Top.Mail.Ru

Як прайшло Рэспубліканскае свята выпускнікоў ВНУ — 2025 у сталіцы

«Самы лепшы выпускны» — так называўся доўгачаканы вечар для выпускнікоў ВНУ — 2025, які прайшоў днямі ў Мінску. Нягледзячы на дождж і вецер, з цудоўным настроем і пачуццём неверагоднага хвалявання будучыя маладыя спецыялісты развітваліся са студэнцтвам. Ва ўрачыстасці сёлета ўзялі ўдзел амаль тры тысячы выпускнікоў ВНУ з усіх рэгіёнаў краіны. Карэспандэнт «Звязды» таксама была на свяце ў якасці выпускніцы.


Міністр адукацыі Андрэй Іванец павіншаваў найлепшых юнакоў і дзяўчат, якія выдатна праявілі сябе ў вучобе, грамадскім жыцці і спорце. Ён адзначыў, што выпускны — вельмі важны, знакавы дзень для кожнага маладога чалавека, таму што, па вялікім рахунку, студэнты атрымалі пуцёўку ў дарослае жыццё і ўжо хутка прыйдуць на першае рабочае месца. «Сёння вы стаіце на парозе дарослага жыцця. Мінулі — бяссонныя ночы, цяжкія сесіі, развітанне з выкладчыкамі і сябрамі. Але ўжо заўтра перад вамі адчыняцца ўсе дзверы: вас чакаюць у кожным кутку нашай краіны. Хтосьці будзе вучыць дзяцей, хтосьці лячыць людзей, а хтосьці — будаваць нашу Беларусь. І як сказаў наш Прэзідэнт, узнагароджваючы найлепшых з найлепшых выпускнікоў, — свет велізарны, а Беларусь у нас адна. Любіце сваю Радзіму!»

изображение_2025-06-21_090336001.png

Андрэй Іванец таксама выказаў упэўненасць, што маладыя людзі апраўдаюць надзеі і сваёй стваральнай працай пакажуць, што беларусы — гэта міралюбная і працавітая нацыя.

«Выпускнікі-2025 — будучыня нашай краіны, таму хочацца верыць, што ўсё ў іх будзе добра, — сказаў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Аляксандр Жук. — Бо наша дзяржава на чале з Прэзідэнтам робіць усё для таго, каб маладыя спецыялісты знаходзілі сваё рабочае месца, прыносілі карысць краіне і нашай Айчыне. Хочацца пажадаць выпускнікам знайсці сябе ў гэтым жыцці. Яны атрымалі выдатную адукацыю ў сваіх універсітэтах. І сёння краіна, наша эканоміка чакае маладое папаўненне прафесіяналаў, якія будуць працаваць і ствараць будучую Беларусь».

Аўтарам і рэжысёрам сёлетняга выпускнога стала Уладзіслава Арцюкоўская. Яна паведаміла, што арганізаванае мерапрыемства — падарунак выпускнікам ад Прэзідэнта нашай краіны: «Мы робім трэці год запар грандыёзнае шоу ў цэнтры сталіцы спецыяльна толькі для выпускнікоў. У гэтым годзе ў нас цэлая музычная лабараторыя, у якой задзейнічаны і спецыяльны хор, і дыджэі, і Прэзідэнцкі аркестр для таго, каб ствараць як сучасныя хіты, так і хіты, якія спявалі нашы бабулі і дзядулі на сваіх выпускных, але ў зусім новым фармаце».

Каля Палаца спорту для юнакоў і дзяўчат святочным вечарам сапраўды падрыхтавалі шмат захапляльных актыўнасцяў. Перад пачаткам мерапрыемства ўрачысты настрой ствараў МС ADAHOVSKІ, а таксама беларускія DJ ELLAY, DJ BUDDHA’UNІQUE і папулярны выканаўца Шыр у суправаджэнні шоу-балета «Феерыя». Акрамя таго, выступаў Lyrіq (Кірыл Ермакоў. — Заўв. аўт.) — наш зямляк, які піша песні для Zіvert, Мота і іншых вядомых выканаўцаў. Падбадзёрваў публіку таксама ўлюбёнец моладзі Ваня Дзмітрыенка. У давяршэнні да ўсяго, мерапрыемства было напоўнена разнастайнымі кібергульнямі, дайджэстамі і шоу.

Для выпускніцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Анастасіі гэты вечар — магчымасць весела правесці час з равеснікамі ў самым цэнтры сталіцы. Дзяўчына з гонарам адзначыла: «Скончылася пара напружанага навучання, здачы экзаменаў і абароны дыплома. Цяпер крыху адпачнём — і новы этап». Гаворачы аб планах на будучыню, яна падкрэсліла: «Я хачу застацца ў сваёй краіне, працаваць на яе карысць».

Выпускнік філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір прыйшоў са святочным настроем, але ў той жа час з пачуццём лёгкага суму: «Завяршаецца той перыяд часу, калі я павінен пакінуць сям’ю ўніверсітэта, якая стала мне роднай. Я скончыў ВНУ з чырвоным дыпломам, літаральна ўчора абараніў дыпломную работу на „выдатна“. Даследаваў з’яўленне і трансфармацыю грэчаскіх тэрмінаў „права“ і „справядлівасць“ у грэчаскай літаратуры з часоў Гамера да Апостала Паўла». У хлопца такія навуковыя інтарэсы нездарма. Яго першая адукацыя — багаслоўская, якую ён атрымаў у Мінскай духоўнай семінарыі. А яшчэ выпускнік валодае дзевяццю мовамі. Сапраўды, ёсць чым ганарыцца!

256032-26.jpg

256032-17.jpg

Выпускніца Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя М. Танка Улада прызналася, што развітвацца са студэнцкімі гадамі аказалася складана: «Ва ўніверсітэце змагла сябе раскрыць з розных бакоў. Выйграла праект БДПУ „Ты ў танцах“, была камісарам студэнцкага атрада „Сузор’е“. Кіравала атрадам „Зорнага паходу“. Мой сярэдні бал — дзевяць. З аднаго боку, ужо хачу прыступіць да работы, а з другога — вельмі люблю сваё студэнцтва».

Выпускнік Іван — афіцэр баявога кіравання, скончыў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Юнак падзяліўся сваімі ўражаннямі ад святочнага мерапрыемства і планамі на будучыню: «Свята, годнае заканчэння ўстановы вышэйшай адукацыі, — падкрэсліў выпускнік. — У мяне бацька ў грамадзянскай авіяцыі, я таксама вырашыў звязаць сваё жыццё з авіяцыяй, толькі ваеннай. Усе чатыры гады вучобы прайшлі ярка, нешта больш запомнілася, нешта менш. Заўсёды буду памятаць сваіх педагогаў, заняткі, стральбу са зброі на навучальных палігонах, практычныя заняткі, дзе кіравалі самалётамі на авіяцыйных базах. Далей у мяне ў планах служба Радзіме».

256032-03.jpg

256032-55.JPG

Яна ВАЛАСАЧ

Фота і відэа: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю