў 1925 годзе ў газеце «Вясковы будаўнік», яго творы друкаваліся ў зборніку «Слуцкія песняры» (1926), газеце «Чырвоная Полаччына», часопісах «Маладняк», «Чырвоны сейбіт» і іншых. Творчасць Я. Скрыгана заклала асновы беларускага літаратурнага нарыса, які стаў дамінуючым жанрам у яго кнігах. Яшчэ ў ранніх зборніках «Затока ў бурах» (1929, дапрацоўваўся ў 1956) і «Шугае сонца» (1930) малады аўтар праявіў сябе як выдатны майстар нарыса.

Лёс Івана Аляксеевіча быў складаны, няпросты, пакручасты: у 1936 годзе беспадстаўна арыштаваны, асуджаны і высланы ў Сібір (Кемераўскую вобласць); у 1946 годзе вызвалены, але пазбаўлены грамадзянскіх правоў на пяцігадовы тэрмін, таму перабраўся ў Эстонію, каб знаходзіцца бліжэй да роднай Беларусі, дзе яму было забаронена жыць; у 1949 годзе зноў арыштаваны і высланы ў Сібір у Сухабузімскі раён; пасля рэабілітацыі ў 1954 годзе вярнуўся на радзіму і актыўна ўключыўся ў грамадскую і літаратурную дзейнасць. Працаваў рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, рэдактарам аддзела прозы і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», адказным сакратаром камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Прымаў самы актыўны ўдзел у стварэнні дванаццацітомнай БелСЭ, за якую атрымаў Дзяржаўную прэмію ў 1976 годзе. Ян Скрыган — заслужаны работнік культуры Беларусі з 1985 года, узнагароджаны медалямі, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Тувінскай АССР. У аповесці «Кругі» ён пісаў: «Цяпер я гляджу на сваю дарогу як на далёкі сон. Мая біяграфія здаецца мне вельмі доўгаю, і я дзіўлюся, як многа ў ёй месціцца. Я зазнаў і трагізм, і роспач, зведаў цану радасці і надзей: быў на грані таго горкага адчування, калі чалавек астаецца без радзімы — не мае на яе права, і зразумеў, якое гэта вялікае і дарагое пачуццё — бацькаўшчына».

Укладальніцай кніг Яна Скрыгана пасля яго смерці стала дачка Галіна Іванаўна, якая да кожнага юбілею бацькі рыхтавала падарунак — новае выданне. 

У кнізе «Сэрцу горкая далячынь» (2013), што выклікала вялікі рэзананс, упершыню публікаваліся дзённікі Я. Скрыгана (за 1974–1992 гады). Не менш цікавыя ўспаміны пісьменніка «Добра, што я іх ведаў» (2014). Пра людзей, з якімі аўтару пашчасціла сустрэцца ў розныя перыяды жыцця. З душэўнай цеплынёй ён згадвае сваіх сяброў: Платона Галавача, Уладзіміра Хадыку, Васіля Каваля, Рыгора Мурашку, Юлія Таўбіна, Сымона Баранавых, Барыса Мікуліча. Выходзілі кнігі «Ян Скрыган ва ўспамінах» (2010), а таксама «Фоталетапіс з хатняга архіва Яна Скрыгана» (2020), у які ўвайшло некалькі соцень фатаграфій, што захоўвае сям’я. Падчас святкавання 115-годдзя з дня нараджэння пісьменніка 12 лістапада 2020 года Галіна Скрыган прэзентавала «Фоталетапіс з хатняга архіва Яна Скрыгана» ў Нацыянальнай бібліятэцы на юбілейным мерапрыемстве «Кругі лёсу Яна Скрыгана» ў рамках рэспубліканскага праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця». Дарэчы, частка архіва пісьменніка была перададзена ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. 

У 2020 годзе я ўпершыню трапіла ў госці да Галіны Іванаўны, дзе захоўваюцца рэчы, якія нагадваюць пра любімага бацьку: у асобным кутку ў прыгожых рамачках стаяць яго фотаздымкі і асабістыя рэчы; у тым ліку — знакамітыя кіёчкі Яна Скрыгана, якія ён выразаў сам, аздабляючы спецыяльнымі скуранымі завязкамі, каб зручна было хадзіць. Цікавыя расповеды пра пісьменніка з вуснаў дачкі робяць яго зразумелым і такім звычайным. Так, ён хадзіў заўсёды з кіёчкам: гэта была даніна модзе, у Івана Аляксеевіча не было праблем з апорна-рухальным апаратам. Таму было смешна, калі ў транспарце яму вызвалялі месца, бачачы кульбу ў яго руцэ.

Памяць пра кожнага вядомага мастака слова павінна захоўвацца на яго малой радзіме, у доме, дзё ён нарадзіўся ці жыў доўгі час. Па ўсёй Беларусізнаходзім месцы сілы нашых беларускіх пісьменнікаў. Аднак Труханавічы, дзе нарадзіўся Ян Скрыган, — цяпер зусім маленькая вёсачка, дом Скрыганаў там не захаваўся. У аг. Камень, які суседнічае з роднай вёскай пісьменніка, у Каменскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад — сярэдняя школа створана экспазіцыя Яна Скрыгана ў рамках гісторыка-краязнаўчага музея «Бацькаўшчына». Яна адкрылася па ініцыятыве Галіны Скрыган 11 лістапада 2011 года напярэдадні дня нараджэння пісьменніка, увесь час актыўна папаўняецца новымі дакументамі, фотаздымкамі, асабістымі рэчамі літаратара. Тут можна пабачыць рабочы стол, шахматы, самаробныя кіёчкі, настольную лямпу, гадзіннік, пішучую машынку, медалі, граматы і ўзнагароды, атрыманыя за адданую літаратурную і навуковую працу, фатаграфіі. Цікавасць выклікае макет хаты, дзе нарадзіўся Я. Скрыган, ён займае адно з цэнтральных месцаў памяшкання. Такая колькасць арыгінальных музейных рэчаў падкрэслівае прэстыж установы, якая не саступае вядучым гарадскім музеям краіны. 

У горадзе Ківіылі ў Эстоніі, дзе Ян Скрыган працаваў галоўным бухгалтарам на сланцахімічным камбінаце (жнівень 1948 — лістапад 1949), у 1990-я гады быў усталяваны мемарыяльны камень з памятнай плітой, на якой размешчаны яго скульптурны партрэт работы Валяр’яна Янушкевіча. 18 лістапада 2023 года адбылося адкрыццё памятнага каменя ў родных мясцінах Яна Скрыгана — каля вёскі Гарадзішча Слуцкага раёна — з удзелам Галіны Скрыган, родных пісьменніка са Слуцка, Маладзечна, Брэста, Ніжняга Ноўгарада, а таксама знаёмых і прыхільнікаў творчасці. Мемарыяльны знак знаходзіцца каля былога фальварка Хваявіца Слуцкага раёна, дзе яго бацька Аляксей купіў зямлю і куды перавёз сваю сям’ю. Цудоўныя словы Я. Скрыгана, выбітыя на камені, сталі выдатным сведчаннем яго клопату пра захаванне нацыянальнай мовы і культуры: «Вялікую чарадзейную сілу мае слова. Сапраўды, варта быць пісьменнікам, каб любіць яго і адчуваць». 

У прадмове да кнігі «Сердца далекая горечь» Г. Скрыган пісала: «Працуючы над упарадкаваннем бацькавых запісаў, я перш за ўсё бачу сваю місію ў тым, каб пакінуць гэты каштоўны летапіс у чытальным выглядзе, „натарыяльна“ завераным для нашчадкаў, для будучых даследчыкаў-лінгвістаў, філолагаў, літаратуразнаўцаў». У Літаратурным музеі Петруся Броўкі да юбілею пісьменніка плануецца мерапрыемства, дзе адбудзецца і прэзентацыя новай кнігі Я. Скрыгана. 

Таццяна ЛАЎРЫК

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю