На парадку дня — моладзь
Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі моладзі Беларусі і Расіі, якая адбылася на палях форуму, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля КАЧАНАВА назвала сімвалічным тое, што бягучы форум прысвечаны маладым людзям. «Мы разумеем: заўтра нашы краіны будуць такімі, якімі зробіце іх вы — моладзь сённяшняга дня, — падкрэсліла спікер. — Сёння барацьба ідзе нават не за будучыню. Барацьба ідзе за мінулае, якое спрабуюць апаганіць. Але гэтага мы не дазволім зрабіць ніколі, бо вы ёсць у нас. Вы — тыя, якія ўвабралі ў сябе гераічны подзвіг тых, хто 80 гадоў таму абараніў свабоду і незалежнасць нашых краін, былога Савецкага Саюза.
Вы — нашчадкі тых, хто ў пасляваенны час аднавіў з руін нашы краіны. Вы — нашчадкі тых, хто ствараў вось гэтыя суверэнныя дзяржавы Беларусі і Расіі, якія сёння самадастатковыя, жывуць па сваіх законах, у адпаведнасці са сваімі традыцыямі».
Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі Валянціна МАТВІЕНКА адзначыла, што не будзе гаварыць банальныя рэчы аб тым, што ў руках моладзі — будучыня краіны. «Гэта на самай справе так, — заўважыла спікер. — Але мне здаецца, што вось гэта наша адзіная цывілізацыйная ДНК, наша агульная духоўнасць — самае галоўнае, што нас аб’ядноўвае. Так, безумоўна, і эканамічнае, і інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Але гэта наша роднасць. І вельмі важна гэта перадаваць моладзі і ўкараняць у яе свядомасць. Таму мы і вырашылі вельмі важны форум міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, у якім удзельнічаюць практычна ўжо ўсе суб’екты Расійскай Федэрацыі і ўсе галіны Беларусі, прысвяціць менавіта моладзі».
На пляцоўцы форуму адбылося сумеснае пасяджэнне кіруючых органаў Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі. Як звярнула ўвагу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алена ЖУРАЎЛЁВА, моладзь Саюзнай дзяржавы — адукаваная, мудрая, патрыятычная. «У яе сваё бачанне, свая пазіцыя, менавіта ёй ствараць будучыню Саюзнай дзяржавы, — канстатавала сенатар. — Моладзь сёння — галоўны стратэгічны рэсурс нашых дзяржаў. Справы маладых парламентарыяў сапраўды бачныя. Яны паказвалі нам, якія праекты стварылі, колькі прапрацавалі інфармацыйных рэсурсаў. А ад малога ж нараджаецца вялікае, бо сеецца зярнятка, а зярнятка прарастае».
Дзелавое супрацоўніцтва — у дзеянні
Дарэчы, свой удзел у форуме рэгіёнаў спікеры пачалі з ускладання вянкоў да мемарыяльнага комплексу «Вечны агонь» у Ніжагародскім крамлі. Акрамя таго, Наталля Качанава і Валянціна Матвіенка ўзялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця генеральнага консульства Беларусі ў Ніжнім Ноўгарадзе.
Па словах генконсула Беларусі ў Ніжнім Ноўгарадзе Алега ШВЕЦА, адкрыццё генеральнага консульства вырашае два пытанні. «Першае — гэта камфорт консульскіх паслуг нашых грамадзян, — канкрэтызаваў ён. — Консульства мае больш шырокія паўнамоцтвы, многае можна вырашаць на месцы, не трэба ехаць у Маскву. І другое, вядома, важнае пытанне — далейшае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы паміж нашымі дзяржавамі. Гэта нарошчванне непасрэдна кааперацыйных ланцужкоў і вырашэнне тых задач, якія ставіць перад намі ўрад».
Падчас пасяджэнняў сямі секцый ХІІ Форуму рэгіёнаў абмеркавалі пытанні прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, прававога забеспячэння, рэгіянальнай палітыкі, ролю маладзёжных аб’яднанняў і культурны складнік ва ўмацаванні беларуска-расійскага рэгіянальнага супрацоўніцтва.
У рамках форуму адбылася сесія Падліковай палаты Расіі і Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі на тэму «Сацыяльная падтрымка насельніцтва: роля інстытутаў знешняга дзяржаўнага аўдыту». Перспектыўныя праекты дзелавога супрацоўніцтва рэгіёнаў дзвюх дзяржаў абмеркавалі падчас сумеснага мерапрыемства гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Расіі.
Паводле БелТА