0

Чым падкормліваць агародніну, каб ураджай атрымаўся

26.06.2025 | 13:07

Бульба

Гэты клубняплод патрабуе падкормкі, багатай каліем, фосфарам і магніем. Яны робяць расліны моцнымі. Калій павышае ўстойлівасць да захворванняў, фосфар спрыяе росту клубняў, а магній забяспечвае нармальнае сілкаванне і высокую якасць ураджаю. Арганічныя дабаўкі ў выглядзе кампосту і перагною будуць вельмі дарэчы. Падкормку бульбы праводзяць двойчы: першую робяць у фазе з’яўлення прыкмет цвіцення, другую — праз 2-3 тыдні пасля папярэдняй.

Варыянты падкормак

Выкарыстоўвайце мачавіну, суперфасфат, драўняны попел, разведзены да кансістэнцыі кашы каравяк, а таксама спецыяльныя ўгнаенні для бульбы.

Морква

Для нармальнага росту морквы важна забяспечыць падкормку з фосфарам, каліем і мікраэлементамі. Яны прастымулююць каранёвую сістэму, а таксама захаваюць караняплоды здаровымі і ўстойлівымі да захворванняў. Падкормку трэба рабіць рэдка, усяго двойчы за сезон. Спачатку пасля з’яўлення першага лісця, затым праз 4-6 тыдняў пасля першай падкормкі.

Варыянты падкормак

Атрымаць смачную і здаровую моркву дапамогуць комплексныя гатовыя ўгнаенні, а таксама суперфасфат, хлорысты калій, монафасфат, нітраамафоска.

Цыбуля

Для вырошчвання буйной цыбулі выкарыстоўвайце падкормкі з фосфарам, каліем і мікраэлементамі. Назапашваючыся ў раслінах, гэтыя пажыўныя рэчывы даюць здаровыя і моцныя цыбуліны. Але важна не перабраць з угнаеннямі: каб захаваць смак ураджаю, унасіце падкормкі ўмерана. Падкормліваць цыбулю рэкамендуецца кожныя 3-4 тыдні пасля пасадкі.

Варыянты падкормак

Атрымаць здаровыя плады дапамогуць нітрафоска, перагной, гатовыя ўгнаенні для цыбулі.

Капуста

Каб узмацніць карысныя ўласцівасці капусты, падкормлівайце расліны азотам, фосфарам і каліем. Яны спрыяюць росту зялёнай масы і актывізуюць фарміраванне галовак. Калій, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і палепшыць смак агародніны. Абавязкова занясіце падкормку пасля з’яўлення першага сапраўднага лісця. Для ўстойлівага выніку працэдуру паўтараюць праз кожныя 3-4 тыдні.

Варыянты падкормак

Для капусты падыдуць комплексныя мінеральныя ўгнаенні альбо раствор каравяку з монафасфатам калію. Яны ўтрымліваюць патрэбныя для сілкавання раслін рэчывы.

Бурак

З мэтай атрымання буракоў высокай якасці выкарыстоўваецца базавая падкормка — тая, якая змяшчае азот, фосфар і калій. Без гэтых элементаў у караняплодах не будзе назапашвацца дастатковая колькасць цукру. Смак агародніны стане прэсным, а сцёблы і карані разаўюцца слабымі. Першую падкормку праводзяць праз 2-3 тыдні пасля з’яўлення ўсходаў, затым — кожныя 3-4 тыдні. Для салодкага смаку буракі можна ўгнойваць саляным растворам. Гэта робяць не часцей чым 3 разы за сезон.

Варыянты падкормак

Для смачнага і багатага ўраджаю выкарыстоўвайце комплексныя ўгнаенні, раствор магнію і калію, слабы раствор спажыўной солі, драўняны попел, борную кіслату, сульфат калію. Правільна падабраная і своечасова ўжытая падкормка дапаможа атрымаць багаты і здаровы ўраджай. Не дапускайце дэфіцыту рэчываў у раслін, і агарод будзе радаваць вас смачнымі і карыснымі пладамі.

Вядучая рубрыкі Марына ВЯРЭНІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю