Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Беларусь была і застаецца перакананым прыхільнікам паглыблення еўразійскай інтэграцыі»

На нарадзе ў Прэзідэнта абмеркавалі падрыхтоўку да пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і Еўразійскага эканамічнага форуму.


Гэтыя найважнейшыя міжнародныя мерапрыемствы пройдуць 26 і 27 чэрвеня ў Мінску. Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет — гэта найвышэйшы орган Еўразійскага эканамічнага саюза. Сярод дзяржаў — удзельніц ЕАЭС — Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія. У 2025 годзе Беларусь старшынствуе ў гэтым саюзе.

«Усё павінна быць падрыхтавана са знакам якасці»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў найбуйнейшых міжнародных мерапрыемствах бягучага года — у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і ў Еўразійскім эканамічным форуме — чакаецца ўдзел прадстаўнікоў больш як двух дзясяткаў краін.

«Нагрузка на нас прыстойная, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны абмеркаваць гатоўнасць да гэтага мерапрыемства. Як прымаць гасцей у такім маштабе і колькасці, мы ведаем. Усё павінна быць падрыхтавана са знакам якасці і ў арганізацыйным, і, перш за ўсё, падкрэсліваю, у змястоўным плане»
Прэзідэнт паставіў задачу забяспечыць максімальны ўзровень беларускай гасціннасці (па яго словах, гэта таксама мы ўмеем рабіць), стварыць камфортныя ўмовы для работы і пражывання гасцей.

Screenshot_56.jpg

«Асаблівая ўвага — змястоўнаму напаўненню ўсіх мерапрыемстваў: ад форуму — да работы Вышэйшага савета, — падкрэсліў беларускі лідар. — У саюзе ёсць што абмяркоўваць, але пасяджэнні дзеля пасяджэнняў нікому не патрэбны. Парадак дня Вышэйшага савета павінен быць насычаным і прадметным, адпавядаць нашым нацыянальным інтарэсам».
Прэзідэнт праінфармаваў, што Еўразійская эканамічная камісія ўнесла ажно 700 аркушаў дакументаў — 4 кілаграмы матэрыялаў. «Пры гэтым ледзь не ўсе яны прапаноўваюць прыняць без абмеркавання, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Калі яны так гатовы і ўзгоднены, адпавядаюць нашым інтарэсам, як і інтарэсам іншых дзяржаў, — калі ласка. Калі там усё так добра. Калі гэта „пустая парода“ без грама дабаўленай вартасці для саюза, значыць, такія пытанні ў парадак дня ўнесены быць не павінны. Я аб гэтым гавару, бо я як старшыня буду прапаноўваць гэты парадак дня».

Прыярытэты беларускага старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе ў бягучым годзе былі выкладзены ў звароце Аляксандра Лукашэнкі да кіраўнікоў дзяржаў — членаў ЕАЭС, апублікаваным у студзені 2025 года. «Яны павінны быць рэалізаваны, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Прамысловая кааперацыя, транспартная палітыка, фінансавы рынак, міжнароднае пазіцыянаванне і гандлёвая экспансія на знешнія рынкі, фарміраванне сацыяльнага складніка інтэграцыі — па кожным кірунку патрэбна практычная аддача ад рашэнняў, якія прымаюцца, і тых дакументаў, якія мы ў выніку падпішам. Яшчэ раз адзначу: Беларусь была і застаецца перакананым прыхільнікам паглыблення еўразійскай інтэграцыі і пабудовы эфектыўнай дзеючай агульнай эканамічнай прасторы на аснове даверу і ўзаемаразумення»

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў пачаць нараду з арганізацыйных пытанняў правядзення Еўразійскага эканамічнага форуму і пасяджэння Вышэйшага савета, затым удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі канкрэтныя пытанні парадку дня пасяджэння, прынялі адпаведныя рашэнні.

Звыш 2 тысяч удзельнікаў з 29 краін

Аб ходзе падрыхтоўкі пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і Еўразійскага эканамічнага форуму праінфармаваў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. Ён паведаміў, што Еўразійскі эканамічны форум пройдзе 26 чэрвеня на базе Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра «Белэкспа».

20-28 копия.jpg

«Прадугледжана правядзенне шасці буйных тэматычных блокаў, у якія ўключана 35 мерапрыемстваў: пленарныя сесіі, круглыя сталы, бізнес-дыялогі, — канкрэтызаваў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — Па стане на сёння, зарэгістравана парадку 2050 удзельнікаў з 29 краін, што сведчыць аб высокай цікавасці да мерапрыемства. У найбольшай ступені прадстаўлены краіны — члены ЕАЭС і краіны — нашы найбольш сур’ёзныя партнёры ў Азіі і Афрыцы»

Па словах Максіма Рыжанкова, у рамках форуму на знешняй пляцоўцы выставачнага цэнтра запланавана выстаўка сучаснай прамысловай, сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі, на ўнутраных пляцоўках — выстаўка, прысвечаная 80-годдзю Перамогі, і экспазіцыя дасягненняў сучаснай Беларусі: кластары «Тэхналагічная краіна», «Працаздольная краіна», «Прыгожая краіна».

  • Плануецца, што форум пачне сваю работу ў 9 гадзін раніцы прывітальным словам да яго ўдзельнікаў Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандра Турчына і старшыні Калегіі ЕЭК Бакытжана Сагінтаева.
Даслоўна

На парадку дня — 14 пытанняў
  • Па словах намесніка Прэм’ер-міністра Наталлі ПЯТКЕВІЧ (віцэ-прэм’ер надзелена паўнамоцтвамі прадстаўніка ад Беларусі ў Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі), кіраўнік дзяржавы заўсёды патрабуе, каб, як і любы працэс, а тым больш інтэграцыйныя аб’яднанні, якія могуць быць пляцоўкамі для разваг або клубамі па інтарэсах, былі напоўнены канкрэтным зместам.
«Каб былі разгледжаны ў тым ліку і не вельмі папулярныя або не вельмі прыемныя пытанні, і яны не замоўчваліся, і ад іх не сыходзіць, калі сёння яны стаяць на парадку дня ў дзяржавах і нашых інтэграцыйных аб’яднаннях, — канкрэтызавала намеснік кіраўніка ўрада. — Вельмі шмат выклікаў, шмат сучасных праблем, і гэтыя пытанні павінны выносіцца».

На бягучы момант, як паведаміла Наталля Пяткевіч, у парадку дня Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета — 14 пытанняў. «Для ўзроўню прэзідэнтаў гэта шмат», — удакладніла яна, дадаўшы, што ў рамках ЕАЭС працуе такая структура, як Еўразійская эканамічная камісія са штатам больш як у тысячу чалавек.

Віцэ-прэм’ер звярнула ўвагу на агучанае падчас нарады патрабаванне Прэзідэнта: акрамя забеспячэння традыцыйнай беларускай гасціннасці, самае галоўнае — гэта змястоўная частка Вышэйшага савета. «Сёлета Беларусь старшынствуе ў ЕАЭС, і, як заўсёды, гэта для любога інтэграцыйнага аб’яднання вельмі добрае ўзварушванне, — заўважыла Наталля Пяткевіч.  — Наш Прэзідэнт нікому не дае ні заснуць, ні адпачыць. І ўсё, што гадамі дзесьці там ляжала, Прэзідэнт заўсёды ўзнімае на паверхню, абазначаючы, актуалізуючы і абвастраючы. Менавіта для таго, каб гэта вырашалася».

 Віцэ-прэм’ер адзначыла, што ў ходзе рэалізацыі стратэгічных кірункаў еўразійскай інтэграцыі да 2025 года застаецца шэраг нявырашаных праблем інстытуцыйнага характару. Па яе словах, гэтыя пытанні таксама важна абмяркоўваць, не замоўчваць, каб паскорыць вырашэнне. Наталля Пяткевіч канстатавала, што кіраўнік дзяржавы нацэльвае ўсіх, каб былі выпрацаваны пазіцыя і стратэгія рэалізацыі актуальных пытанняў.

 Прысутнасць на форуме пацвердзілі кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС

Як адзначыў у размове з журналістамі міністр замежных спраў Максім РЫЖАНКОЎ, падчас правядзення Еўразійскага эканамічнага форуму плануецца пленарная сесія, у якой возьмуць удзел Прэзідэнт Беларусі і кіраўнікі замежных дэлегацый. Па яго словах, асабістую прысутнасць на мерапрыемстве пацвердзілі ўсе кіраўнікі дзяржаў — членаў ЕАЭС. Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян будзе ўдзельнічаць у форуме ў дыстанцыйным фармаце — па відэасувязі. Максім Рыжанкоў удакладніў, што сваё жаданне ўдзельнічаць у Еўразійскім эканамічным форуме выказалі дэлегацыі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Манголіі, Нікарагуа.
 «Падчас пленарнай сесіі кіраўнікі дэлегацый, сярод якіх і кіраўнікі дзяржаў, падзеляцца сваім бачаннем развіцця рэгіёна, гандлёва-эканамічных, фінансавых пытанняў у ЕАЭС і ў цэлым у глабальным разрэзе, прадставяць сваё разуменне бягучай сітуацыі ў свеце, — праінфармаваў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — На наступны дзень адбудзецца Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет, на якім у вузкім і шырокім фарматах кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць бягучы парадак дня, прымуць важныя рашэнні ў адносінах перспектыў развіцця саюза. Плануецца, што будуць падпісаны два пагадненні паміж ЕАЭС і Манголіяй, паміж ЕАЭС і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, якія дадуць больш шырокія магчымасці для выбудоўвання гандлёва-эканамічных адносін членаў ЕАЭС з гэтымі дзяржавамі».
Па словах міністра замежных спраў, у рамках гэтых мерапрыемстваў чакаецца афіцыйны візіт у Беларусь Прэзідэнта Кубы. Пацвердзіў свой удзел у іх і Прэзідэнт Узбекістана. Раней паведамлялася і аб планаваным візіце ў Беларусь Прэзідэнта Ірана. «Мы разумеем сітуацыю, якая адбываецца ў рэгіёне, хочам са свайго боку найхутчэйшага ўрэгулявання, наступлення міру на гэтай зямлі, — дадаў Максім Рыжанкоў. — Але пакуль у планах візіт гэтай дэлегацыі ёсць».

 Акрамя таго, па яго словах, гэтымі днямі ў Беларусі будзе працаваць дэлегацыя пад кіраўніцтвам лідара М’янмы, якая таксама будзе ўдзельнічаць у Еўразійскім эканамічным форуме. У плане візіту гэтай дэлегацыі таксама наведванне шэрагу арганізацый і прадпрыемстваў нашай краіны. «Спадзяёмся, што дэлегацыі Манголіі, Эміратаў і Нікарагуа будуць дастаткова актыўныя ў вырашэнні сваіх пытанняў, таксама запланаваны двухбаковыя рабочыя візіты», — удакладніў Максім Рыжанкоў.

Вераніка КАНЮТА.

Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю