Top.Mail.Ru

Як у Шклоўскім раёне перайшлі на электратранспарт?

21.06.2025 | 10:03

Летась у Шклоўскім раёне запусцілі ўнікальны праект. Аўтапарк № 5 стаў першым у Беларусі, які перайшоў на электратранспарт. У рамках пастановы Урада «Белкамунмаш» перадаў райцэнтру 15 сваіх электрамашын для праверкі на адпаведнасць тэхнічным характарыстыкам. Эксперымент паказаў вельмі добрыя вынікі. Сёння ў Шклоўскім раёне электробусы паспяхова «бегаюць» па трох гарадскіх і 19 прыгарадных маршрутах, у тым ліку «Шклоў—Магілёў»...


Экалагічнасць і зручнасць

Пра тое, якія перамены да лепшага адбыліся, размаўляем з дырэктарам Шклоўскага філіяла аўтапарк № 5 ААТ «Магілёўаблаўтатранс» Паўлам Цімошчанкам.

— Па-першае, абнавіўся рухомы састаў аўтапарка, — кажа суразмоўнік. — На той момант, калі пілотны праект пачынаўся, ён быў зношаны на 75%. У перспектыве мы ўсё роўна павінны былі б абнавіцца. Па збегу абставін мы не толькі абнавіліся, але і паўдзельнічалі ў экалагічным праекце. Экалагічнасць — гэта другі, вельмі важны складнік. Сумарна мы скарацілі выкіды СО і СН у атмасферу парадку на 2,5 тоны ў год. Па-трэцяе, наш транспарт стаў больш зручным для пасажыраў — гэта адсутнасць шуму, вібрацыі, паху ў аўтобусе. Па-чацвёртае, атрымалася аблегчыць працу вадзіцеля. Гэты від транспарту больш камфортны, чым аўтобусы з механічнай трансмісіяй. Спала напружанасць рабочага працэсу. І гэта не адзіныя плюсы. У аўтапарка атрымалася знізіць затраты на паліва і змазачныя матэрыялы на 40%. Раней выдаткі на паліва складалі 54 капейкі на кіламетр, цяпер — 26.

20-16 копия.jpg

— Грошы, якія мы выручылі ад рэалізацыі гэтага пілотнага праекта, накіравалі на рост дабрабыту калектыву — павысілі зарплату вадзіцелям і работнікам філіяла на 35%, — падкрэслівае дырэктар. — Разам з гэтым на высокую планку паднялі прэстыж прафесіі вадзіцеля. І працоўнае месца стала больш камфортнае, і зарплата падрасла.

Для сілкавання транспарту была пераабсталяваная трансфарматарная падстанцыя — заменены трансфарматары і падведзены кабельныя лініі для зарадных станцый. На тэрыторыі аўтапарка сёння функцыянуе 8 зарадных станцый, на 6 з якіх адначасова могуць зараджацца два электробусы і на дзвюх — па адным.

Не праца, а адпачынак

  • У аўтапарку працуе 15 вадзіцеляў, самаму маладому — 26 гадоў. Ён прыйшоў сюды адразу ж пасля арміі, задаволены і работай, і зарплатай, якая больш за 2 тысячы рублёў. Усе кіроўцы вопытныя, паспяхова прайшлі перападрыхтоўку для работы на электробусах. У Шклоў з Мінска прыязджаў спецыяліст, які паказаў устройства новай машыны і прынцып кіравання ёй.

— Вельмі зручны транспарт, — пацвярджае вадзіцель Мікалай Дзмітрыеў. — У яго шмат пераваг. Крэсла камфортнае, ёсць тры становішчы. Спіна больш не баліць. І непрыемных пахаў у салоне няма. З падзарадкай праблем не ўзнікае. Вытворца гарантаваў, што адной зарадкі хопіць на 200 кіламетраў, але летам яе хапае і на больш. А зараджаецца машына прыкладна 4-6 гадзін

Вадзіцель Васіль Ялама працуе нядаўна, але і яму ёсць з чым параўнаць — паспеў і на старых машынах паездзіць.

20-15 копия.jpg

— На электробусе, канешне, камфортна, — кажа ён. — Кабіна большая, крэсла з падлакотнікамі. Машына рухаецца мякчэй і цішэй, кіроўцу зручна ездзіць. Кіраванне аўтаматычнае, для руху наперад ці назад — толькі кнопкі націскай. Педалі прымяняюцца толькі, каб тармазіць або паддаць газу. Адзінае шкада, што кандыцыянер адсутнічае. Зімой тэмпература ў салоне рэгулюецца з панэлі, а вось летам ахалоджваемся натуральным шляхам — праз фортачкі. Аднак гэта дробязі, пераваг нашмат больш

У адрозненне ад сваіх сабратаў з механічнай трансмісіяй, электробусы яшчэ і даўжэйшыя па памеры, а значыць, больш умяшчальныя. Аўтобусы былі ад 7 да 12 метраў, а гэтыя — 12,5. Са старых аўтобусаў у аўтапарку засталося толькі некалькі машын для выканання заказаў ад насельніцтва, астатнія перададзеныя іншым аўтапаркам, якія мелі патрэбу.

Транспарт будучага

Павел Цімошчанка з веданнем справы гаворыць, што беларускія электробусы не горшыя еўрапейскіх аналагаў.

20-14 копия.jpg

— Мы наогул зрабілі вялікі крок наперад па вытворчасці машын і абсталявання, — кажа ён. — Вельмі добрая зборка, якасць вузлоў і агрэгатаў. Наш айчынны аўтапрам вельмі сур’ёзна развіваецца. Нядаўна мы набылі МАЗ 6516 — камплектуючыя і эрганоміка нічым не адрозніваюцца ад еўрапейскіх. Мы, можна казаць, у топе. Навука і тэхніка ў Беларусі развіваюцца імкліва. Электрамабілі — гэта сур’ёзная заяўка на будучыню. Добра, што ўпор робіцца на іх. У Беларусі ёсць АЭС і свая электраэнергія. Кілават для нашай зараднай станцыі каштуе 26 капеек. Усё робіцца для таго, каб электратранспарт развіваўся. За ім будучыня. Экалогію за грошы не купіш. Яе трэба берагчы. Для вялікіх гарадоў, дзе высокая загазаванасць, электробусы наогул неабходнасць

Нэлі ЗІГУЛЯ. 

г. Шклоў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю