0

З Брэста стартаваў чарговы «Цягнік Памяці»

21.06.2025 | 13:42

У Брэсце памятныя мерапрыемствы пачаліся ўжо ў суботу з самага ранку. А ў поўдзень на брэсцкім вакзале сабралася шмат людзей, каб сустрэць «Цягнік Памяці». Гэты ўнікальны праект упершыню стартаваў тры гады таму, таксама 21 чэрвеня, у Брэсце. Тады пасажырамі цягніка сталі дзве сотні беларускіх і расійскіх школьнікаў, цяпер геаграфія ўдзельнікаў праекта значна пашырылася — далучыліся хлопцы і дзяўчаты з іншых рэспублік былога СССР.


Разам яны праедуць па 15 гарадах Беларусі і Расіі і наведаюць памятныя мясціны, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, возьмуць удзел у тэматычных сустрэчах, убачаць многія славутасці, культурныя, гістарычныя аб’екты. А галоўнае — пазнаёмяцца, будуць шмат камунікаваць, абменьвацца думкамі і меркаваннямі.

У канферэнц-зале Брэсцкага аблвыканкама адбылася афіцыйная частка сустрэчы «Цягніка Памяці» ў выглядзе дыялогавай пляцоўкі. Перад яе пачаткам была арганізавана выстаўка здымкаў з папярэдніх праектаў. Паказалі невялікі, але кранальны відэасюжэт з «Цягніка Памяці» 2024 года.

Дыялогавая пляцоўка прайшла надзвычай ажыўлена. На пытанні школьнікаў адказвалі кіраўнік Савета Рэспублікі Наталля Качанава, віцэ-спікер Савета Федэрацыі Канстанцін Касачоў (дарэчы, менавіта па ініцыятыве кіраўнікоў Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі і распачаўся гэты ўнікальны праект), старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, міністр адукацыі нашай краіны Андрэй Іванец.

Наталля Качанава звярнулася да ўдзельнікаў праекта з пранікнёнымі словамі: «Памятайце гісторыю, якая звязала нашы краіны! Мы павінны быць разам. Нас аб’ядноўваюць агульнае мінулае, агульныя каштоўнасці, агульная боль і агульная Перамога». Старшыня Савета Рэспублікі нагадала, што савецкі народ разам здабываў перамогу, усе народы, людзі ўсіх нацыянальнасцяў былі адной сям’ёй: «Вы — нашчадкі пераможцаў, нашчадкі тых людзей, якія цаной жыцця адстаялі свабоду, абаранілі сваіх родных і блізкіх». «...Старэйшае пакаленне шчаслівае тым, што ў сэрцах маладых жыве памяць», — дадала Наталля Качанава.

r9szi971b0pc8qxklenwgxinl2czfh2l.jpg

Пётр Пархомчык падкрэсліў асаблівую ролю Брэста: «Мы ў Брэсце зберагаем гэтую памяць... Наш абавязак — спрыяць сувязі пакаленняў на шляху захавання памяці». Кіраўнік Брэстчыны расказаў, якая роля ў гэтай справе адводзіцца Рэспубліканскаму цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі, што нядаўна пачаў сваю работу і адразу становіцца міжнародным, бо ўжо ў гэтым годзе сюды прыедуць групы юнакоў з Іркуцкай і Пензенскай абласцей. Тэму падхапілі ўдзельнікі дыскусіі, спыталі губернатара, як трапіць на адпачынак у цэнтр.

...Пытанняў было шмат. Школьнікі расказвалі пра гісторыі сваіх родных, пыталіся пра асабістае ў дарослых удзельнікаў дыялогу.

***

А перад пачаткам падарожжа ўдзельнікі праекта падзяліліся ўражаннямі і чаканнямі.

Пасажырка «Цягнікі Памяці» Дар’я Курманская адзначыла, што чакае ад падарожжа шмат новых, шчырых эмоцый. «Хочацца адчуць дыханне гісторыі, адчуць усю працу і подзвіг нашага народа. Я чакаю мора новых прыгод, новых і цікавых знаёмстваў, і я ў прадчуванні, — сказала яна. — Мы размаўлялі з удзельнікамі першага „Цягніка Памяці“, з удзельнікамі мінулага года, яны нам расказвалі пра свае падарожжы, уражанні, ім вельмі ўсё спадабалася. І я спадзяюся, што ў нас таксама ўсё пройдзе вельмі класна, вельмі выдатна, і мы атрымаем неймаверны досвед, які дапаможа ў будучыні. Лічу, што гэта неверагодная магчымасць унесці асабісты ўклад у захаванне гістарычнай памяці: павага да мінулага — наша ўсё».

256036-13.jpg

256036-16.jpg

Марыя Андрэева таксама ў прадчуванні. «Чаканні вельмі вялікія, хочацца атрымаць мора ўражанняў, знайсці мноства новых сяброў. У мяне ёсць знаёмыя, якія былі ўдзельнікамі мінулых сезонаў, яны ўсе прыязджалі з вагонам новых эмоцый, уражанняў. Знаёмыя з розных краін з’яўляюцца, і яны працягваюць камунікаваць, дзяліцца, і гэта незабыўна», — сказала ўдзельніца праекта.

Яе сяброўка Надзя Карыэр дадала: «Я хачу ўбачыць на свае вочы месцы, пра якія нам расказваюць на ўроках гісторыі, пагутарыць з людзьмі, абмяняцца вопытам. На мой погляд, удзел у культурна-адукацыйным праекце „Цягнік Памяці“ мае вялікае значэнне ў захаванні гістарычнай памяці і выхаванні патрыятызму».

«Мы ўсе шмат ведаем пра гісторыю вайны, безумоўна, менавіта тэарэтычную частку з кніг. А паездка дазволіць нам убачыць гэта ўсё на свае вочы, адчуць дух тых падзей. Таксама каштоўныя новыя знаёмствы. У мяне шмат сяброў, якія ездзілі ў мінулыя гады, і іх яркія пасля праекта аповеды пра тое, як гэта крута, настолькі мяне натхнілі, што я зразумела: абавязкова павінна трапіць сюды і не ўпусціць гэтую магчымасць», — сказала Арына Мамедава.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю