Будаўніцтва Гродзенскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера плануюць завяршыць у наступным годзе
Пытанне аб узвядзенні анкалагічнага дыспансера ў Гродне стаяла востра. Аб гэтым неаднаразова заяўляў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Будаўніцтва знаходзіцца пад асабістым кантролем кіраўніка дзяржавы. Гродзеншчына — адзіны рэгіён, дзе не было свайго анкацэнтра і дапамогу людзі атрымлівалі не цэнтралізавана. Як ідзе будаўніцтва і на якую дапамогу могуць разлічваць пацыенты? Усімі падрабязнасцямі з уласным карэспандэнтам «Звязды» падзяліўся галоўны ўрач гарадской клінічнай бальніцы № 3 Уладзіслаў Фралоў. На тэрыторыі ўстановы, якую ён узначальвае, і ўзводзіцца цэнтр.
Пацыентаў ужо прымаюць
Будаўніцтва аб’екта разбіта на 5 чэргаў, скончыць яго плануюць у 2026 годзе. Узвядзенне анкацэнтра не спынялася ні на дзень, нават улічваючы каранавірус і іншыя няпростыя падзеі ў свеце і краіне, якія адбыліся за апошнія пяць гадоў. Нягледзячы на тое, што работы яшчэ не завершаны, пацыенты ўжо атрымліваюць дапамогу.
— Уведзены ў эксплуатацыю радыелагічны корпус, дзе працуюць два лінейныя паскаральнікі. У дзень больш за 70 чалавек могуць атрымаць лячэнне. Тут працуе радыелагічнае аддзяленне, у склад якога ўваходзіць блок перадпрамянёвай падрыхтоўкі, дзе адбываецца планаванне лячэння ўрачамі-рэнтгенолагамі. Далей інфармацыя перадаецца радыяцыйным анколагам. Яны праводзяць кантураванне пухліны на аснове даных перад пачаткам прамянёвай тэрапіі. Пазней інфармацыя накіроўваецца інжынерам-фізікам для афармлення далейшага плана лячэння. Важна правільна разлічыць магутнасць дозы і палі апраменьвання. І толькі пасля гэтага пацыент гатовы да прамянёвай тэрапіі. Новыя лінейныя паскаральнікі значна павышаюць эфектыўнасць лячэння, што дае большыя шанцы на станоўчы вынік, — расказаў Уладзіслаў Фралоў.
Каліброўка абсталявання здзейснена ў ізатопнай лабараторыі, якая ўжо зусім хутка зможа прымаць пацыентаў. Работа падраздзялення накіравана на дыягностыку захворванняў. На першым этапе спецыялісты будуць працаваць толькі з анказахворваннямі, але ў далейшым аснашчэнне дазволіць праводзіць і іншыя даследаванні, напрыклад сардэчна-сасудзістай сістэмы, астэасцынтыграфію. У лабараторыі ўстаноўлена найноўшае абсталяванне, у тым ліку аднафатонны эмісійны тамограф з камп’ютарным модулем і гама-камера. Гэтыя прылады выкарыстоўваюцца для правядзення дыягнастычных даследаванняў і неабходныя ў рабоце спецыялістаў анкалагічных служб.
У эксплуатацыю ўведзены лабараторна-дыягнастычны корпус абласнога анкадыспансера, работа якога таксама накіравана на дыягностыку. Тут устаноўлены рэнтген-дыягнастычнае абсталяванне, мамографы, камп’ютарны тамограф, апарат МРТ. У корпусе размешчана эндаскапічнае аддзяленне і тры лабараторыі. Цяпер ідзе ўкамплектаванне абсталяваннем, калі гэты працэс завершыцца, тут можна будзе прымаць пацыентаў.
Комплексны падыход
Ужо сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю палатны хірургічны корпус на 200 ложкаў з прыёмным аддзяленнем. У гэты корпус часова будуць перамешчаны аддзяленні ўніверсітэцкай клінікі: палатнае аддзяленне радыялогіі і хіміятэрапіі, амбулаторнае анкадыспансернае аддзяленне. Увядуць таксама ў эксплуатацыю паталагаанатамічны корпус.
— Плануецца, што ў наступным годзе будуць скончаны будаўнічыя работы і камплектацыя абсталяваннем аперацыйна-рэанімацыйнага корпуса. Пасля таго як з’явіцца магчымасць выканання аперацыйных умяшанняў, да нас будуць пераведзены анкалагічныя аддзяленні хірургічнага профілю. І тады гарадская бальніца № 3 атрымае статус Гродзенскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера. А ўжо пасля гэтага пачнецца рэканструкцыя карпусоў 3-й бальніцы пад палатнае аддзяленне радыелагічнага і хіміятэрапеўтычнага аддзялення. Амбулаторна-паліклінічны корпус адыдзе пад анкадыспансернае амбулаторна-паліклінічнае аддзяленне на 300 наведванняў у адну змену. Будзе таксама завершана будаўніцтва 5-й чаргі, у рамках якой у эксплуатацыю ўводзяцца блок клінічных кафедр і пансіянат для пацыентаў, якім не трэба кругласутачнае назіранне. Дарэчы, аперацыйныя павінны працаваць у дзве змены. Гэта як вялікія, так і малыя аперацыйныя для розных тыпаў хірургічных умяшанняў, — расказаў галоўны ўрач.
Як падкрэсліў Уладзіслаў Фралоў, лячэнне анказахворванняў — шматэтапнае, і кожны крок залежыць ад папярэдняга. Раней для аказання дапамогі пацыентаў адпраўлялі ў іншыя вобласці, потым яны вярталіся дамоў, каб далей праходзіць лячэнне. З уводам жа ў эксплуатацыю аб’екта дапамогу будуць аказваць цэнтралізавана. Толькі комплексны падыход дае магчымасць дасягнуць добрых вынікаў. У адной лакацыі чалавек зможа прайсці поўную дыягностыку, прааперыравацца, атрымаць хімія- і радыетэрапію.
Чым раней, тым лепш
Вялікая частка работы анкалагічнага цэнра будзе накіравана на прафілактыку і выяўленне захворванняў на ранніх стадыях. Новае абсталяванне, у тым ліку аднафатонны эмісійны камп’ютарны тамограф (аналагічны пазітроннаму), дазволіць выяўляць пухліны на ранніх стадыях, а комплексны падыход і цэнтралізаванае аказанне анкалагічнай дапамогі павысяць якасць дыягностыкі і лячэння.
— Важным аспектам з’яўляецца прафілактычная работа спецыялістаў пярвічнага звяна. Вельмі важна, каб медыкі на месцах не былі абыякавымі і праяўлялі насцярожанасць. Напрыклад, быў такі выпадак. Мужчына прыйшоў да стаматолага лячыць зуб. Урач заўважыў запаленне, якое яго насцярожыла, спытаў, як даўно з’явілася. Пацыент сказаў, што ўжо месяцы два не праходзіць. Стаматолаг тэрмінова направіў яго да анколага. І калі такім уважлівым будзе кожны ўрач, выжывальнасць пацыентаў таксама стане вышэйшай. Ды і самі людзі не павінны пускаць на самацёк свой стан. Не думаць: «пабаліць і перастане».
Захаванне працоўных месцаў
Рэарганізацыя ўстаноў аховы здароўя не пакіне нікога без працы. Персанал пераязджае разам з аддзяленнямі. Паколькі абсталяванне новае, складанае, медыкі праходзяць навучанне, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі, каб якасна аказваць дапамогу.
— Напрыклад, урачы прайшлі навучанне для правядзення брахітэрапіі. Гэта метад прамянёвай тэрапіі, пры якім радыеактыўная крыніца размяшчаецца побач з пухлінай ці нават усярэдзіне яе. У ходзе працэдуры да мішэні падводзіцца высокая доза радыяцыі, а навакольныя тканкі атрымліваюць толькі невялікую колькасць выпраменьвання... Акрамя таго, да нас размеркаваны маладыя спецыялісты. Вельмі талковая моладзь. Ім усё цікава, яны гатовыя спазнаваць, вучыцца. Да таго ж абсталяванне валодае і навукова-даследчым патэнцыялам.
Будаўніцтва дарагое, у яго ўкладзена больш за 300 мільёнаў рублёў, закуплена найноўшае аснашчэнне. Так, нагрузка на бюджэт сур’ёзная, але здароўе насельніцтва вышэй за ўсё. Ранняе выяўленне анкалагічных захворванняў дасць магчымасць праводзіць радыкальнае лячэнне і зменшыць інвалідызацыю пацыентаў. Анкадыспансер будзе забяспечваць доступ да спецыялізаваных дыягностыкі і лячэння, скарачаючы час паміж выяўленнем захворвання і пачаткам аказання медыцынскай дапамогі.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара