Top.Mail.Ru

Адкрылася першая ў краіне музейная экспазіцыя, прысвечаная УНС

Каб моладзь ведала найноўшую гісторыю.



У сталічнай гімназіі № 37 адкрылася першая ў краіне музейная экспазіцыя «Гісторыя адзінства», якая прысвечана Усебеларускаму народнаму сходу і ўяўляе сабой адукацыйную і культурную прастору, створаную для захавання і папулярызацыі матэрыялаў аб дзейнасці органа.

Ініцыятарам праекта стала дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Прэзідыума УНС Марына ЛЯНЧЭЎСКАЯ: «Слоган нашай гістарычнай экспазіцыі „Адзінства народа — адзінства пакаленняў“, — адзначыла дэпутат. — Таму сімвалічна, што размясцілася яна ва ўстанове адукацыі. Яе мэта — выявіць і захаваць прадметы, а таксама навукова-дапаможныя матэрыялы аб Усебеларускім народным сходзе. Іх вывучэнне, улік, экспанаванне і папулярызацыя будуць спрыяць адукацыйным і выхаваўчым задачам установы адукацыі, патрыятычнаму выхаванню школьнікаў, фарміраванню пачуцця датычнасці да нашай гісторыі, паважліваму стаўленню да дзяржаўных сімвалаў і інстытута дзяржаўнай улады. Магчыма, наша лакальная ініцыятыва стане пачаткам вялікага дзяржаўнага праекта, бо станаўленне і эвалюцыя УНС — важная старонка гісторыі Беларусі».


photo_2025-06-19_16-43-49.jpg
Экспазіцыя мае асаблівае значэнне перш за ўсё для маладзёжнай аўдыторыі. Важна, каб падлеткі ведалі, як праходзіла станаўленне, якімі падзеямі напоўнена гісторыя роднай краіны. Менавіта Усебеларускі народны сход як вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Беларусі прымае рашэнні, якія з’яўляюцца вектарамі яе далейшага развіцця. Ён — цяпер ужо ў сваім новым канстытуцыйным статусе — выконвае вельмі важныя задачы. У тым ліку захаванне суверэнітэту, непахіснасць канстытуцыйнага ладу і пераемнасць пакаленняў.

Паводле слоў Марыны Лянчэўскай, для лепшага пагружэння ў тэму музейнай экспазіцыі распрацаваны спецыяльны дызайн памяшкання, а для яе напаўнення выкарыстаны архіўныя матэрыялы Прэзідэнцкай бібліятэкі, Беларускага дзяржаўнага архіва, фатаграфіі дзяржаўных СМІ. Для стварэння інтэрактыўнасці існуюць QR-коды, якія накіроўваюць на фота, відэа, дакументы, якія адносяцца да дзейнасці УНС.
photo_2025-06-19_16-43-44.jpg
Кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы Арцём ШАГІДЗЕВІЧ адзначыў, што ўнікальнасць экспазіцыі заключаецца ва ўвасабленні ёю народнага адзінства. «Усе разам сабраліся, арганізаваліся і зрабілі. Спадзяюся, што гэты вопыт будзе прымножаны як мінімум у Фрунзенскім раёне горада Мінска. Ён можа паслужыць добрай ідэяй і для іншых».
Сямікласнік сталічнай гімназіі № 37 Данііл ЛЕЎШЫН стаў удзельнікам конкурсу макетаў значных аб’ектаў нашай краіны, якія былі пабудаваныя ў перыяд з 1996 па 2024 гады. Макеты якраз сталі часткай музейнай экспазіцыі, яна яшчэ будзе папаўняцца экспанатамі: «Мы з мамай сканструявалі макет Дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны. Наша работа прымеркавана да 80-годдзя Перамогі. Перш чым зрабіць макет, мы з сям’ёй хадзілі на экскурсію ў гэты самы музей. Вельмі ўразіліся! Вынікам стаў цяпер ужо экспанат музейны».
Дарэчы, у рамках мерапрыемства ад імя арганізацыі РГА «Белая Русь» Фрунзенскага раёна прайшло ўзнагароджанне тых вучняў гімназіі, якія бралі ўдзел у конкурсе макетаў, сярод якіх — макеты Палаца Рэспублікі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, «Мінск-арэна» і іншыя.
Яна ВАЛАСАЧ,

фота аўтара.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю