0

Аб’ёмы прамысловай вытворчасці ў ЕАЭС павялічыліся на 4,5%

23.06.2025 | 12:17

Пра гэта падчас нядаўняга Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму заявіў Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжан Сагінтаеў.



Ён прыняў удзел у рабоце пленарнага пасяджэння XXVIII ПМЭФ і выступіў на сесіі «Сінэргія рэальнага сектара эканомікі ЕАЭС як адказ на выклікі сучаснасці», паведамілі ў прэс-службе ЕЭК. 

Бакытжан Сагінтаеў падкрэсліў, што рэальны сектар адыгрывае важную ролю ў эканоміцы кожнай краіны Еўразійскага эканамічнага саюза, забяспечваючы вытворчасць тавараў і паслуг, занятасць насельніцтва і аснову для ўстойлівага развіцця. 

— У 2024 годзе аб’ёмы прамысловай вытворчасці ў Саюзе павялічыліся на 4,5%. Узаемныя пастаўкі паміж краінамі ЕАЭС выраслі на 8,1%, інвестыцыі ў асноўны капітал — на 7,5%, — паведаміў кіраўнік Калегіі ЕЭК.

Для паступальнага развіцця прамкааперацыі ў рамках ЕАЭС вызначаны асноўныя напрамкі прамысловага супрацоўніцтва да 2030 года.

— Галоўным чынам акцэнт робіцца на развіцці кааперацыйных сувязяў прадпрыемстваў, у тым ліку праз лакалізацыю сумесных навукаёмістых вытворчасцяў, — адзначыў ён. 

Напрыканцы Бакытжан Сагінтаеў пазначыў шэраг задач, рашэнне якіх будзе садзейнічаць стварэнню неабходных умоў для развіцця рэальнага сектара эканомік краін саюза і нарошчвання аб’ёмаў узаемнага і знешняга гандлю. 

У аснову агульных намаганняў па забеспячэнні дынамічнага развіцця «пяцёркі», як падкрэсліў кіраўнік Калегіі ЕЭК, закладзены прыярытэты кожнай краіны-удзельніцы еўразійскага інтэграцыйнага аб’яднання. Гэта рост эканомікі, стварэнне працоўных месцаў, прыцягненне інвестыцый, тэхналагічнае развіццё, павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі краін ЕАЭС на міжнародных рынках.

Дарэчы, тэма далейшага развіцця эканомік «пяцёркі» стане ключавой на гэтым тыдні ў Мінску, дзе 26-27 чэрвеня пройдзе Еўразійскі эканамічны форум. 

Як распавяла міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Гоар Барсегян у рамках Еўразійскага форуму ў Мінску запланавана даволі насычаная праграма па ўсіх напрамках інтэграцыйнага парадку:

— У прыватнасці, па пытаннях прамысловасці і АПК у нас прадугледжана правядзенне трох мерапрыемстваў. Першае — мы плануем у рамках круглага стала з удзелам экспертаў, прадстаўнікоў дзяржорганаў, абмеркаваць пытанні развіцця кааперацыі ў аграпрамысловым комплексе. Правядзенне другога мерапрыемства прадугледжана па частцы паглыблення інтэграцыі па ўкараненні прамысловых робатаў у серыі прамысловасці. 

Яна патлумачыла, што гэта з’яўляецца ініцыятыўнай прапановай у рамках старшынства Рэспублікі Беларусь у органах саюза ў 2025 годзе:

— На завяршальнай стадыі ўжо прыняцце рашэння па частцы стварэння Еўразійскай тэхна-платформы па робататэхніцы. Прапановы, якія будуць агучаныя, далей лягуць у аснову прыняцця магчымых рашэнняў у рамках «пяцёркі». 

Што датычыцца трэцяга круглага стала, профільны міністр ЕЭК расказала, што ён будзе прысвечаны выкарыстанню ядзерных тэхналогій у адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі прамысловага супрацоўніцтва да 2030 года. 

— Гэта для нас новы напрамак. Мы збіраемся ў рамках дадзенага мерапрыемства з экспертамі бакоў абмеркаваць магчымыя варыянты паглыблення магчымага супрацоўніцтва, — рэзюмавала Гоар Барсегян.

У завяршэнне адзначым, што маштабныя мерапрыемствы пройдуць на пляцоўцы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра BELEXPO, які нядаўна адкрыўся ў беларускай сталіцы.

Маргарыта ЗАРОЎКІНА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю