0

Бяспека дзяцей, забяспечанасць стабфондаў, важнасць аўдыту: у Палаце прадстаўнікоў прынялі шэраг важных законапраектаў

23.06.2025 | 09:05

У Авальнай зале Дома ўрада адбылося пасяджэнне другой сесіі Палаты прадстаўнікоў. На ім былі разгледжаны пытанні рэгулявання грамадскіх адносін, прыняты важныя законапраекты. Сярод іх — прававая абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей, развіццё міждзяржаўных адносін, забеспячэнне харчовай бяспекі, удасканаленне аўдытарскай дзейнасці.


Абараніць дзяцей ад цацак

Абарона правоў і інтарэсаў дзяцей заўсёды была і застаецца адной з найважнейшых задач нашай дзяржавы, заявіла член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Святлана Адзінцова. «Мы імкнёмся забяспечыць іх якаснае, усебаковае развіццё, адукацыю, выхаванне, і самае галоўнае — каб усё гэта адбывалася ў абстаноўцы, бяспечнай для жыцця і здароўя кожнага маленькага грамадзяніна нашай краіны. Усё гэта робіцца з разуменнем: ад таго, якім будзе падрастаючае пакаленне, залежыць будучыня краіны. 

Одинцова.jpg

Павысіць эфектыўнасць мер, якія прымаюцца дзяржавай, па абароне правоў дзяцей закліканы праект закона „Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей“. 
Ключавое месца ў праекце займаюць нормы, якія прадугледжваюць стварэнне дадатковых прававых механізмаў, якія ўзмацняюць гарантыі рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў дзяцей ва ўсіх сферах іх жыцця. Значная ўвага ўдзяляецца ўдасканаленню абароны дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю», — расказала яна.

Па вялікім рахунку гэты заканадаўчы акт — адказ на тыя выклікі, якія сёння адчувае неакрэплае маладое пакаленне, упэўнены старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка. «У першую чаргу гэтыя выклікі ляжаць у інфармацыйнай бяспецы. Навелы закона прадугледжваюць адказнасць бацькоў за абарону ад дэструктыўнага ўплыву інтэрнэту. Яшчэ адна важная навела абароніць дзяцей ад цацак. У першую чаргу гэта тыя цацкі, якія з’яўляюцца прайграваннем камп’ютэрных гульняў і фільмаў, тыя вобразы, якія чужыя нашаму ўспрыманню і дэструктыўна ўздзейнічаюць на псіхіку і здароўе дзіцяці. Маркіруючы гэтыя цацкі ў адпаведнасці з узростам, мы даём права выбару бацькам набываць альбо не набываць іх», — рэзюмаваў ён. Законапраектам таксама прадугледжана, што наймальнікі, юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права арганізоўваць і праводзіць псіхалагічнае сумоўе з асобамі, якія плануюць пастаянна працаваць ці ўжо працуюць з дзецьмі.

Будзем з бульбай!

Пытанні харчовай бяспекі нашай дзяржавы, фарміраванне стабілізацыйных фондаў тавараў, вытворчасць якіх носіць сезонны характар, а таксама пытанні збалансаванасці спажывецкага рынку, забеспячэнне патрэб унутранага рынку айчыннай плодаагародніннай прадукцыяй у міжсезонны перыяд неаднаразова былі прадметам абмеркавання на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, заўважыла старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская. «Гэтай вясной беларусы нечакана сутыкнуліся з дэфіцытам добрай бульбы ў магазінах, — нагадала яна. — У развіццё гэтай тэмы 11 чэрвеня Прэзідэнтам был падпісаны Указ № 232, які рэгулюе асаблівасці пастаўкі плодаагародніннай прадукцыі для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб. Дакумент накіраваны на забеспячэнне яшчэ большай стабільнасці на спажывецкім рынку і гарантаваную бесперабойную наяўнасць якасных пладоў і агародніны ў крамах у міжсезонны перыяд».

Ленчевская.jpg

У мэтах выканання гэтага прадпісання Пастаяннай камісіяй быў падрыхтаваны ініцыятыўны законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці». «Мяркуецца ўвесці адміністрацыйнае спагнанне ў дачыненні да пастаўшчыка за непастаўку альбо недапастаўку плодаагародніннай прадукцыі па дагаворах пастаўкі такой прадукцыі з стабілізацыйных фондаў тавараў у гандлёвыя сеткі, а нарыхтоўшчыкаў — за адсутнасць у рэалізацыі такой прадукцыі. У Кодэкс аб адміністрацыйнай адказнасці будзе ўнесены новы артыкул 13.12-1. За гэтыя правапарушэнні мяркуецца адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ад 5 да 12 базавых велічынь, а для юрыдычных асоб — ад 20 да 200 базавых велічынь. Мяркуем, што гэтыя меры змогуць упарадкаваць працу гандлёвых сетак, ліквідаваць наяўнасць таварнага дэфіцыту і, самае галоўнае, забяспечыць жыхароў якаснай сацыяльна значнай плодаагародніннай прадукцыяй, асабліва ў міжсезонны перыяд», — падагульніла дэпутат.

Для фарміравання рынку адпаведных паслуг

У сучасных эканамічных і знешнепалітычных умовах роля аўдыту як інструмента забеспячэння фінансавай бяспекі суб’ектаў гаспадарання і дзяржавы ў цэлым пастаянна ўзрастае, запэўніла член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Вольга Жук. «Улічваючы гэту тэндэнцыю, карэкціроўка механізмаў ацэнкі добрасумленнасці аўдытараў і іх адпаведнасці патрабаванням прафесійнай этыкі, замацаванне мер па недапушчэнні здзяйснення дзеянняў, якія наносяць шкоду дзяржаве, з’яўляецца своечасовай і аб’ектыўна неабходнай мерай для вызначэння дзейсных механізмаў абароны правоў і законных інтарэсаў дзяржавы і арганізацый, якім аказваюцца паслугі ў сферы аўдыту», — падкрэсліла яна.

Ольга Жук.jpg

Законапраект «Аб змяненні Закона «Аб аўдытарскай дзейнасці» накіраваны на ўніфікацыю заканадаўства ў рамках ЕАЭС у сувязі з той работай, якая праводзіцца па фарміраванні адзінага рынку адпаведных паслуг. Такі крок дасць магчымасць павысіць якасць аказання медыцынскіх паслуг, забяспечыць абарону інтарэсаў дзяржавы і суб’ектаў гаспадарання. «Прымаючы ў першым чытанні законапраект, мы падкрэслівалі значэнне тэмы якасці паслуг у сферы аўдыту, важнасць дадзенага інстытута для дзяржавы і бізнес-супольнасці, грамадскую значнасць прафесіі аўдытара», — дадала Вольга Жук.

Таксама падчас сесіі было ратыфікавана Пагадненне аб падрыхтоўцы кадраў для пенітэнцыярных службаў дзяржаў — удзельніц СНД. Як адзначыў першы намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый Назаранка, адным з прыярытэтных кірункаў удасканалення дзейнасці членаў Савета з’яўляецца належнае кадравае забеспячэнне спецыялістамі з неабходнымі профільнымі кампетэнцыямі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю