Пісьменніца апісвае немудрагелістыя жыццёвыя гісторыі, якія змяшчаюць у сабе сур’ёзную маральную аснову. Тамара Кавальчук не ідэалізуе свет, у якім растуць дзеці і дзе блізкія сваякі часам аказваюцца чэрствымі, няўважлівымі людзьмі, школьныя таварышы — жорсткімі і зайздроснымі. Дзеці не заўсёды гатовы да такога стаўлення да сябе. Плюс аўтара ў тым, што ён не займаецца маралізатарствам, а ненадакучліва падводзіць чытача да таго, што адчайвацца ніколі не трэба, бо знойдуцца і тыя, хто іх зразумее, падтрымае, хоць, можа быць, і не адразу і не заўсёды дэманстратыўна. Кожнае дзіця штодня стаіць перад выбарам, як паступіць, не маючы жыццёвага вопыту, якім багатыя дарослыя. Тамара Кавальчук такім вопытам ахвотна дзеліцца.
Прачытаўшы апавяданні, юны чытач будзе ведаць, як правільна паводзіць сябе ў жыццёвых абставінах, і зразумець, што любыя яго дзеянні і словы могуць уплываць на лёс іншых. Хіба думаў Пецька ў аповедзе «Саджанцы», што яго жаданне пагуляць у футбол, дзеля чаго ён вырваў дрэвы, пасаджаныя дзедам Макарам, засмуціць яго сяброў і прывядзе да сардэчнага прыступу «Мічурына», як называлі Макара аднавяскоўцы.
Апісваючы нядобры ўчынак хлопчыка, аўтар паказвае высакароднасць яго сяброў. Яны не адвярнуліся ад Пецькі, а сумеснымі намаганнямі пастараліся выправіць тое, што здарылася.
«— Даць бы табе па карку па-сяброўску, каб ты думаў, перш чым тварыць кепскае. Толькі кім мы пасля гэтага будзем? Добра, навучым цябе па-іншаму розуму, аднакласнічак, — прамовіў Ягор, абдымаючы яго».
Кожны чалавек можа памыляцца, галоўнае — гэта зразумець і пастарацца дараваць, дапамагчы таму, хто паступіў няправільна.
Гераіня аповеду «Кашалёк» Санька таксама не думала, што знойдзены ёю кашалёк можа засмуціць яго ўладальніка — паставіць у цяжкае матэрыяльнае становішча. Яна ўспрыняла гэтую знаходку як падарунак да яе дня нараджэння. І нават калі выявілася, што яго страціла пажылая суседка Ганна Іванаўна, Санька вырашыла змаўчаць, што знайшла кашалёк. Себялюбства, упэўненасць у тым, што ёй грошы патрэбныя больш, не дазволілі адразу прызнацца, а пасля дзяўчынцы перашкаджаў зрабіць гэта сорам. І толькі падобная гісторыя, якая здарылася з яе мамай, прывяла Саньку да разумення, што яе ўчынак няправільны.
«„Як жа цяпер жыць? Дзе ўзяць грошай? А ў мяне столькі выплат“, — не супакойвалася жанчына. Вусны яе дрыжалі, рукі трэсліся.
Дзяўчынка бачыла перажыванні мамы, і ёй стала вельмі сорамна за свае паводзіны, за тое, што схавала ад усіх сваю знаходку. Яна і ўявіць сабе не магла, што людзі могуць так моцна перажываць праз страту».
Аказалася, што, у адрозненне ад такой Санькі, ёсць і іншыя людзі — чулыя да чужой бяды. Жанчына Наталля Сяргееўна і яе сын Сярожа знайшлі кашалёк, страчаны Сашынай мамай, і вярнулі яго ёй.
Узрушаная іх учынкам, Санька ва ўсім прызналася, папрасіла прабачэння, вярнула сталай суседцы грошы і паабяцала ніколі больш так не рабіць. А калі б гэтага не адбылося, як бы дзяўчынка расла далей? Схлусіўшы аднойчы, яна сябе апраўдала б і, магчыма, адносілася б да сваіх учынкаў гэтак жа нядобра і далей.
На жаль, у жыцці здараецца, што зло часам перамагае, але яму ўсё роўна можна і трэба супраціўляцца. У аповедзе «Крыўда» аднакласніцы, убачыўшы, што Леначка есць пірожнае — а яна была дзяўчынкай са шматдзетнай сям’і, — палічылі, што тая ў кагосьці скрала грошы. А на самай справе ёй даў іх бацька. Палічыўшы яе зладзейкай, Леначку жорстка збілі. Ад атрыманых пабояў дзяўчынка праляжала ў бальніцы месяц, але пра тое, што яе збілі сяброўкі, нікому не расказала. І яна не хацела падводзіць бацьку, таму што ён даў менавіта ёй грошы, а ў іх сям’і былі яшчэ іншыя дзеці.
Перанёсшы боль і прыніжэнне, Леначка дала сабе слова стаць самай лепшай і ніколі ні на каго не крыўдзіцца. Яна вырашыла, што час расставіць усё на свае месцы і кожны адкажа за свае ўчынкі. І такой дзяўчынцы, безумоўна, верыш.
Прыцягвае ў кнізе і тое, што аўтар знаёміць чытачоў з персанажамі з простага народа — са звычайнымі хлопцамі і дзяўчатамі, не распешчанымі грашыма і ўвагай навакольных. У іх няма навамодных ноўтбукаў і тэлефонаў, прыгожых імпартных рэчаў — іх бацькі, як правіла, сціплыя працаўнікі, якія здабываюць хлеб надзённы ўпартай штодзённай працай. Пра такіх сёння пішуць мала, з неахвотай. Але менавіта ў такіх сем’ях у большай ступені захоўваюцца здаровае ўспрыманне свету, паняцце дабра і зла. Так у аповедзе «Я з табой» Надзея, даведаўшыся пра сур’ёзную хваробу сваёй сяброўкі Наташкі і пра тое, што выратаваць дзяўчынку зможа толькі аперацыя за мяжой, захацела тут жа дапамагчы, але... грошай ні ў яе, ні ў яе мамы не было. Тады Надзя рашылася прадаць сваё галоўнае «багацце», свой гонар — доўгую чорную касу.
Ацаніўшы жаданне дзяўчынкі выратаваць сяброўку, гаспадыня цырульні таксама робіць свой ўнёсак у добрую справу — пералічвае вялікую суму на лячэнне.
У многіх апавяданнях Тамары Кавальчук менавіта дарослыя аказваюць неабходную дапамогу дзецям, якія трапілі ў бяду. Дапамагаюць, таму што калі яны гэтага не зробяць, дзеці замкнуцца ў сабе, страцяць надзею на справядлівасць, а жыць без надзеі — апошняя справа.
Добра дапаўняюць апавяданні пра дзіцячыя лёсы і два аповеды «Холад блакаднага Ленінграда» і «Сталіна». Гэта свайго роду — камертон, які дазваляе здабыць духоўнае ўзбагачэнне таго, што адбываецца. Першы аповед знаёміць чытача з трагічным лёсам Лізы, якая страціла бацькоў, сяброў і само жыццё ад страшнага ворага, які напаў на яе родны Ленінград. У аповедзе дакладна паказаны дэталі блакаднага часу — бесперапынны голад і холад, якія ператвараюць маленькага чалавека ў нямы, абыякавы да ўсяго цень...
«А як добра было да вайны! У дзень нараджэння ўся сям’я збіралася за абедзенным сталом. Тата абвяшчаў тост і, падносячы падарунак, казаў самыя добрыя словы сваёй дачушцы. Затым мама садзілася за піяніна і грала „Вальс дажджу“ Шапэна. Ліза выскоквала на сярэдзіну пакоя і кружылася. Прыгожая новая сукенка, набытая мамай з такой нагоды, узлятала. Радасці не было мяжы...» І гэтыя немудрагелістыя чалавечыя радасці вораг нахабна знішчыў. Прачытаўшы гэты аповед, сучасныя дзеці павінны зразумець, як важна мірнае жыццё для кожнага чалавека незалежна ад таго, звычайны ён ці знакаміты, бедны ці багаты. Вайна і бяда, якую яна нясе, могуць закрануць кожнага.
Другі аповед знаёміць нас з горкім лёсам дзяўчынкі-падлетка Сталіны, якая жыла ў гады сталінскіх рэпрэсій... Кляймо «ворага народа» адабрала ў яе нармальнае дзяцінства, радасць жыцця, веру ў справядлівасць. Яна пакорліва зносіла пабоі, здзекі і насмешкі аднагодкаў і дарослых. Здавалася, такое жыццё ўжо не мае сэнсу. І толькі шчырае пачуццё спагады выхавальніцы Маргарыты Станіславаўны, жаданне ўваскрасіць у ёй веру ў дабро, ратуюць Сталіну.
«— Ведаеш, Сталіначка, я, гэтак жа, як і ты, — сірата. У мяне ніколі не было ні мамы, ні таты. Мяне выгадавала чужая жанчына, якая знайшла мяне на вуліцы. У яе не было сваіх дзяцей, а гаспадарку яна трымала вялікую. З пяці гадоў я пасвіла гусей, свіней і кароў. Спала разам з імі ў хляве. Ды і ела часта разам са свіннямі з карыта. І калі мне споўнілася дзесяць гадоў, я ўцякла ад яе. Тры месяцы бадзяжнічала, прасіла на вуліцы паесці. Мяне забраў да сябе адзін вельмі добры чалавек. Ён навучыў мяне грамаце. Затым аддаў мяне ў школу, якую я скончыла экстэрнам. Потым была вучоба ў педагагічным інстытуце, праца. Паміраючы, мой дабрадзей узяў з мяне слова дапамагаць кожнаму, хто будзе мець патрэбу ў маёй дапамозе. І вось я тут. І я даю табе руку сапраўднага сябра, — працягнула гаварыць Марыя Міхайлаўна».
Дзяўчынка ёй паверыла, і яе жыццё змянілася да лепшага: яна ў далейшым змагла дамагчыся выдатных вынікаў.
Трэба заўсёды верыць, што дабро пераможа, трэба казаць пра гэта іншым. Што і зрабіла ў сваёй кнізе пісьменніца.
Вельмі хочацца спадзявацца на тое, што апавяданні з кнігі Тамары Кавальчук «Добрае сэрца» ўвойдуць у школьную праграму, бо кожная гісторыя, апісаная ў іх, вучыць дзяцей, выхоўвае, дае магчымасць разабрацца ў сабе, супастаўляючы прачытанае са сваімі трывогамі і перажываннямі, пра якія яны не заўсёды могуць расказаць дарослым.
Валянцін БАЮКАНСКІ