Парадак дня Еўразійскага форуму будзе насычаны і разнастайны
На гэтым тыдні сталіца будзе прымаць найбуйнейшыя для краіны міжнародныя падзеі 2025 года — пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і Еўразійскі эканамічны форум. Чакаецца ўдзел у іх прадстаўнікоў амаль трох дзясяткаў дзяржаў. Член Калегіі (міністр) па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі Максім Ермаловіч у інтэрв’ю БелТА расказаў некаторыя падрабязнасці парадку дня форуму.
Агульны парадак дня форуму падзелены на шэсць ключавых блокаў, якія ўлічваюць найшырэйшы спектр пытанняў інтэграцыі ад унутранага рынку да міжнароднага ўзаемадзеяння, увязаных з прыярытэтамі старшынства Беларусі ў саюзе. «Так, сярод значных вектараў, абазначаных кіраўніком дзяржавы, — супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту, — адзначыў Максім Ермаловіч. — У той жа час мы не выпускаем з-пад увагі і нюансы, работа над вырашэннем якіх не спыняецца перманентна. Я маю на ўвазе дасягненне ў ЕАЭС „чатырох свабод“, а менавіта свабоды руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы. Мы імкнёмся выключыць ва ўзаемным гандлі ўсялякія бар’еры і абмежаванні з тым, каб у далейшым саюз развіваўся як найважнейшае эканамічнае аб’яднанне на прасторы вялікай Еўразіі».
У дзелавой праграме ІV Еўразійскага эканамічнага форуму акцэнт зроблены на ўрэгуляванні цяжкасцяў, якія ўзнікаюць пры прамысловай кааперацыі краін саюза, нюансах транспартнай галіны, лагістыкі, турызму, адзначыў міністр ЕЭК. Шмат пытанняў будзе разгледжана ў лічбавым парадку дня, немалаважна для нас і паляпшэнне якасці функцыянавання ўнутранага рынку саюза, і развіццё канкурэнцыі ў ім.
На думку Максіма Ермаловіча, выбар пляцоўкі для правядзення форуму — Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра — вельмі ўдалы. «Сам будынак і яго памяшканні прыстасаваны для правядзення якраз падобных мерапрыемстваў. Гэта проста выдатны цэнтр, здольны прымаць канферэнцыі, выставы, форумы найвышэйшага ўзроўню, — падкрэсліў ён. — Без ілжывай сціпласці прызнаюся, што менавіта такі фармат правядзення форуму, якога прытрымліваемся і мы, падобны на самыя гучныя сусветныя падзеі, што збіраюць вялікую колькасць удзельнікаў у іншых геапалітычных цэнтрах. Мы становімся ў адзін шэраг з такімі каласальнымі пляцоўкамі, як Сусветны эканамічны форум у Давосе і аналагічныя яму ў розных частках свету».