«Кузбас для нас блізкі»
«Калі вы думаеце, што Сібір для нас — гэта нешта чужое, вы памыляецеся, — звяртаючыся да Ільі Серадзюка, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта роднае, блізкае, зразумелае нам. Яшчэ і таму, што там сёння не зусім шмат, але некалькі тысяч беларусаў жыве. У свой час (хто па сваёй волі, хто — не) з’ехалі туды да вас, і вялікіх праблем, думаю, яны вам там не ствараюць. І таму нам Сібір недалёкая. І Кузбас як жамчужына Сібіры, вядома, для нас блізкі».
Прэзідэнт расказаў пра сваю паездку ў рэгіён у канцы 1990-х гадоў, калі Кузбасам кіраваў Аман Тулееў. Тады абмяркоўвалі праблему пэўнай дарагавізны беларускай тэхнікі. «Ён мне шчыра казаў: «Неяк дарагавата, але я ведаю, чаму». Я кажу: «Ёсць магчымасць гэта вельмі проста вырашыць. Давай дамовімся, Аман: я табе прывожу сюды па цэнах Беларусі тэхніку, а далей ты прадавай, каму палічыш патрэбным, і забірай гэту нацэнку ад гандлю і гэтак далей, але тады да мяне прэтэнзій не будзе».
Па словах кіраўніка дзяржавы, праблема пасрэдніцтва да канца не вырашана і дагэтуль. «Пасрэднікі былі і ёсць, але яны не павінны быць нядобрасумленнымі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вы ведаеце, куды іх грошы сыходзяць, і нацэнкі яны робяць не малыя. Таму, калі ёсць такая неабходнасць, мы са свайго боку вельмі жорстка кантралюем цэны».
Тым больш, як акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, усе буйныя кампаніі, якія гандлююць з Кузбасам, з’яўляюцца дзяржаўнымі: яны кірованыя і разумеюць мэту двухбаковых узаемаадносін. «Гэта важна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы і ўнёс прапанову ўзяць дадзенае пытанне пад кантроль беларускім бокам.
«Паўмільярда стабільна мы можам мець тавараабарот»
У Кемераўскай вобласці шырока выкарыстоўваецца беларуская тэхніка. Аднак, нягледзячы на гэта, апошнім часам тавараабарот знізіўся.
«Паўмільярда стабільна мы можам мець тавараабарот, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — І мы ад гэтага адыходзіць не павінны. Я разумею складанасці і цяжкасці, аб якіх кажуць сёння ўсе (толькі лянівы не кажа): вось у Расіі — і стаўкі, і тое, і іншае. Заўсёды можна на нешта спаслацца. Але калі мы паставім перад сабой мэту — пераўзысці ўсё гэта, нівеліраваць — мы гэта можам зрабіць».
На Кемераўшчыне вельмі запатрабаваны беларускія самазвалы БЕЛАЗ. Як звярнуў увагу беларускі лідар, і для БЕЛАЗаў і для іншай тэхнікі Кузбас з’яўляецца своеасаблівым выпрабавальным палігонам. «Самыя перадавыя ўзоры БЕЛАЗаў мы пастаўляем да вас, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Там яны праходзяць апрабацыю, у тым ліку і беспілотныя, і газаматорныя. Мы ў гэтым плане працягнем з вамі працаваць, але ёсць праблема, якую нам з вамі трэба вырашыць. Гэта мультыбрэндавыя цэнтры, якія вы стварылі ў Кузбасе. Так, БЕЛАЗы ў асноўным прадаюцца. Але там выстаўлена ўся тэхніка: і МАЗ, і МТЗ, і „Белкамунмаш“, і сельскагаспадарчая прычэпная тэхніка».
Па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь гатова шырэй супрацоўнічаць з тым рэгіёнам, дзе размешчаны Кузбас. «Гэта палова Сібіры фактычна, густанаселенай Сібіры, — удакладніў ён. — Давайце падумаем разам, як згаданы цэнтр задзейнічаць такім чынам, каб ён аб’ёмы свае павялічваў. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы да гэтага гатовы. Мы гатовы гандляваць з вашымі кампаніямі, якія набываюць у нас машынабудаўнічую, іншую прадукцыю з пэўнымі прэферэнцыямі, у тым ліку і па лізінгу. Адзінае, нам у гэтым плане патрэбны гарантыі. Гарантыі — гэта сумленна. Каб мы паставілі па лізінгу — і аплата была. Бо мы дзясяткі мільёнаў долараў страцілі ў Расіі, калі супрацоўнічалі без гарантый невядома з якімі кампаніямі. Яны развальваліся, сыходзілі, а потым генеральныя пракуроры Расіі і Беларусі па ўсёй Расіі (дзякуй пракуратуры Расіі) шукалі гэтых людзей для таго, каб прыцягнуць да адказнасці. Гэта не справа. Таму нам патрэбны гарантыі».

Акрамя таго, падчас сустрэчы абмяркоўвалася пытанне паставак пасажырскай тэхнікі з Беларусі. «Тралейбусы, аўтобусы, аўтобусы электрычныя — яны ў нас ужо выпрабаваны, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Яны звязваюць гарады, прайшлі выпрабаванні вельмі добра. Калі вас гэта цікавіць, можам і тут падключыцца».
Што датычыцца паставак сельскагаспадарчай тэхнікі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў нашай краіне вырабляецца ўвесь шлейф сельгастэхнікі (ад пасяўной да ўборачнай), якая пераўзыходзіць аналагі замежнай. У поўным аб’ёме ў Беларусі выпускаецца і камунальная тэхніка: у гэтым кірунку наша краіна таксама гатова супрацоўнічаць больш шчыльна.
«Калі вас гэта задавальняе, мы з вамі гатовы працаваць у галіне насенняводства, племяннога развядзення жывёлы, па іншых кірунках, у тым ліку па бульбаводстве (у нас цэлы інстытут, і мы нядрэнна працуем па насенні і новых сартах іншых культур), — адзначыў Прэзідэнт. — Наогул, спектр адносін — вялізны. Калі толькі мы здольны падставіць у чымсьці плячо вашаму рэгіёну, заўсёды гатовы гэта зрабіць».
«Гэта прыклад для пераймання і ўкаранення на нашых прадпрыемствах»
«Нас звязваюць вельмі працяглыя, добрыя адносіны, — канстатаваў губернатар Кемераўскай вобласці. — Тая тэхніка, якую вы пералічвалі, актыўна выкарыстоўваецца ў рэгіёне. Мы ўсе цудоўна ведаем і дарожную тэхніку „АМКАДОР“, якая ў зімовых умовах дапамагае нам снег прыбіраць. Гэта і камунальныя, і сельскагаспадарчыя машыны. Каля 10 % нашых збожжаўборачных камбайнаў — беларускай вытворчасці».
Кіраўнік расійскага рэгіёна праінфармаваў, што напярэдадні дэлегацыя Кемераўшчыны азнаёмілася з навінкамі «Гомсельмаша», у выніку чаго былі ацэнены перспектывы павелічэння паставак гэтай тэхнікі. Акрамя таго, абмяркоўваецца пытанне павелічэнні паставак прадукцыі МАЗа на рынак Кузбаса, у цэлым Расійскай Федэрацыі.
Даўнім партнёрам Кемераўскай вобласці з’яўляецца ААТ «БЕЛАЗ». Падчас гэтага візіту дэлегацыя Кузбаса наведала прадпрыемства. Ілья Серадзюк адзначыў высокую культуру вытворчасці. «Мы азнаёміліся, у якіх умовах працуюць работнікі прадпрыемства і якія сацыяльныя гарантыі дадзены ім, — удакладніў ён. — Гэта таксама прыклад для пераймання і ўкаранення ў нас на тэрыторыях, на нашых прадпрыемствах — сацыяльная адказнасць перад тымі людзьмі, якія прыходзяць працаваць». Акрамя таго, прадстаўнікі Кемераўскай дэлегацыі ўражаны праграмай выдзялення жылля маладым спецыялістам.
Па словах губернатара, Кемераўская вобласць наладзіла тавараабарот з 89 краінамі свету. «Тавараабарот знешняга гандлю з Рэспублікай Беларусь, нягледзячы на тое, што мы знаходзімся на дастаткова аддаленай адлегласці, займае 14 месца, — сказаў ён. — Мы пастаўляем вугаль, прадукцыю металургіі, прадукты харчавання. Адсюль мы набываем высакаякасную тэхніку вытворчасці „АМКАДОР“, МАЗа, МТЗ і БЕЛАЗа».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Даслоўна
«Патэнцыялу і кампетэнцый у беларускіх калег і Кузбаса дастаткова»
У размове з журналістамі Ілья Серадзюк адзначыў, што Кузбас бачыць аснову далейшага эканамічнага росту з Беларуссю ў стварэнні сумесных праектаў па распрацоўцы і вырабе новых відаў тэхнікі. «Не толькі набыццё ўжо вырабленай прадукцыі, але і распрацоўка новых узораў, што могуць прыйсці ўзамен тэхніцы (напрыклад па абслугоўванні гарналыжных схілаў), якую сёння не вырабляюць ні ў Расіі, ні ў Беларусі, — канкрэтызаваў ён. — Патэнцыялу і кампетэнцый у дадзенай сферы ў беларускіх калег і Кузбаса дастаткова, каб мы маглі гэта развіваць».
Ілья Серадзюк адзначыў, што такой новай прадукцыяй могуць стаць ратракі — спецыялізаваныя гусенічныя машыны для падрыхтоўкі гарналыжных схілаў і лыжных трас. Кузбас актыўна развівае гарналыжны турызм, і такія машыны патрэбны рэгіёну. «У нашых краін дастаткова кампетэнцый для таго, каб асвойваць тэхніку, якую сёння завозім з іншых тэрыторый, — удакладніў Ілья Серадзюк. — Шмат такіх пазіцый: і сельскае машынабудаванне, якое можа ў нас развівацца. Але самае галоўнае, ключавое, што мы сёння ўжо рэалізоўваем, — мультыбрэндавы сэрвісны цэнтр па тэхнічным абслугоўванні беларускіх машын. Прадугледжана арганізаваць вялікі склад запчастак і наладзіць работу мабільных брыгад, якія пры неабходнасці змогуць абслугоўваць тэхніку на месцах з мінімальным спыненнем тэхналагічнага працэсу».
Губернатар дадаў, што за шэсць гадоў Кемераўская вобласць купіла больш як 1,4 тысячы машын горназдабыўнога абсталявання з Беларусі. «Тавараабарот за апошнія шэсць гадоў перасягае 2,5 мільярда долараў, — канстатаваў ён. — З Аляксандрам Рыгоравічам мы абмеркавалі неабходнасць пашырэння нашых адносін».

Кіраўнік расійскага рэгіёна расказаў, што недалёка ад пасёлка Шарагеш, які вядомы сваім гарналыжным курортам, плануецца пабудаваць новы аэрапорт. Ён лічыць перспектыўным адкрыццё прамога авіярэйса, які б дастаўляў аматараў гарналыжнага адпачынку ў Кузбас. У сваю чаргу, заўважыў губернатар, жыхары Кемераўскай вобласці скарыстаюцца запрашэннем пабываць у памятных мясцін Беларусі.
Дарэчы, Ілья Серадзюк упершыню ў нашай краіне. Ён вельмі ўражаны развіццём інфраструктуры і дагледжанасцю беларускіх гарадоў, а таксама звярнуў увагу на добраўпарадкаванне памятных мясцін і ваенных пахаванняў. На сустрэчы з Прэзідэнтам губернатар падзяліўся сямейнай гісторыяй. Каля вёскі Філіпавічы Мінскай вобласці ў 1942 годзе загінуў яго стрыечны дзед. Знаходзячыся ў Беларусі, Ілья Серадзюк наведаў абеліск у гонар воінаў і партызан, размешчаны ў гэтым населеным пункце, і ўшанаваў памяць свайго дзеда, усіх савецкіх воінаў, якія аддалі жыццё за Радзіму. Губернатар адзначыў, наколькі трапятліва мясцовыя жыхары ставяцца да ўтрымання гэтых помнікаў. Усе мемарыяльныя мясцін, невялічкія магілы, якія ён сустракаў па дарозе, таксама дагледжаныя, што зрабіла на кіраўніка Кузбаса вялікае ўражанне. Па яго словах, вельмі важна займацца захаваннем гістарычнай памяці, патрыятычнай работай.