Мастак у чацвёртым пакаленні служыць у інспекцыі па справах непаўналетніх
Нягледзячы на летнія канікулы, работы ва ўчастковых інспектараў па справах непаўналетніх менш не стала, калі не наадварот. Участковы інспектар па справах непаўналетніх Ленінскага РУУС г. Мінска лейтэнант міліцыі Кірыл Кандратовіч з той жа рэгулярнасцю, як і падчас навучальнага года, наведвае дзіцячыя калектывы. Найперш для таго, каб папярэдзіць парушэнні і злачынствы сярод непаўналетніх. Летам узрастае рызыка трапіць у надзвычайную сітуацыю, а таму своечасова праведзеная гутарка, словы падтрымкі кампетэнтнага чалавека ў складанай сітуацыі вырашаюць многае.
У полі зроку — не толькі дзеці, а і іх бацькі
Днямі мы далучыліся да супрацоўніка міліцыі, які наведваў сталічную сярэднюю школу № 224. На працягу летніх канікул тут функцыянуе выхаваўча-аздараўленчы лагер, у якім весела і карысна праводзяць час навучэнцы розных узростаў.
Відаць, што ў гэтых сценах міліцыянер — часты госць. Па дарозе да аўдыторыі, дзе запланавана мерапрыемства, ад «добры дзень» няма адбою. Кірыл Кандратовіч пазнае знаёмыя твары, цікавіцца ў школьнікаў, як у іх справы, ці палепшыліся ў кагосьці паводзіны, ці наладзілася сітуацыя ў сям’і. Таксама ў цэнтры ўвагі супрацоўніка органаў унутраных спраў — занятасць дзяцей у школьным лагеры. Хвалюе яго і тое, чым яны займаюцца па-за сценамі навучальнай установы.
Невыпадкова сярод тэм, якія ўздымаюцца падчас размовы, — паводзіны непаўналетніх на вуліцы, вадаёмах, выкананне правіл бяспекі пры пераходзе дарогі. «Не ўжывайце пры размове нецэнзурныя словы, — звяртаючыся да дзяцей, заўважае інспектар па справах непаўналетніх. — А то ідзеш па вуліцы або выглянеш з балкона, дык такое пачуеш... Размаўляць трэба культурна. І паводзіць сябе так, каб не правесці лета ў бальніцы».
За Кірылам Кандратовічам замацаваны тры школы ў Ленінскім раёне сталіцы: акрамя 224-й, яшчэ сярэдняя школа № 24 і гімназія № 40. Ён рэгулярна праводзіць у гэтых сценах прафілактычныя гутаркі, наведае сваіх падапечных, якія стаяць на індывідуальным прафілактычным уліку, і па месцы жыхарства.
Індывідуальная прафілактычная работа не абмяжоўваецца рэйдавымі мерапрыемствамі. Непаўналетнія ўключаны ў шырокую грамадскую дзейнасць, сутнасць якой — паказаць дзецям сапраўдныя каштоўнасці.
«Часта трэба размаўляць не столькі з дзецьмі, а з іх бацькамі, — лічыць супрацоўнік органаў унутраных спраў. — Шмат што ідзе з сям’і. Дзеці часта бачаць, як іх бацькі спажываюць алкаголь, затым імкнуцца гэтак жа сябе паводзіць».
На індывідуальны прафілактычны ўлік, як правіла, трапляюць непаўналетнія, якія былі заўважаны за распіццём алкагольных напояў, тыя, хто любіць памахаць кулакамі. «Сучасныя дзеці схільныя ўплыву інтэрнэта, — заўважае Кірыл Кандратовіч. — Інтэрнэт — гэта ж не дрэнна на самой справе. Ад яго шмат карысці ў плане знаходжання пэўнай інфармацыі, правядзення часу. Але ж там ёсць і дурныя прыклады, і моладзь чамусьці лічыць, што так сябе паводзіць нармальна. Збірацца кампаніяй у грамадскім месцы, лаяцца матам і выпіваць пры гэтым».
Міліцыянер перакананы: кожнаму, хто аступіўся, трэба даваць шанец выправіцца. Па яго словах, важна, калі сам падлетак усведамляе свой негатыўны досвед, робіць высновы і не паўтарае памылак. Такім прыкладам станоўчай арганізацыі сваёй прафілактычнай работы са школьнікам можа пахваліцца Кірыл Кандратовіч.
Школьнікі адзначалі дзень нараджэння, за святочным сталом аказалася спіртное. Максім упершыню паспрабаваў алкаголь: як высветлілася, за кампанію. Паддаўшыся ціску аднагодкаў, ён здзейсніў памылку, якая магла мець сур’ёзныя наступствы. Але дзякуючы своечасоваму ўмяшанню інспектара Кандратовіча, удалося пазбегнуць горшага. Афіцэр зрабіў усё магчымае, каб данесці да падлетка сутнасць праблемы і дапамагчы яму ўсвядоміць сваю памылку. У выніку Максім не толькі атрымаў урок з таго, што здарылася, але і перагледзеў свае погляды на алкаголь. Ён стаў больш свядома падыходзіць да выбару свайго асяроддзя і навучыўся казаць «не» ў сітуацыях, калі гэта неабходна. Падзяка маці — лепшае пацвярджэнне эфектыўнасці працы інспектара Кандратовіча, які змог знайсці падыход да падлетка і дапамагчы яму пазбегнуць паўтарэння памылак у будучыні.
Дынастыя мастакоў
Найлепшым адпачынкам пасля напружанага працоўнага дня для супрацоўніка Ленінскага РУУС сталіцы з’яўляецца мастацтва. Як высветлілася, Кірыл Кандратовіч — прадаўжальнік дынастыі мастакоў. Жывапісам захапляўся яшчэ яго прадзед. Інспектар па справах непаўналетніх — мастак у чацвёртым пакаленні.
Кватэра, дзе малады чалавек жыве разам з жонкай, нагадвае карцінную галерэю. Усе пакоі абстаўлены яго работамі. Тут і «Раніца ў хвойным лесе» Шышкіна і Савіцкага, і «Юдзіфь і Алаферн» Караваджа, і «Дзявяты вал» Айвазоўскага, партрэты Рубенса... Рэплікі вядомых карцін — той стыль, якому аддае перавагу мастак.
Кірыл добра пагружаны ў гісторыю мастацтва. Ён дэталёва расказвае пра асаблівасці класічнага жывапісу, мастацкія стылі, адрозненне фламандскай і італьянскай мастацкіх школ, біяграфіі мастакоў... Пры гэтым малады чалавек не заканчваў спецыялізаваных мастацкіх устаноў. Усё, што ведае, — выключна дзякуючы ўласнай дапытлівасці і імкненню да самаадукацыі. Вядома, пераймае вопыт і ў старэйшых мастакоў сваёй сям’і.
Ён з самага дзяцінства любіў маляваць. Калі яго сябры малявалі мама-тату, прымітыўнага чалавечка, Кірыл адлюстроўваў на паперы сюжэты з аповесці Волкава «Чараўнік Ізумруднага горада». На канікулы хлопец з’язджаў да бабулі і дзядулі, які даваў майстар-класы па жывапісе свайму ўнуку.
«Аднойчы ён павёз мяне ў Лахву Лунінецкага раёна, дзе жыў мой прадзед-мастак, — узгадвае міліцыянер. — Уся яго хата была застаўлена карцінамі. Ён працаваў на чыгунцы, карціны пісаў у вольны ад працы час».
Кірыл расказвае, што ва ўсе часы людзі мелі патрэбу ў мастацтве. А таму жывапіс з’яўляўся свайго роду падушкай бяспекі для сям’і, дзе выхоўвалася пяцёра дзяцей. «Карціны абменьваліся на дровы, прадукты харчавання, аднойчы ў ходзе такога абмену ў хатняй гаспадарцы з’явілася карова, — расказвае праўнук мастака. — Такая ж аплата была і за паслугі ўрача, падвоз да горада і гэтак далей. Дарэчы, займацца творчасцю прадзед пачаў, калі тэрыторыя Беларусі знаходзілася пад польскай акупацыяй».
Безумоўна, матэрыялы, неабходныя для творчасці, па тым часе з’яўляліся прадметам раскошы. Таму Георгій Кандратовіч сам рыхтаваў грунт для палотнаў, варыў клей. «У нас засталіся прадзедавы фарбы, якія дагэтуль прыдатныя для выкарыстання, — заўважае мастак. — Ім 80 гадоў, і я сам імі малюю».
Прадзед, дарэчы, таксама пісаў копіі вядомых карцін. Але калі цяпер яго праўнук чэрпае ўсю неабходную інфармацыю з інтэрнэта, то яго продак выпісваў з гэтай мэтай мастацкія часопісы.
З пяці дзяцей Георгія Кандратовіча творчыя здольнасці пераняў толькі адзін сын, дзядуля Кірыла. Юрый Кандратовіч таксама нідзе гэтаму не вучыўся. Мастацтвам займаўся пасля працоўнай змены на чыгунцы. Бацька Кірыла ў меншай ступені займаўся жывапісам. Талент ён таксама пераняў, але, як кажа яго сын, не выкарыстоўвае ў поўнай меры.
Жаданне дапамагаць дзецям
Любая творчасць патрабуе натхнення. А як жа быць, калі служба займае добрую частку часу?!
«Я магу працаваць у другую змену, — кажа малады чалавек. — На шкоду сну, вядома. Гэтая звычка ў мяне яшчэ за студэнцтва».
Кірыл Кандратовіч скончыў гістарычны факультэт БДУ. Цікаўлюся, чаму гістфак, а не, напрыклад, Акадэмія мастацтваў?
«Гэта ж цікава», — кажа малады чалавек.
Дарэчы, гістфак падарыў яму жонку, з якой малады чалавек распісаўся па заканчэнні БДУ.
Яшчэ на чацвёртым курсе ўніверсітэта будучы міліцыянер пачаў настаўнічаць у сярэдняй школе № 93 г. Мінска. Паглядзеўшы на дзяцей, на тое, як яны паводзяць сябе ў школе, настаўнік гісторыі цвёрда вырашыў для сябе дапамагчы ім на іншым узроўні. У выніку Кірыл звярнуўся ў Ленінскае РУУС з пытаннем аб працаўладкаванні. Жаданне працаваць у інспекцыі па справах непаўналетніх было падтрымана.
Пасля праходжання трохмесячнага навучання ў Цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС Кірыл Кандратовіч выйшаў на службу. І тут сямейная дынастыя атрымала працяг: яго дзед па матчынай лініі служыў афіцэрам савецкай арміі.
Здаецца, творчасць і дысцыпліна — рэчы несумяшчальныя. «Творчасць — гэта таксама свайго роду дысцыпліна, — перакананы супрацоўнік міліцыі. — Я не магу маляваць элемент у адзін прыём. Як бы моцна не хацелася пакласці фарбу, трэба прытрымлівацца тэхналогіі. Ад малюнка да канчатковай выявы праходзіць вельмі шмат стадый работы. — Напрыклад, тое, што вы бачыце на палатне, — гэта проста малюнак, перанесены і ўжо абведзены фарбай. Потым яго трэба зафарбаваць, затаніраваць, падрыхтаваць каляровую падкладку. Пасля па гэтай каляровай падкладцы або тыльным бокам кісці, або разцом гэты малюнак трэба паўторна абвесці. І толькі потым паступова накладваць адзін слой фарбы за іншым, каб яны стваралі пэўнае адценне. І ад дысцыпліны ў тым ліку залежыць канчатковы вынік».
Вераніка КАНЮТА
Фота Лізаветы ГОЛАД