0

«Кубак наймацнейшых спартсменаў» у Заслаўі прайшоў у трэндах гаспадароў

23.06.2025 | 14:59

Веславанне ў Беларусі было, ёсць і будзе. Від спорту, які падарыў краіне найбольшую колькасць алімпійскіх чэмпіёнаў, развіваецца і квітнее, нягледзячы ні на што. І міжнародны турнір па веславанні на байдарках і каноэ «Кубак наймацнейшых спартсменаў», які на мінулым тыдні прайшоў у Заслаўі, гэта даказаў.


Усяго на вяслярным канале выступіла больш за 230 атлетаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана і Кітая. Родная акваторыя дапамагла гаспадарам: беларусы заваявалі 45 узнагарод, з іх 19 залатых, 17 сярэбраных і 9 бронзавых. Пяціразовым пераможцам Кубка стаў Уладзіслаў Кравец. Ён выйграў тры адзіночныя дыстанцыі ў мужчынскай байдарцы (500 м, 1000 м і 5000 м), а таксама ўзяў па залатым медалі ў двойцы і чацвёрцы. У эліту айчыннага веславання Уладзіслаў увайшоў прыгожа — адразу на Алімпійскіх гульнях 2024 года. Тады ў Парыжы ён паказаў найлепшы вынік сярод беларускіх весляроў, спартсмену ўсяго крыху не хапіла, каб выйсці ў фінал. Яго чацвёртае месца — найлепшы індывідуальны вынік у гісторыі выступлення беларускай байдаркі на Алімпійскіх гульнях. Да Алімпіяды выхаванец пінскай школы веславання спецыялізаваўся на выступленнях у двойках і чацвёрках. Але Уладзіслаў Кравец можа паказваць высокі вынік і ў індывідуальнай праграме. Спартсмену ўсяго 25 гадоў, таму ён яшчэ зможа прадэманстраваць і больш высокія дасягненні ў будучыні. Аб гэтым казаў і старшы трэнер нацыянальнай зборнай Уладзімір Шантаровіч.

У жаночым веславанні на байдарцы вялікіх перамен няма. У гэтай частцы спаборніцтваў першынства не аддаюць Вольга Худзенка і Марына Літвінчук. Іх імёны ўжо сталі асацыіравацца з беларускім веславаннем на байдарцы. Марына перамагла на дыстанцыі 5000 метраў, Вольга — на 500 метрах. Свой чэмпіёнскі клас паказала і «залатая чацвёрка» ў складзе Вольгі Худзенка, Марыны Літвінчук, Надзеі Кушнер і Маргарыты Ткачовай — яны перамаглі на дыстанцыі 500 метраў.

Ёсць нагоды і для радасці за канаістаў. Напрыклад, на дыстанцыі 200 метраў перамагла Ева Данільчук, маладая і вельмі перспектыўная спартсменка. А другое і трэцяе месцы, якія занялі беларускі Кацярына Семянцова і Іна Нядзелькіна адпаведна, раздзялілі тры сотыя секунды — унутраная канкурэнцыя расце, што не можа не радаваць. Але ў той жа час фіналістка Алімпійскіх гульняў Юлія Трушкіна паказала толькі сёмы вынік, аднак яна рэабілітавалася ў «двойцы» на 200 метрах, дзе перамагла разам з Іннай Нядзелькінай.

У гэтым зачараванне веславання — у непрадказальнасці заездаў, у тым, што кожная дыстанцыя — гэта чысты ліст, невядомы сцэнарый, дзе галоўным героем становіцца наймацнейшы, а ў кожнай дыстанцыі свае наймацнейшыя.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю