За апошнія гады, сам на тое не зважаючы, адышоў ад няпісанага правіла: «Не мяркуй пра кнігу па вокладцы». Прычына простая: нярэдка афармленне кніг вытрымана ў пазнавальным прывабным дызайне, які, тым не менш, мае свае адметнасці з улікам асаблівасцей назвы і зместу твораў. Інакш кажучы, калі табе палюбілася тая ці іншая серыя, тое ці іншае выдавецтва, — адразу знойдеш патрэбны томік, нават па краёчку вокладкі.
Гэткімі, лёгка пазнавальнымі і любімымі, сталі для мяне кнігі, што пабачылі свет у выдавецкім доме «Звязда». Віктар Шніп, Таццяна Яцук, Алесь Бадак, Рагнед Малахоўскі — паэтычныя зборнікі гэтых рупліўцаў літаратурнай нівы ніколі не пакрыюцца пылам ні на маёй, ні на іншых паліцах. З нядаўняе пары побач з імі з’явіўся зборнік вершаў на рускай мове — «Волчья трава» за аўтарствам Ірыны Карэнінай. Дарэчы, назва стала вырашальным фактарам пры набыцці. У глыбіні душы я спадзяваўся на тое, што на паэтычных сцежках, усцяж якіх «вырасла» такая незвычайная расліна, мяне чакаюць шматлікія цікавосткі, а як пашчасціць — дый з фальклорнымі павевамі.
Не прагадаў! У захапляльным падарожжы, у якое я шчыра раю адправіцца і вам, мне давалося ці то пражыць шмат жыццяў, ці то стаць сведкам аднаго — аўтарскага.
Па цікавым супадзенні, некаторыя вершы чытаў у доўгай паездцы з Гомеля ў Гродна: рытм, рыфма, мерны стук колаў цягніка — замова, малітва, калыханка? Як бы там ні было, я чытаў радок за радком, лавіў кожнае слова класічных і «вольных» вершаў, нібы пры асабістай сустрэчы з цікавай суразмоўцай.
Майстэрства пісьменніцы пацвярджае багатая і сакавітая літаратурная мова, насычаная параўнаннямі, эпітэтамі, метафарамі, адушаўленнямі і, вядома, шматлікімі зваротамі да бліжніх і ўсяго наваколля: знаёмых і мінакоў, братоў і сястрычак з жывёльнага і расліннага царстваў, стыхій і прыродных з’яў. Аб шыраце кругагляду аўтара сведчаць шматлікія спасылкі і алюзіі на вядомыя творы мастацтва, міфы, легенды, казкі, а таксама выкарыстанне ўстойлівых выразаў — у тым ліку якія бытуюць у замежных мовах.
Уражвае таксама паэтэса смеласцю і шчырасцю: не кожны творца ў наш час здольны цалкам агаліць сваю душу перад чытачом, не саромячыся паказаць усе тыя шнары, што пакінулі на ёй асабістыя абставіны ды горкі, бы палын, досвед. Аднак спадарыня Ірына з гонарам праходзіць праз усе выпрабаванні, пра якія распавядае, збіраючы букеты са слоў ды звіваючы вянкі з трапных вобразаў.
Не хвалюйцеся, не толькі воўчай травой багатая гэтая кніга: горыч раней узгаданага палыну зменіць смак спелых яблыкаў і салодкі водар медуніц; шэрасць будзённасці расквецяць залаты, пунсовы, бірузовы, сандалавы і зялёны колеры; гронкі вашых слёз уцягне маленькі вожык Лаўрэнцій; стрыманы стогн згіне пасля ўдыху на поўныя грудзі. Тлумныя вуліцы і апусцелыя пакоі, родныя вочы і рэха забытых галасоў, пах каханага чалавека і колер яго валасоў, дотык рук і бяскрыўдныя звычкі, радасці і горасці — слова за словам, крок за крокам, драбнічка за драбнічкай перад вамі паўстане свет аўтара: такі падобны да вашага і такі адрозны ад яго.
Буду шчырым і я: усё-ткі не рыхтуйцеся да чытання як да лёгкай сяброўскай сустрэчы за кубкам зёлкавай гарбаты. У сваіх творах — пранікнёных развагах і зваротах да сябе, да нас, да ўсяго свету — паэтэса раз за разам узнімае балючую і актуальную тэму: вайны і міру... Гэтая частка сцежак для нашай краіны, на жаль, была зведаная ўдоль і ўпоперак: паўсюдна гром ад выбухаў, залевы з куль, маланкі страт, туман расстанняў і... нязгасная вера ў тое, што чалавецтва павінна прыйсці да ўзаемапаразумення.
Будзе мець рацыю той, хто заўважыць: для любой веры патрэбны трывалы падмурак — і з гучных слоў, і з канкрэтных дзеянняў. Што можа зрабіць для гэтага адзін чалавек? Прайсці сцягой, дзе воўчая трава, адчыніць для ўсіх дзверы сваёй хаты-душы, запаліць на кухні сонейка-лямпачку — і ствараць новыя вершы, каб нагадаць нам пра жыццё, у якім...
О любви поют поэты,
Больше пули весит слово,
И на свете том и этом
Все вы живы и здоровы.
Андрэй ДАРОЖКІН