А ёсць жа, ёсць за што.
Вось толькі дзве «карцінкі». Раніца, сквер, цэнтральная алея. Досыць інтэлігентны малады чалавек вядзе па ёй дагледжанага пародзістага сабаку, збочвае да маладзенькіх, нядаўна пасаджаных туй, чакае, пакуль гадаванец зробіць сваю справу, вяртаецца назад на сцежку.
Ну як тут утрымацца былой вясковай настаўніцы, як не сказаць сваё: «Малады чалавек, а прыбраць за сабакам вас не вучылі?»
Маладзён мне — каб слова ў адказ, але ж цяпер выгульвае сабаку ў іншым скверы. Што радуе — ужо з пакетамі для «дабра». Так што ўрок, падобна, быў яму на карысць.
Не марным, хочацца верыць, быў і яшчэ адзін. У тым жа скверы часта бачу невялічкую жанчынку з суседняга дома. У яе сур’ёзныя праблемы з апорна-рухальным апаратам, ёй цяжка вадзіць свайго ўлюбёнца на спецыяльна адведзеную пляцоўку. Аднак, выгульваючы сабачку ў скверы, яна заўсёды прыбірае за ім... І, як аказалася, не толькі.
Днямі здаравенны такі мужчына падвёў свайго барбоса да аднаго з дрэў, пачакаў, пакуль сабака аслабаніўся, а вось каб прыбраць за ім, дык нават не падумаў...
Кульгаючы і ні слова не кажучы, гэта хворая жанчына падышла да дрэва, прыбрала за чужым сабакам.
Мужчына тузануў павадок і спакойна сышоў. Не ведаю, ці зразумеў ён што, ці зрабіў высновы. У нашым скверы я яго больш не бачыла.
Любоў ЧЫГРЫНАВА
г. Мінск