Top.Mail.Ru

Прэзідэнт Расіі распавёў пра плённае супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве і стратэгічныя перспектывы ЕАЭС

19.06.2025 | 19:03

«У нас усё атрымаецца».


Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на сустрэчы з кіраўнікамі сусветных інфармацыйных агенцтваў на палях Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму, адказваючы на пытанне гендырэктара БелТА.

Ірына Акуловіч пацікавілася ў Прэзідэнта Расіі: ці ёсць у Саюзнай дзяржавы план Б, у выпадку калі санкцыйны націск будзе ўзмацняцца?
«Першае — гэта план А. І там прапісана, што і як мы павінны рабіць для таго, каб развіваць нашы адносіны і нашы эканомікі, — сказаў Уладзімір Пуцін. — Потым план Б. Калі нешта не атрымліваецца, глядзі план А. У нас усё атрымаецца. Нават няма ніякіх сумненняў. Таму што ўзровень тавараабароту паміж Расіяй і Беларуссю дасягнуў $50 млрд. Гэта сур’ёзныя лічбы». І рост прадаўжаецца. «Прадаўжаецца ў тым ліку за кошт кааперацыі. Мы шукаем магчымасці развіцця нашых адносін у розных сферах, дзе раней, можа, і не супрацоўнічалі, або нейкае супрацоўніцтва было яшчэ з часоў Савецкага Саюза. У мікраэлектроніцы, дапусцім. Лукашэнку многія лаялі, падсмейваліся з яго за тое, што ён захоўвае нейкую савецкую планавую сістэму і гэтак далей. Па-першае, гэтага няма, — адзначыў Прэзідэнт РФ. — А, па-другое, усё ж такі Аляксандр Рыгоравіч захаваў некаторыя галіны, якія цяпер, ва ўмовах жорсткіх санкцый, аказаліся як ніколі запатрабаваныя. У тым ліку прадпрыемствы ў галіне мікраэлектронікі. Так, зразумела, там трэба выходзіць на іншыя лічбы, шмат што трэба зрабіць, і ўсё гэта ў іншых краінах рабілася дзесяцігоддзямі. Але ў нас ёсць магчымасць зрабіць добры крок, такі хуткі, моцны, вялікі крок сумесна».
У нас ёсць магчымасці супрацоўніцтва ў авіябудаванні. «Недзе, можа, невялікія самалёты Беларусь можа рабіць сама, пры нашай кааперацыі, а недзе ўдзельнічаць у больш глыбокай кааперацыі па вытворчасці лятальных апаратаў, фінальная зборка якіх будзе адбывацца ў Расіі, — удакладніў Уладзімір Пуцін. — У нас у галіне сельгастэхнікі ўзаемная кааперацыя таго, што збіраецца на тэрыторыі Расіі, дасягае далёка за 50 працэнтаў. Я цяпер нават не буду пералічаць усё іншае. У нас вельмі шмат кірункаў узаемадзеяння. Беларусь, як вядома, адзін з найбуйнейшых сусветных пастаўшчыкоў угнаенняў. Але практычна ўвесь аб’ём ідзе цяпер на экспарт праз Расійскую Федэрацыю, праз расійскія парты».
  • «У нас ёсць пытанні, па якіх мы спрачаемся. Прычым гэтыя спрэчкі ідуць нон-стоп, на пастаяннай аснове. Я проста цяпер не буду ўдавацца ў дэталі, але ў канчатковым выніку мы знаходзім рашэнне заўсёды, таму што імкнёмся да пошуку шчыра. Таму знаходзім. Упэўнены, так будзе і далей», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
ЕАЭС — найбольш глыбока інтэграванае аб’яднанне на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. «Прычым інтэграванае менавіта не на словах, а на справе, — сказаў Уладзімір Пуцін. — Некалі Казахстан выступіў ініцыятарам стварэння ЕАЭС. За што мы ўдзячны нашым сябрам. І гэта структура развіваецца. Так, там не ўсё проста. Так, мы, можа, не гатовыя яшчэ да стварэння канчаткова адзіных рынкаў у некаторых сферах энергетыкі. Але мы да гэтага ідзём. І прыйдзем да гэтага. Тут няма ніякіх сумненняў».

Пытанне ў часе, у тэмпах, удакладніў Прэзідэнт Расіі. «Вы ведаеце, напэўна, нашы пастаянныя дыскусіі ў галіне паставак энерганосьбітаў. Мы знаходзімся тут у развязцы (дыскусій. — „Зв.“). Мы часам знаходзім вельмі арыгінальныя рашэнні. Я цяпер не хачу нават удавацца ў дэталі, каб публічна аб гэтым не гаварыць. Але мы ж знаходзім іх. Упэўнены, і далей будзем знаходзіць, — адзначыў ён. — У мяне і ў галіне супрацоўніцтва ў рамках ЕАЭС вельмі аптымістычныя настроі, і ў галіне двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў сферы будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Намі тут вельмі шмат зроблена за апошнія гады. Мы дасягнулі вельмі вялікіх працэнтаў, калі ўжо на працэнты пераводзіць. І мы фактычна выканалі амаль увесь наш план. Мы вельмі важныя рэчы зрабілі ў галіне мытні і падатковай статыстыкі. Падаткі і мытня — гэта рэчы фундаментальнага характару для стварэння ўмоў далейшага супрацоўніцтва ў галіне эканомікі».
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю