0

Ці маюць права прадаўцы не прыняць аплату праз тэрмінал?

23.06.2025 | 16:15

На адрас рэдакцыі са сваёй набалелай праблемай звярнулася Вольга Мацкевіч, жыхарка г. Лепеля Віцебскай вобласці: «Разам з мужам мы часта наведваем краму, дзе прадаюцца тавары па нізкай цане, па вуліцы М. Горкага. Тут прапануюцца адзенне, абутак, цацкі, бытавыя рэчы і г. д. 


Такая ж крама была адкрыта і па вуліцы Партызанскай. Аднак кожны раз, прыходзячы сюды, чуем ад прадаўцоў адно і тое ж:

— Тэрміналы не працуюць! Аплата прымаецца толькі наяўнымі грашыма!

Атрымліваецца, што тэрміналы ў краме не працуюць пастаянна. Прыходзім сюды па пакупкі часта, амаль заўсёды чуем адно і тое ж. Аднак мы не лічым мэтазгодным здымаць з карткі ўсе наяўныя грошы. Большасць сродкаў захоўваем на картцы, бо аплату камунальных паслуг, крэдытаў робім праз Інтэрнэт. Наяўныя здымаем толькі ў невялікай колькасці. Чаму ж мы павінны здымаць з карткі грошы, каб разлічыцца ў вышэйназваных крамах? У іншых гандлёвых пунктах, у тым ліку прыватных, плацежныя тэрміналы працуюць пастаянна. Тут жа чамусьці ўвесь час узнікае праблема. Нядаўна, напрыклад, калі мы наведалі краму па вуліцы Партызанскай, у нас наогул узнік канфлікт з прадаўцом. Яна выказала незадаволенасць тым, што мы і іншыя пакупнікі для разліку ў іх гандлёвым пункце не маем наяўных грошай. 

Хіба ж гэта правільна? Вядома, што ўсе гандлёвыя прадпрыемствы — і дзяржаўныя, і прыватныя — павінны быць аснашчаны плацежнымі тэрміналамі. Пакупнікоў не павінна непакоіць тое, што яны не працуюць».

З падобнымі пытаннямі на адрас рэдакцыі звярталіся і іншыя жыхары Лепельскага раёна.

Для таго, каб дэталёва разабрацца ў праблеме, мы звярнуліся да прэс-сакратара Міністэрства па падатках і зборах Сяргея Саладухі, які адзначыў:

Пра сітуацыі, калі прадаўцы крам адмаўляюцца прымаць аплату ў пакупнікоў праз тэрмінал, мы даведваемся неаднаразова. На вялікі жаль, яны ўзнікаюць не толькі ў г. Лепелі Віцебскай вобласці, а і на тэрыторыі іншых абласцей. Аднак кожная падобная сітуацыя патрабуе дэталёвага разгляду. Прычынай прыняцця толькі наяўных грашовых сродкаў можа быць як часовая няспраўнасць касавага абсталявання, так і наўмыснае парушэнне заканадаўства. Падатковымі органамі пастаянна праводзіцца комплекс разнастайных мерапрыемстваў, накіраваных на спыненне ўчынення правапарушэнняў, у тым ліку звязаных з прыёмам грашовых сродкаў. Наведаўшы тую ці іншую краму, пакупнік мае права разлічыцца за тавар наяўнымі грашыма або пры дапамозе пластыкавай карткі. Кожны факт аплаты, незалежна ад таго, як ён ажыццяўляўся — наяўнымі грашыма або карткай, — павінен быць пацверджаны касавым чэкам. Ён і будзе сведчыць пра тое, што касавая аперацыя адбылася. У выпадку, калі прадавец адмаўляецца выдаць касавы чэк, ён парушае патрабаванні заканадаўства, і пакупнік мае права паведаміць пра гэта на «гарачую лінію» падатковых органаў па адзіным нумары 189 або +37517-229-79-79. Па іх прымаюцца паведамленні аб парушэннях падатковага і іншага заканадаўства, кантроль за захаваннем якога ўскладзены на падатковыя органы. Калі грамадзяніну, напрыклад, не далі чэк або адмовілі ў аплаце банкаўскай плацежнай карткай, ён мае права патэлефанаваць і паведаміць аператару пра месца, час і іншыя факты парушэння падатковага заканадаўства, а таксама свае кантактныя даныя для ўдакладнення інфармацыі спецыялістамі падатковай службы.

Другім спосабам паведамлення пра парушэнні з’яўляецца дзяржаўная адзіная (інтэграваная) рэспубліканская сістэма ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб: партал «Обращение. Бел». Аднак пры гэтым абавязкова трэба папярэдне зарэгістравацца на партале. Ананімныя звароты ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не разглядаюцца.

terminaly-dlya-kart-1024x584.jpg

Для таго каб выкараніць выпадкі парушэнняў пры абслугоўванні пакупнікоў, грамадзянам (у дадзенай сітуацыі — пакупнікам) не трэба садзейнічаць іх учыненню. Своечасовае паведамленне пра факт неналежнага абслугоўвання пакупнікоў з пацвярджэннем — касавым чэкам — дазволіць своечасова выявіць і спыніць падобныя з’явы. Самае галоўнае — паведаміць праўдзівую і абгрунтаваную інфармацыю, якую пацвярджаюць адпаведныя дакументы.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

* * *

Паважаныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні ў вырашэнні пэўнай праблемы, ёсць патрэба атрымаць кампетэнтны каментарый таго ці іншага спецыяліста, заўсёды будзем рады вам дапамагчы. Пра ўзніклыя праблемы вы можаце паведаміць, звярнуўшыся па нумары 8 (033) 309-84-01. Будзем заўсёды рады нашаму плённаму супрацоўніцтву!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю