Бярэш у рукі новую кнігу Міколы Чарняўскага і разумееш, што, пасутнасці, перагортваеш чарговыя старонкі сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры. У 1963-м юны 20-годовы паэт дэбютаваў са зборнікам «Дзе канчаецца лета», а далей год за годам ён упісваў у літаратуру свае новыя старонкі: як заўсёды адметныя, па-свойму арыгінальныя, тэматычна разнастайныя.
Новая — «Хто — Жартайка, хто — Жартай» — жыццё якой даў Выдавецкі дом «Звязда», з шэрагу такіх. Назву ёй даў верш, у якім абыгрываюцца рака — прыток Бярэзіны і возера, што знаходзіцца ў Хойніцкім раёне:
Хто — Жартайка,
Хто — Жартай,
Сам пра гэта ў іх спытай.
Не адкажуць —
Не бядуй,
Сам з сабою пажартуй.
Ці ў сяброў
Перапытай:
Хто — Жартайка,
Хто — Жартай?
Першы раздзел «Хто жыве на галаве, альбо Загадкавыя словы беларускай мовы» адкрывае сакрэт, як зразумець іх: «<...> трэба ўдумліва чытаць, // За словам слова ўзважыць. // Як іх усё-ткі разгадаць, // Дзе трэба, рыфмы падабраць, // Вам самі ж і падкажуць». Ды яшчэ, як падказвае верш «Ці рака, ці рака», добрую мову трэба ведаць:
Крочыць з вудай Васілёк
Вулічнай сцяжынай.
Дружбакі крычаць здалёк:
— Што злавіў, скажы нам?
Разгубіўся —
Стогне небарака,
Бо не знае, як сказаць:
Ці рака, ці рака?
Верш «Хто — Жартайка, хто — Жартай?» змешчаны ў раздзеле «Колькі ног у міног, альбо Прымаўлянкі-забаўлянкі».
Гэта не проста чарговы паэтычны зборнік Міколы Чарняўскага, а менавіта кніга, якая паказвае дзеткам прывабнасць беларускай мовы: «Зззяць,
гуляць з табой гатовы // Словы нашай роднай мовы. // Толькі ты не адмаўляйся — // І любі, і захапляйся, // Бо яна адна такая, // Як і сэрца, трапяткая, // Мова родная, жывая». Творы паэта, нібы слоўцы-дарынкі, якія падносяцца тым, хто хоча лепш ведаць мову. Шмат пра якія рэчы гаворыцца так, што гэта адразу выклікае цікавасць. Асабліва, калі адказу ў творы няма: трэба падумаць-паразважаць, каб атрымаць яго. Напрыклад, у вершы «Лекар Дзюбанос»:
Лазіць лекар па сасне:
— Каго стукну —
Той засне.
Сам пачатак верша ўжо інтрыгуе, а далей яшчэ больш загадкавасці ў аповедзе пра гэтага лекара Дзюбаноса: «Дзюба моцная ў яго — // Спяць усе да аднаго: // Караедам у бары // Побач з ім — // Не да кары. // Плачма плач — // Не ўбачыць слёз. // Хто ён, // Лекар Дзюбанос?» . Адказу няма, але яго знойдзе той, хто даведаецца пра гэтага Дзюбаноса ад іншых чытачоў ці з кніг аб прыродзе. І ў гэтым раздзеле, і ў іншых ёсць таксама вершы з ярка выражаным гумарыстычным зместам. «Выдра-грамацейка» — адзін з такіх твораў:
Пахадзіла выдра ў школку,
Пачала чытаць «Вясёлку» —
І знайшла памылку ў ёй.
Аж не верыцца самой:
— Хто ён,
Гэткі грамацей,
Так у зман
Увёў дзяцей?
Тут напісана «Вядро».
Пэўна ж,
Правільна — «Выдро»?
Цікавы раздзел «Села Мурка на падмурку, альбо Азбука для панурых — у скорагаворках і каламбурах». Здаецца, нічога падобнага ў беларускай дзіцячай літаратуры не было. Займальна, пазнавальна, павучальна...
Да месца пададзены і тлумачэнні да слоў. «Касы» (разм.) — заяц, а каса — вузкая палоска лесу ўскрай поля, кассё — ручка касы. Побач — малюнак зайца-няўмекі. Ілюстрацыі Кірыла Задворнага добра ўспрымаюцца.
Завяршае кнігу раздзел «Несла пошту чарапаха...»
Перагортваючы апошнюю старонку, згадваю дэбютную кнігу Міколы Мікалаевіча. Як бачым, творчае лета яго не спынілася: піша так, што маладым аўтарам не лішне павучыцца. «Хто — Жартайка, хто Жартай» — годнае папаўненне новай серыі «Нацыянальная літаратурная прэмія», якая сёлета пачала выходзіць у трох выдавецтвах (Выдавецкі дом «Звязда», «Мастацкая літаратура», «Беларусь»). Свае ўражанні аб кнізе Міколы Чарняўскага хачу завяршыць назвай артыкула Маргарыты Яфімавай, у якім яна дзялілася ўражаннямі ад яго творчасці ў часопісе «Пачатковая школа» (2008, № 1): «Прыгожа, займальна, мудра...». Тады яму было 65 гадоў. Цяпер... Не трэба ў каляндар глядзець — лепш кнігі чытаць і чакаць новых.
Алесь МАРЦІНОВІЧ