«І неўпрыкмет пачынаеш падладжваць жыццё пад тое дзівацтва». Вікторыя Сінюк шукае жаночае шчасце, уздымае пытанні жыццёвых прыярытэтаў. «Восень адыходзіць удалячынь», на мой погляд, выдатна адлюстроўвае эвалюцыю стасункаў дарослых людзей, шлях ад летуценнасці да рацыянальнага выбару, пэўнага прыжывання, прымання агульных каштоўнасцей і... да кахання. «Прынцып гіля», мяркую, — пра захаванне веры ў лакальныя, асабістыя «народныя прыкметы», якія пэўным чынам дапамагаюць трымаць сувязь з дзяцінствам, родным месцам, зямнымі цудамі: «Збылося! Супадзенне, шанцаванне, удача? А можа, прынцып, якому захоўваюць вернасць усе на свеце мары?..»
«І хваста не адчувае, і вусы не варушацца». Галіна Пярун закранае ў казцы для дарослых «Навагоднія прыгоды бадзяжнага ката Васіля» вострую ва ўсе часы маральную праблему вернасці ў адносінах, у тым ліку і ў шлюбе. І дзеля ўсталявання справядлівасці карае героя апавядання мужа-здрадніка Сан Саныча — ператварае яго (няхай толькі ў яго трызненні) у жывёлу.
«Мне стала страшна ад абсурднасці сітуацыі». Кліпавыя абразкі Аляксея Забалоцкага «Невяртанне» недзе на мяжы крыміналу і містыкі. На сцэну выводзіцца тэма смерці, якую немагчыма абмінуць у чалавечым існаванні — шматкроць рамантызаваная, прыўзнятая і, наадварот, натуралістычная і зямная. У маладога пісьменніка ёсць смерць чужая — усведамленне гора іншага, а яшчэ пагроза смерці — нешта аддаленае: «Нават калі здараўся землятрус альбо цунамі (не ў яго краіне), Барыс толькі паціскаў плячыма: „Бывае...“» Удала перадаецца эфект саспенсу — стану трывожнага чакання і нявызначанасці. На мой погляд, выдатна паказаны псіхалагічны аспект успрымання адзначанага вышэй чужога гора, таго, якое далёка і не хвалюе цябе, пакуль не тычыцца непасрэдна.
«Значыць, у бараку жылі палонныя, якіх ліфтам апускалі ў лабараторыю на доследы». Прыгодніцкае апавяданне Віктара Варанца надзвычай дынамічнае і насычанае. Назва «Лецішча» дакладна нічога не гаворыць пра змест тэксту, хіба падзагаловак можа намякаць на нешта падазронае. Муж і жонка ў тэксце — проста парачка з блокбастара, толькі ў прасторы сучаснай Гродзенскай вобласці. І гэта той рэдкі выпадак, калі сапраўды трэба вытрымліваць ўзроставы цэнз чытачоў. Пачынаецца ўсё з жадання Насты набыць лецішча дзеля «свежага паветра, здаровай агародніны з градак, спакойнага рытму жыцця», аднак потым высвятляецца, што абраны і выкуплены хутар не такі просты... На кожнай старонцы — новыя і новыя нечаканыя павароты ў сюжэце, якія дзеля захавання інтрыгі не буду раскрываць.
«...Я вярнуўся Готшалкам, з гэтым імем і буду кіраваць роднай зямлёй». Вяртанне Годслава-Готшалка на родную зямлю, усведамленне вялікіх людскіх страт, навіна пра смерць каханай, сустрэча з сынам Будзівоем і развіццё наступных падзей чакаюць чытача ў працягу і завяршэнні гістарычнага рамана Зінаіды Дудзюк «Кошт волі» (папярэднія главы апублікаваны ў «Маладосці» №№ 9, 10, 11).
Неяк я ненаўмысна ўмоўна падзяліла паэтаў «Маладосці» на «маладых» і «сталых». Гэта ўсё адносна, зразумела, маімі «маладымі» прыблізна будуць людзі ад 1980 года нараджэння і пазней. У іх творах я бачу позірк у сябе, спробу раскрыцца перад светам, дзе з’явы рэчаіснасці — інструменты самаспасціжэння. У «дарослай» творчасці адчуваецца, што паэт робіцца своеасаблівай лінзай, праз якую чытач глядзіць на свет, праз якую ў пэўным святле чытаюцца паняцці і канкрэтныя, і абстрактныя.
Чарада верлібраў Андрэя Кімбара «Пад небам без поўні» працягвае нітку аўтарскай самарэфлексіі. Трымаючыся за яе, рэцыпіент пражывае праблемы аўтара, напрыклад, страх скажэння ідэі твора, абясцэньванне мастацкага радка, каштоўнасці творчасці, патрэбнасць яе.
«Для ўхвальных падабаек ўсім сябрам...». Байка «Сэлфі» Таццяны Дзеніскавец высмейвае прыярытэты сучаснага чалавека, у якога свет віртуальны дамінуе над рэальным. Хочацца ўхваліць вытрыманасць канона і гумар.
Нізка Казіміра Камейшы «Жар» саткана з вобразаў малой радзімы паэта. Адзін з ключавых аб’ектаў, адлюстраваных у творах, — рака Сула, якая з’явілася ў пяці вершах аж чатыры разы. Сула бачыцца цэнтрам сусвету аўтара, чымсьці вечным і бясконцым:
І ты, мая, з маёю думкай побач,
Бяжыш, мінаеш дзень мой і мяне,
Мінеш пасля і вечар мой, і поўнач,
І берагі жыцця майго мінеш.
«Сула»
Як і ў наступнага аўтара, Змітрака Марозава, у Казіміра Камейшы дэкларуюцца заканамернасці суіснавання вялікага і маленькага ў свеце:
Лілося святло праз двары і паляны,
Цякло берагамі самотнай Сулы.
І я зразумеў, дзе яно ўсё схавана:
Вялікае ўсё спачывае ў малым.
«Веліч»
«Лысагорскае» прымушае задумацца пра значнасць працы: і надзённай, фізічнай, і творчай, ды заклікае звярнуцца да загадкавай постаці Францішка Ведзьмака Лысагорскага:
Рыдлёўка і плуг не заменяць пяра,
Злысела даўно ўжо дарэшты гара.
І тое, што скуб неўтаймоўны Пегас,
На сечку скасіў пераборлівы Час.
Напэўна, ні ў кога раней я не сустракала такой своеасаблівай оды ядлоўцу. Аўтар, здаецца, параўноўвае гэтую сціплую невысокую, з лекавымі ўласцівасцямі, але наравістую расліну з чалавечым характарам: «Пакратай рукой ці шчакою: // Які аксамітны — ого! // Ні вочы, ні рукі не коле, // Калі ты не ломіш яго» .
Замыкае падборку верш-прысвячэнне (да «А. К.») «Малітва», у якім захавана любоў да чалавека і шчырасць веры ў Бога:
Трэба, многа так трэба.
Моляць рукі твае.
Хоць і моліш у неба,
А зямля ўсё дае.
Вершы Змітрака Марозава, сабраныя пад агульным загалоўкам «Я брыду ў невядомасць адзін...», кантрастна адштурхоўваюць ад зямлі праз выяўленне маштабных вобразаў, потым вяртаюць да маленькага, але не меней каштоўнага — жыцця кволай істоты:
Іду суровым Шляхам Млечным,
Дзе праўду прагне зжыць мана.
А трэба жыць па-чалавечы...
Жыццё адно і смерць адна.
«***Жыву і радуюся сонцу»
Ляжыць сінічка на асфальце,—
Не даляцела да гнязда...
Куды ж вы, людзі, пачакайце.
У нас — сусветная бяда!
Падранка з долу падымаю.
Кладу на росную траву,
Няхай сінічка акрыяе —
І я таксама аджыву!
«Сінічка»
Гэтыя два прыклады сумяшчаюць у сабе і ўстойлівае дэклараванне маральнасці, напрыклад, голас чалавека ў выразе «А трэба жыць па-чалавечы», і ў той жа час адлюстраванне маленькіх спраў, уважлівага стаўлення да жывых істот (якія характарызуюць не горш за гучныя словы).
Змітрок Марозаў карыстаецца сваёй і чужой эпіграфікай, згадвае імёны іншых пісьменнікаў, надаючы паэзіі пэўны дыдактызм, адначасова ўшаноўваючы памяць тых, каго называе, — Максіма Багдановіча, Аляксея Пысіна, Мікалая Забалоцкага, Яўгеніі Янішчыц.
Мяркую, многім з тых, хто нарадзіўся ў вёсцы, будзе сугучная наступная думка паэта:
Мне ў горадзе цесна,
А ў вёсцы самотна.
Між імі вандрую,
Як птах пералётны.
«***Мне ў горадзе цесна...»
Бачацца ключавымі апазіцыі «душа — цела», «зямля — неба», «жыццё —смерць», яны выяўляюць у пэўнай ступені веру паэта, пэўныя адвечныя, сэнсадайныя пытанні:
І не твая, душа, віна —
Надзеі, мары не збыліся,
Зрачэшся цела і адна
Ты адляціш да зорных высяў.
«Душа і цела»
«...Не належаў да трыбунных паэтаў, не адрозніваўся асаблівай гаварлівасцю, але ўмеў слухаць». Постаці паэта і перакладчыка Івана Бурсава прысвяціла тэкст «Знаёмы незнаёмец» Тамара Аўсяннікава. Матэрыял будзе карысны ўсім, хто цікавіцца паэзіяй і шукае імёны пашыральнікаў беларускай літаратуры ў свеце.
«Спектакль — для ўсіх. І таму, напэўна, так мала каму падыходзіць». Ясенія Аляксеева звяртаецца да агляду ўвасаблення вядомага сцэнарыя Аляксея Дударава ў сценах Новага драматычнага тэатра ў матэрыяле «Смерць савецкай камедыі, ці Чаму пара пакінуць у спакоі „Белыя росы“» (прымяркоўвалася яно да 40-годдзя з дня выхаду фільма і 100-годдзя беларускага кінематографа). У тэксце прыводзіцца шэраг прыкмет, згодна з якімі адзначаная пастаноўка выглядае састарэлай. Калі вы раптам любіце «Белыя росы», прапаноўваю зірнуць на іх праз прызму ўзнаўлення.
На вялікі жаль, мне пакуль што не выпала магчымасць яго пабачыць, таму ні пагаджацца, ні спрачацца са спадарыняй Аляксеевай не выпадае. Аднак хачу закінуць правакацыйна вуду, бо яшчэ дакладна ў лютым-сакавіку ёсць паказы: «Кажуць, спектакль не спрабаваў канкурыраваць з кінастужкай. А нават калі б і спрабаваў — не атрымалася б».
«І вось сяджу я такая занятая, дзелавая, прыгожая і бедная, клацаю пальчыкамі па клавіятуры і думаю, што трэба было марыць пра якіх-небудзь іншых гераінь». Прайшло ўжо крыху часу ад трыццатага «Лістапада», і ў галоўнай аглядальніцы экранных і тэатральных навінак Ксеніі Зарэцкай саспеў для шырокай публікі «Сінефільскі дзённік». Можаце чакаць ад гэтага тэксту поўнага паглыблення ў фестывальныя будні і ўрачыстасці, бо аўтарка мела непасрэднае дачыненне да арганізацыі конкурсу «Кіно маладых». Тут будзе пра кіно, пра сустрэчы з зоркамі, пераадоленне моўных бар’ераў і безліч інсайдарскіх нюансаў — усё з гумарам. Мне не сорамна сказаць Ксеніі, што люблю яе матэрыялы за кампетэнтнасць, шчырасць і непасрэднасць.
«...Ксёндз Мацарскі, які склаў дакумент, на жаль, дапусціў у ім значную памылку». Невядомыя раней факты з гісторыі касцёла ў мястэчку Паланечка выкладае даследчык Міхал Несцяровіч праз публікацыю на сучаснай беларускай мове архіўнага дакумента «Пратэстацыя ксяндза Ваўжынца Мацарскага на навагрудскага кашталяна Яна Рудоміну з-за захопу маёмасці, прыналежнай Палонскаму касцёлу» 1643 г. з каментарыем.
«Прысвячаю маiм дарагiм i незабыўным дзядулю ды бабулi». Тры настальгічныя мініяцюры-разважанні Дзмітрыя Аўчыннікава «Пра дзяцінства», «Пра кнігі», «Пра каханне» складаюць эсэ «Шчасце на адзнаку».
Кацярына ЦІМАНОВІЧ