Top.Mail.Ru

Якія кнігі хочацца чытаць летам?

19.06.2025 | 17:00
Вядома, тыя, у кампаніі якіх зможаце адпачыць, палепшыць настрой і бонусам даведаецеся нешта новае і карыснае. Менавіта пра такія навінкі Выдавецкага дома «Звязда» расказваем у нашай новай падборцы.

Магія добрых учынкаў

20-9 копия.jpg


Кніга «Чароўнае поле» Марыны Бялясавай уздымае вельмі важную і актуальную тэму — прыгажосць чалавечай душы. На прыкладах герояў твора юныя чытачы даведаюцца, што значыць быць карысным, высакародным, шчырым, а таксама навучацца рабіць дабро і заўважаць прыгожае ў звыклых рэчах і з’явах. «Как важно быть красивым, но как же сложно быть им», — так гучыць эпіграф гэтай кнігі. У ёй звяртаюць на сябе ўвагу не толькі гісторыі яе герояў, але і ілюстрацыі мастачкі Наталлі Філіповіч, інтэрактыўныя заданні пасля прачытання казачнай гісторыі. Выданне разлічана на дзяцей і іх бацькоў, але можа выкарыстоўвацца і педагогамі-псіхолагамі, выхавацелямі ў якасці практычнага матэрыялу для работы з дзецьмі ва ўстановах адукацыі.

Як не памыліцца на раздарожжы?

20-8 копия.jpg


На зададзенае пытанне адкажа новая кніга «Скрыжаванне шалёнага сабакі» Валерыя Квілорыі, якая выйшла ў серыі «Пераходны ўзрост». Твор, варта сказаць, з першых радкоў здзіўляе і месцамі нават можа шакіраваць чытачоў. Але аповесць як дарослым, так і падлеткам дазваляе ўбачаць, куды і да якіх наступстваў можа прывесці той альбо іншы зусім, здавалася б, нязначны жыццёвы выбар. Асабліва калі ён робіцца на карысць залежнасці, якая разбурае чалавека фізічна і маральна. Ніхто ж з нас не чакае, што зусім нідзе не сустрэне любові, прыняцця і разумення, што сябры ў нейкі момант убачаць у нас «авечак» для нажывы, а самае галоўнае, што мяжа паміж выратаваннем і незваротнай гібеллю такая тонкая і незаўважная. І, на жаль, адзін з фактараў (па меркаванні аўтара, і з ім часткова пагаджаешся) — праяўленне раўнадушша, адсутнасць любові дарослых да сваіх дзяцей. Якраз гэта наглядна ілюструе кніга «Скрыжаванне шалёнага сабакі», дзе прысутнічае і дэтэктыўны сюжэт, і героі, якім спачуваеш, і нават падказкі, куды лепш накіроўвацца ў самых складаных сітуацыях, каб не страціць сябе і сваё заўтра.

Павучальныя ўспаміны і новыя адкрыцці

20-7 копия.jpg

Менавіта гэта можна знайсці ў новай кнізе «Двор пад буслінымі крыламі», дзе пад адной вокладкай сабраны былі, апавяданні, мініяцюры і п’есы Анатоля Зэкава. Кожны з прапанаваных твораў — сапраўднае падарожжа, дзе па-беларуску гучаць аповеды пра родную зямлю, прыроду і наш народ, пра дзяцінства з яго яркімі адкрыццямі і згадкамі. 

З жывымі эмоцыямі і цікавымі героямі сустракаешся ў кожным творы, пераважная большасць якіх — не плод аўтарскай фантазіі, а заснаваныя на рэальных падзеях і фактах гісторыі, у тым ліку перажытыя некалі самім пісьменнікам. А яшчэ ў зборніку чытачы знойдуць невялікія п’есы «Павучок і Светлячок», «Чаму Зязюля гады лічыць», «Касмічная тайна», «Жабкі і Чарапаха», «Смелая Плотачка», «Вавёрка і Крот», якія можна паставіць у школьным тэатры і ў працэсе сумеснай творчасці адкрыць новае ў сабе і ў мастацкім слове.

Алена ДРАПКО.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю