Top.Mail.Ru

У «Індустрыяльна-педагагічным каледжы» рыхтуюць спецыялістаў, якія сёння асабліва запатрабаваныя

19.06.2025 | 18:53

Прафесія — майстар, прызванне — педагог.


Філіял «Індустрыяльна-педагагічны каледж» (ІПК) установы адукацыі «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі» з багатай гісторыяй, якая пачалася ў далёкім пасляваенным 1947-м, сёння называюць адным з самых сучасных і тэхналагічных. А яшчэ ён унікальны тым, што тут разам са спецыялістамі будаўнічых прафесій і мэблевай вытворчасці рыхтуюць прафесіяналаў педагагічнага профілю — майстроў вытворчага навучання і настаўнікаў тэхнічнай працы і чарчэння.

На прыступках перад уваходам у каледж чародка дзяўчат нешта ажыўлена абмяркоўвала. Падышоўшы да іх бліжэй, зразумела, што гаворка ідзе пра тое, пра што звычайна гавораць юныя лэдзі за сценамі навучальнага класа, — пра ўборы, хуткія канікулы і іншыя дзявочыя дробязі. Маладыя, вясёлыя... І было цяжка ўявіць, што праз нейкі час некаторыя з іх пачнуць навучаць прафесіі іншых, а ў вучнях будуць практычна іх аднагодкі.

045A3783.JPG

Дзе вучыўся, там і спатрэбіўся

— А вы не здзіўляйцеся, — адказвае на мае сумненні намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце каледжа Антаніна БЯГАНСКАЯ. — У нас дзяўчаты паспяхова асвойваюць прафесіі зваршчыка, муляра і іншыя, якія прынята лічыць зусім не жаночымі.

Так пачалося наша знаёмства з педагогам, чыя працоўная дзейнасць — ад студэнцтва і да сённяшняга дня — звязана з каледжам. Прыйшла сюды выпускніцай цяперашняга БНТУ ў 1997 годзе і вырашыла спыніцца на выкладанні. Для гэтага інжынеру-будаўніку прыйшлося «перакваліфікавацца», атрымаўшы яшчэ адну адукацыю па педагагічным профілі. У выніку сёння Антаніна Уладзіміраўна кіруе вучэбнай работай у якасці намесніка дырэктара ІПК і ведае пра родную ўстанову адукацыі ўсё. Напрыклад тое, што ў каледжы ёсць выдатная традыцыя выхоўваць кадры ўнутры калектыву, развіваць іх, даваць пуцёўку ў жыццё.

З адным з такіх выпускнікоў мы знаёмімся ў Цэнтры кампетэнцыі сучасных зварачных тэхналогій.

— Каледж стаў часткай майго жыцця, — расказвае намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Сяргей РЫБАК. — Я прайшоў тры ступені адукацыі — прафесійна-тэхнічную, сярэдне-спецыяльную і вышэйшую — і лічу гэта правільным. Па-першае, шматступенная траекторыя адукацыі дапамагае стаць сапраўдным прафесіяналам з вялікім досведам. Па-другое, кожная новая ступень дадае жыццёвага вопыту. І калі ты прыходзіш на сваё працоўнае месца ў якасці майстра вытворчага навучання, ты ўжо ведаеш, як і чаму перш за ўсё трэба вучыць моладзь: паважаць выбраную прафесію, ганарыцца ёю. Калі ёсць гэта пачуццё, то навучыцца працоўным навыкам значна лягчэй.

Цэнтр прыцягнення

Цэнтр кампетэнцыі, у якім праходзіла наша гутарка — гэта гонар каледжа і мара кожнага сучаснага зваршчыка. У яго арсенале нарыхтоўчая майстэрня з оптавалаконным лазерным станком для рэзкі металу, машына плазменнай і газакіслароднай рэзкі з ЧПУ, прасторная зварачная майстэрня з індывідуальнымі боксамі, у якіх навучэнцы адточваюць навыкі па ўсіх відах зваркі. У лабараторыі механізацыі і аўтаматызацыі зварачнай вытворчасці ўсталяваны трэнажор з дапоўненай рэальнасцю, які дапамагае адпрацоўваць задачы па накладанні швоў на ўсе асноўныя тыпы зварных злучэнняў. Такая рэальнасць дае эфект «жывога» працэсу, але ў той жа час не наносіць шкоды здароўю навучэнца, эканоміць рабочыя матэрыялы і электраэнергію.

Будучы зваршчык, экіпіраваны ахоўнай маскай, з гарэлкай у руцэ, бачыць шво, як кладзецца метал, і нават чуе рэальны шум зварачнага працэсу — так развіваецца маторная памяць. Вынік працы навучэнец праглядае ў 3D-мадэлі. Прамысловы рабатызаваны зварачны комплекс можа выконваць работы любой складанасці, забяспечваючы найвышэйшую якасць.

— Наш Цэнтр кампетэнцыі з’яўляецца ў прамым сэнсе і цэнтрам прыцягнення, —кажа Сяргей Рыбак. — Тут праводзяць навучальныя практыкі і вытворчае навучанне для студэнтаў з іншых навучальных устаноў.

045A4982.JPG

У цэнтр, па словах намесніка дырэктара па вытворчым навучанні, зазіраюць нават вопытныя зваршчыкі — падшліфаваць сваё майстэрства ва ўмовах сучасных тэхналогій.

Па новых кірунках

Каледж, якому ў гэтым годзе спаўняецца 78 гадоў, шмат у чым з’яўляецца наватарам сучасных рашэнняў у сферы адукацыі. Менавіта тут у рамках спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва» стартавала эксперыментальная практыкаарыентаваная праграма па ўкараненні BІM-тэхналогій (інфармацыйнага мадэліравання) у навучальны працэс. Такім чынам, упершыню ў краіне будучыя спецыялісты з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй атрымалі магчымасць вывучаць лічбавыя праграмныя прадукты.

— Нават выкладчыкі каледжа прайшлі спецыяльную падрыхтоўку па засваенні BІM-тэхналогій, — гаворыць намеснік дырэктара Антаніна Бяганская.

Аналіз рынку працы, па яе словах, пастаянны абавязак педкалектыву ІПК. Гэта дае разуменне, якія спецыялісты там патрабуюцца. А з разуменнем прыходзіць і неабходнасць адкрываць навучанне на сучасныя і запатрабаваныя спецыяльнасці, у тым ліку звязаныя з педагагічнай дзейнасцю ў вытворчай сферы.

— Сярод іх — «Тэхнічная праца і чарчэнне» з кваліфікацыяй настаўніка, «Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання» з кваліфікацыяй тэхніка-электрыка і майстра вытворчага навучання, «Вытворчасць мэблі (педагагічная дзейнасць)» з кваліфікацыяй майстра мэблевай вытворчасці і майстра вытворчага навучання, а таксама «Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў (педагагічная дзейнасць)» з кваліфікацыяй тэхніка-будаўніка і майстра вытворчага навучання, — пералічвае намеснік дырэктара. — Акрамя таго, ёсць спецыяльнасці, звязаныя з эксплуатацыяй і ўзвядзеннем будынкаў і збудаванняў, у тым ліку энергаэфектыўных, а таксама мантажом і эксплуатацыяй санітарна-тэхнічнага абсталявання. У каледжы рыхтуюць спецыялістаў і па арганізацыі атэльных і турыстычных паслуг.

Спецыяліст і педагог

— Якімі якасцямі павінен валодаць майстар вытворчага навучання? — з гэтым пытаннем мы звярнуліся да выкладчыка вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ІПК Ірыны СІЛІНАЙ.

— Гэта і педагог, і высокакваліфікаваны спецыяліст у сваёй сферы, настаўнік, — адказвае яна. — А асаблівасцю гэтай спецыяльнасці і адрозненнем ад педагагічнай працы з’яўляецца тое, што выпускнік вучыць сваіх падапечных не за партамі, а на практыцы.

На думку суразмоўцы, майстар вытворчага навучання — прафесія шматгранная, бо спецыялісту даводзіцца мець справу і з людзьмі, і з тэхнікай, і з абсталяваннем. Вялікае значэнне маюць асабістыя якасці настаўніка — вытрымка і настойлівасць, здольнасць пераконваць і выразна фармуляваць свае думкі, даходліва тлумачыць і пры гэтым абавязкова мець шырокі кругагляд.

— Акрамя гэтага, ужо пры праходжанні педагагічнай і пераддыпломнай практык будучы майстар вытворчага навучання асвойвае навык аналізу сваёй працы: адсочвае дынаміку, знаходзіць прычыны поспехаў і недахопаў і думае над тым, якія ўжываць стымулы для матывацыі або больш дзейсныя формы і метады практычнага навучання, — падкрэслівае выкладчык.

Для таго каб усё гэта прасоўваць і зрабіць падрыхтоўку майстроў максімальна практыкаарыентаванай, з мінулага года ІПК удзельнічае ў рэспубліканскім эксперыменце па распрацоўцы і апрабацыі навукова-педагагічнага модуля пры падрыхтоўцы майстроў вытворчага навучання.

Алена ВІНАГРАДАВА,

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю