Што трэба ведаць пра новыя правілы ўтрымання прыдамавых тэрыторый?
Пастанова Савета Міністраў ад 16.05.2025 года № 267 змяніла правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Адна з норм, паводле якой неабходна касіць траву на а. сабістым участку, калі яна вырасла вышэй за 20 см, выклікала вялікі рэзананс ва ўласнікаў загараднай маёмасці.
У першую чаргу ўстрывожыліся дачнікі, бо ў таго, хто жыве ў прыватным сектары пастаянна, барацьба з травой — праблема, якая залежыць у асноўным ад узроўню самадысцыпліны. А што рабіць таму, хто прыязджае на ўчастак час ад часу? А калі рэгулярна касіць не дазваляе пажылы ўзрост або інваліднасць? Як не прапусціць праверку, бо за невыкананне правілаў добраўпарадкавання прадугледжаны штраф?
За каментарыем мы звярнуліся да намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэя Рамашкі. Ён патлумачыў, што пастанова Саўміна распрацавана, каб аб’яднаць у Год добраўпарадкавання намаганні дзяржавы, розных арганізацый і грамадзян для навядзення парадку на зямлі, паляпшэння экалогіі і фарміравання эстэтыкі населеных пунктаў Беларусі. «Былі канкрэтызаваны патрабаванні да ўтрымання прыдамавых тэрыторый як для грамадзян, так і ў цэлым тэрыторый населеных пунктаў, у тым ліку замацаваных за прадпрыемствамі», — расказаў намеснік міністра. Напрыклад, пастановай рэгламентаваны межы пасадкі дрэў, кустоў, а таксама размяшчэнне газонаў у дачыненні да сумежных зямельных участкаў, дапоўнены функцыі спецарганізацый па азеляненні і інш.
Што датычыцца патрабавання да травы, то яно, паводле слоў Андрэя Рамашкі, дзейнічае з 2020 года: «Але гэта не гаворыць аб тым, што хтосьці будзе хадзіць і вымяраць вышыню травы, і калі яна будзе 21 сантыметр, то даваць штраф. Гэтыя нормы неабходныя, каб разумець, калі час выконваць работы па ўтрыманні газонаў і навядзенні парадку на азеляняльных тэрыторыях».
За парушэнне правілаў добраўпарадкавання сапраўды прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, аднак Андрэй Рамашка акцэнтаваў увагу на тым, што «мэта — не лавіць і караць людзей, а пагаварыць, давесці да ведама патрабаванні і пракантраляваць іх выкананне».
Не варта трывожыцца і пажылым, паколькі мясцовым уладам даручана дапамагаць адзінокім пенсіянерам і інвалідам наводзіць парадак на прыдамавых тэрыторыях. Не пакінуць іх сам-насам з праблемай і прадстаўнікі маладзёжных і грамадскіх аб’яднанняў.
Ірына ПЯТРОВА