Паласа выпрабаванняў
Усе матэрыялы, якія паступаюць на прадпрыемства, праходзяць уваходны кантроль. Ім займаецца бюро знешняй прыёмкі. На кожны матэрыял — свая методыка праверкі. Усяго іх каля 700 і штодзень праводзіцца больш за 200.
— Якасць — элемент філасофіі вытворчасці. Кожны работнік павінен яе паважаць, бо як толькі ахвяруеш якасцю, пачынаецца крах вытворцы. Наша задача — ідэалагічна сфарміраваць у свядомасці кожнага работніка нецярплівасць да выканання аперацый з адхіленнем ад устаноўленых патрабаванняў. Гэта няпроста, але паступова яны разумеюць, што працаваць добра — выгадна, — дзеліцца намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ «АТЛАНТ» па кіраванні якасцю — намеснік дырэктара МЗХ па кіраванні якасцю Руслан Бараноўскі.
Усіх выпрабаванняў, якія праходзіць будучы халадзільнік, каля 12. У тым ліку тэсціруюць яго пасля стадыі зборкі — гэта каля 6 маніпуляцый, што праводзяцца на выпрабавальнай станцыі. Тут на кожны халадзільнік устанаўліваюцца датчыкі, якія кантралююць пэўныя параметры. У сярэднім выпрабаванне аднаго бытавога прыбора займае каля 1,5 гадзіны. Халадзільнік, які не прайшоў тэст на выпрабавальнай станцыі, адпраўляецца на ўчастак выпрабаванняў і рамонту, дзе выяўляюць і выпраўляюць яго дэфект.
— Пастаянна працуем над зніжэннем узроўню дэфектнасці: чым менш дэфектаў, тым менш зваротаў, менш затрат па гарантыйным абслугоўванні, — заўважае Руслан Бараноўскі.



Аднак тут трэба сказаць, што сама зборка і аналіз якасці на канвееры — апошнія этапы. Насамрэч якасць пачынаецца задоўга да таго, як выраб створаны, — на ўзроўні прататыпаў.
— На прадпрыемстве адладжана комплексная сістэма па стварэнні новых прадуктаў. Аналізуем канкурэнтаў, распрацоўваем канцэпцыю па развіцці мадэльнага рада з наяўнасцю тых ці іншых высокіх спажывецкіх якасцяў. На гэтым этапе клапоцімся пра сучасны дызайн (над ім, дарэчы, працуе асобная група прамысловых дызайнераў), максімальны набор спажывецкіх функцый, пра некаторыя канструктарскія дробязі і высокае энергазберажэнне, што сёння вельмі актуальна. Пасля тэхнічныя службы бяруць праект у работу і ствараюць мадэль. Увесь працэс займае ад года да двух. Такім чынам ствараецца збалансаваны якасны прадукт, які патрэбны спажыўцу і за які ён галасуе рублём, — расказвае кіраўнік групы маркетынгу ЗАТ «Атлант» Герман Чарнякевіч.
Праверка спажыўцамі
Больш за тое, мала стварыць прататып новага прадукту, сабраць яго і правесці выпрабаванні ў лабараторных умовах (лабараторыі прадпрыемства, дарэчы, акрэдытаваны на міжнародным узроўні). Новы бытавы прыбор не паступіць у магазіны, пакуль яго дасканала не правераць і спажыўцы.
— За паўгода да таго, як прадукт падрыхтаваны да выхаду на рынак, мы робім установачную серыю і раздаём нашым супрацоўнікам. Яны карыстаюцца на бязвыплатнай аснове і штомесячна ці штотыднёва запаўняюць анкетныя даныя. У рэжыме рэальнай эксплуатацыі гэта дапамагае выявіць усе недахопы, з якімі сутыкнецца спажывец, — тлумачыць Герман Чарнякевіч.
Аднак калі пасля пакупкі ў спажыўца з халадзільнікам штосьці здарылася, не бяда: ад Брэста да Уладзівастока прадпрыемства мае сетку сваіх сэрвісных цэнтраў, спецыялісты якіх рамантуюць ці замяняюць вырабы ў гарантыйны перыяд.



— Паломкі здараюцца, бо нулявы брак адсутнічае ў любога вытворцы. На ўсіх рынках, куды пастаўляецца наша бытавая тэхніка, свае абавязацельствы перад спажыўцамі выконваем няўхільна. У нас заключаны сэрвісныя дагаворы, працуюць свае сэрвісныя цэнтры, мы пастаянна маніторым наяўнасць запчастак у іх. Кожны рамонт трапляе ў нашу базу і фіксуецца з аналізам прычын. Мы вытрымліваем умовы, якія самі сабе прадыктавалі: тры гады гарантыі і 10 гадоў тэрміну службы. Калі трэба, мяняем выраб ці вяртаем грошы. Гэта наш «джокер», — кажа Руслан Бараноўскі.
Дарэчы, сэрвісная сетка прырастае новымі цэнтрамі штогод. Толькі ў Расіі іх не адна сотня. Яны маюцца ў кожным рэгіёне і краіне, куды ідуць пастаўкі.
Эканомныя і разумныя
ЗАТ «Атлант» — адзін з нямногіх вытворцаў бытавой тэхнікі, які цалкам вырабляе прадукт — узровень лакалізацыі складае каля 80 %. Холдынг мае свой завод па выпуску кампрэсараў і электрарухавікоў. Гэта вытворчасць у Баранавічах, заснаваная ў свой час на вопыце перадавых кампаній. Рухавікі складаюцца з вялікай колькасці беларускіх кампанентаў. Дзякуючы такой вытворчасці ўдалося забяспечыць бесперабойную пастаўку на два ўласныя заводы гэтых крытычных кампанентаў.
Для завода халадзільнікаў у Баранавічах вырабляюць кампрэсары як звычайнага, так і інвертарнага тыпу. Дзякуючы гэтаму сёлета ў лютым выпушчаны першыя халадзільнікі «Атлант» з інвертарным рухавіком. Асобная лінія была запушчана на заводзе ў Баранавічах, дарэчы, яе канструктарская распрацоўка вялася беларускімі спецыялістамі.
Асаблівасць халадзільніка з інвертарным кампрэсарам у тым, што, выпрацоўваючы той жа холад, што і ў звычайным рэжыме, ён траціць на 30 % менш электраэнергіі і працуе больш ціха. Узровень шуму складае 37 дБ, у той час як у халадзільнікаў са звычайным кампрэсарам — 39 дБ, з сістэмай no frost — да 41 дБ. Дарэчы, у самых перадавых вытворцаў з нашмат большымі бюджэтамі на распрацоўку такія ж паказчыкі па ўзроўні шуму і энергаспажыванні.


На заводзе «Атлант» наладжаны выпуск як халадзільнікаў з інвертарным кампрэсарам, так і звычайных, але ў новым дызайне і з новымі спажывецкімі ўласцівасцямі. Гэта і пашыраная камплектацыя, павялічаны аб’ём халадзільнікаў. Ёсць, напрыклад, спецыялізаваныя мадэлі на чатыры маразільныя аддзяленні з сістэмай no frost. Запатрабаваны і мадэлі з максімальным функцыяналам — рэжымамі шокавай замарозкі, суперахаладжэння, эканоміі электраэнергіі, водпуску (калі спажывец з’язджае на доўгі час і можа такім чынам эканоміць электраэнергію). Нядаўна асвоены выпуск халадзільнікаў з сістэмай wі-fі — аддаленага доступу, калі праз дадатак можна кіраваць халадзільнікам, напрыклад, для папярэдняга ўключэння функцыі хуткага замарожвання, таксама з дапамогай дадатку можна рэгуляваць функцыю асвятлення. Адметна, што гэта цалкам заводская распрацоўка — як па напісанні праграмнага забеспячэння, так і па стварэнні мабільнага дадатку на воблачнай платформе.
— Спажывец цяпер дбае не толькі пра функцыянальнасць. Сучасная бытавая тэхніка — гэта і элемент дызайну. У першую чаргу важныя каляровая гама, знешні дызайн і тэхнічныя характарыстыкі. Сёння пакупнік ад халадзільніка хоча інавацыйнасці. У нас было шмат дыскусій, ці патрэбны халадзільніку wі-fі, і год ад году гэты сегмент мае тэндэнцыю да росту. Запатрабаваная сістэма no frost — спажывец хоча жыць камфортна і не размарожваць халадзільнік. Аднак ёсць і мэтавая аўдыторыя старэйшага пакалення, якая аддае перавагу статычнай сістэме ахаладжэння, — расказвае Герман Чарнякевіч.
Аўтаномія ў распрацоўцы і стварэнні
Каля 20 гадоў прадпрыемства выпускае пральныя машыны. І калі напачатку гэта была буйнавузлавая зборка, то сёння «Атлант» — эксперт і ў гэтай вытворчасці. Яна арганізавана на асобным заводзе. Сёння мадэльны рад складаецца з 60 найменняў і пастаянна абнаўляецца. Рыхтуюцца да выхаду на рынак пральныя машыны з інвертарным рухавіком. Прадукт вырабляецца для любога спажыўца: ад менш патрабавальнага да самага прыдзірлівага. У апошніх мадэлях прадугледжана цалкам сэнсарнае кіраванне, максімальная колькасць дадатковых функцый і ўнікальных праграм. Напрыклад, выпускаюцца пральныя машыны з парам, што выконвае тры функцыі: дазваляе ліквідаваць непрыемныя пахі без дадатковага прання, апрацаваць рэчы перад праннем і вывесці складаныя забруджванні, апрацаваць пасля прання з мінімальнай колькасцю складак.
— Наша галоўная перавага — аўтаномія як у распрацоўцы, так і ў вытворчасці, сертыфікацыі, выпрабаваннях, бо ўсё робім самі. У нас вялікая канструктарская, тэхналагічная, вытворчая база. Мы ствараем прадукт, які адчуваем і якім самі карыстаемся, пры гэтым робім яго максімальна рамонтнапрыдатным. Калі некаторыя кампаніі сыходзяць з рынку, пачынаюцца пытанні з забеспячэннем сэрвісу. Нашы спажыўцы могуць быць упэўнены, што гарантыя 3 гады працуе на ўсіх рынках збыту, як і тэрмін службы — 10 гадоў, пры тым што 90 % рынку вытворцаў даюць гарантыю 1 год і тэрмін службы 5–7 гадоў. Калі мадэль здымаецца з вытворчасці, яшчэ цягам прынамсі 10 гадоў вырабляем усе камплектуючыя, — аргументуе Герман Чарнякевіч.
У актыўнай распрацоўцы прадрыемства — пральна-сушыльныя машыны, паколькі сегмент гэтай бытавой тэхнікі апошнім часам расце. Акрамя таго, разглядаецца сегмент пасудамыечных машын. Асвоілі і медыцынскі кірунак — «Атлант» задавальняе заяўкі ўсіх медыцынскіх устаноў Беларусі па медыцынскім халадзільным абсталяванні, у тым ліку мадэлях эксклюзіўнага прызначэння для захавання крыві.
Новай прадукцыі — новыя лініі
Інавацыйныя мадэлі патрабуюць мадэрнізацыі вытворчасці. Сёлета запушчана новая лінія па вырабе дэталяў вонкавай панэлі. Яна дазволіла павысіць прадукцыйнасць і ўніфікаваць вытворчыя ланцужкі. Лінія аўтаматычная, яе абслугоўвае ўсяго два работнікі — наладчык і слесар.


— Мы змаглі сэканоміць шэраг працоўных месцаў, што дазваляе выпускаць прадукцыю з меншымі працазатратамі. У цыкле мы змаглі выйграць некалькі секунд: цяпер прадукцыя выпускаецца на гэтай лініі з тактам 18 секунд, на старой лініі ён складаў 22 секунды, — расказвае намеснік галоўнага тэхнолага ЗАТ «Атлант» Дзмітрый Аладка.
У перспектыве пераход на П-падобны корпус халадзільніка, што таксама пацягне мадэрнізацыю вытворчасці. У гэты корпус пры вырабе будзе ўбудаваны кандэнсатар. Усё гэта дазволіць палепшыць дызайн і знешні выгляд вырабу. Таксама ў перспектыве разглядаецца абнаўленне парка вакуумфармовачнага абсталявання.
Сёння заключаны дагавор і на пастаўку абсталявання для інвестпраекта «Куфар». Гэта маразільныя скрыні для спажыўцоў. Яны паглыбнога тыпу, і прадукты кладуцца зверху. Такая скрыня падыдзе для замарозкі ў вялікіх аб’ёмах ягад, гародніны, мяса, курыцы. Новая вытворчасць з’явіцца на вытворчай пляцоўцы па праспекце Пераможцаў у асобным корпусе з поўным цыклам вырабу гэтай прадукцыі, пачынаючы з участка апрацоўкі металаў, заканчваючы складам гатовай прадукцыі.
Алена КРАВЕЦ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА