0

Аляксандр Лукашэнка: Надыходзіць час ЕЭАС 2.0. Нам трэба ставіць перад сабой новыя больш сур’ёзныя задачы і іх рэалізоўваць

26.06.2025 | 18:05

У бягучым годзе Рэспубліка Беларусь старшынствуе ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза — таму першым на пленарнай сесіі выступіў беларускі лідар. Вітаючы ўдзельнікаў Еўразійскага эканамічнага форуму, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта самая маштабная адкрытая дыскусійная пляцоўка аб’яднання. Ён выказаў упэўненасць, што абмен думкамі, які адбываўся на працягу дня, будзе карысным для далейшага развіцця ЕАЭС. У сваёй прамове беларускі лідар засяродзіўся на напрамках, развіццё якіх адкрые новы перыяд у гісторыі інтэграцыйнага аб’яднання. 


ЕАЭС не проста функцыянце, а дасягае поспехаў

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што Еўразійскі эканамічны саюз ужо перасягнуў дзесяцігадовую мяжу з моманту стварэння. «Насуперак скептыкам, наша аб’яднанне паказала здольнасць да знаходжання ўзаемапрымальных рашэнняў і рабочых кампрамісаў. Яно не проста функцыянуе, але і дасягае поспеху па асноўных параметрах», — сказаў ён. 

Беларускі лідар прывёў канкрэтныя прыклады. За 10 гадоў больш чым у 2 разы павялічыўся ўзаемны тавараабарот краін-удзельніц і на 37 працэнтаў аб’ём знешняга гандлю. Сукупны ВУП Саюза вырас амаль на 18 працэнтаў, прамысловая вытворчасць — на 30, аб’ём прадукцыі сельскай гаспадаркі — на 25 працэнтаў, грузаабарот — на 10, аб’ём інвестыцый — больш чым на 40 працэнтаў. Узровень беспрацоўя знізіўся амаль удвая і складае менш за 3 працэнты (2,8). Еўразійскі бізнес у поўнай меры адчуў перавагі бяспошліннага трансгранічнага гандлю і прымянення адзіных норм права, бесперашкодных узаемаразлікаў у нацыянальных валютах. 

Важным дасягненнем для нашых грамадзян беларускі лідар назваў магчымасці свабоднага працаўладкавання ў ЕАЭС. Створаны лічбавы сэрвіс «Праца без межаў», забяспечаны роўныя правы ў сферы пенсійнага забеспячэння, прызнанне дакументаў аб адукацыі. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў ЕЭАС з’явіліся краіны-назіральнікі на розных кантынентах: «Мы заключаем гандлёвыя пагадненні. Гэта значыць і геаграфія, і функцыянал ЕАЭС пашыраюцца». ЕАЭС сёння разам з дзяржавамі-партнёрамі — гэта пятая частка насельніцтва свету і самае вялікае аб’яднанне па плошчы. «На гэтай велізарнай тэрыторыі сканцэнтравана чвэрць усіх разведаных відаў карысных выкапняў. Наш Саюз займае: першае месца ў свеце па здабычы нафты; другое — па здабычы газу і вытворчасці мінеральных угнаенняў; трэцяе — па вытворчасці пшаніцы, бульбы, жывёлагадоўчай прадукцыі і па працягласці чыгунак; чацвёртае — па здабычы вугалю, вытворчасці чыгуну і сталі, мяса і па агульнай працягласці аўтамабільных дарог», — адзначыў Прэзідэнт. 

Патэнцыял аб’яднання не задзейнічаны ў поўнай меры

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што супакойвацца на дасягнутым ні ў якім разе нельга. І пацвердзіў свае словы фактамі. «Валавы ўнутраны прадукт ЕАЭС складае ўсяго толькі каля 4 працэнтаў у структуры сусветнага. Пра што гэта сведчыць? Што патэнцыял нашага інтэграцыйнага аб’яднання не задзейнічаны ў поўнай меры. — патлумачыў ён. — І за наступныя 10 гадоў мы павінны як мінімум падвоіць гэтую лічбу, надаўшы новы імпульс інтэграцыі». 

256111-22.jpg

GOR_4167_result.jpg

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што стратэгію развіцця Саюза на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў прымалі да 2025 года. «Скажу прама: не ўсе, парадку 18 найважнейшых паказчыкаў мы не выканалі. Рабіце высновы адсюль. Таму надыходзіць час ЕЭАС 2.0, як мы называем у Беларусі. Нам трэба ставіць перад сабой новыя больш сур’ёзныя задачы і іх рэалізоўваць. — заявіў беларускі лідар. — Вырашэнне гэтых праблем залежыць ад Еўразійскі камісіі, нашага апарата. І кіраўнікоў дзяржаў, кіраўнікоў урадаў. У кожнага з маіх калег, прысутных тут, ёсць разуменне, якімі мы хочам бачыць нашы краіны ў сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве». 

Прэзідэнт перакананы, што трэба знаходзіць і настойліва рэалізоўваць сумесныя меры, каб інтэграцыя давала дабаўленую вартасць. «Каб людзям было відавочна: самастойна, без Саюза мы б не змаглі гэта зрабіць так хутка і так добра», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, калі падпісвалі Дагавор аб Саюзе, 2025 год быў вызначаны своеасаблівым гарызонтам, за якім пачынаецца новы этап у дзейнасці аб’яднання. «І сёння ў нас ёсць усе падставы, яшчэ раз гэта падкрэслю, прадставіць асобныя элементы Саюза версіі 2.0. — заявіў ён. — У сітуацыі сусветнай турбулентнасці важна не плесціся ў хвасце падзей, а самім уплываць у пазітыўным ключы на глабальны парадак дня, мець прадуманыя мадэлі рэагавання на знешнія выклікі». 

У ЕЭАС павінен быць свой фірмовы прадукт

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, каб не згубіцца на перанасычаным сусветным рынку, у ЕАЭС версіі 2.0 павінен быць свой фірмовы Еўразійскі прадукт — прыкметны, запатрабаваны і па-сапраўднаму агульны для ўсіх краін-удзельніц. Ён назваў гэта базавай умовай заваёвы і ўтрымання пазіцый на сусветнай арэне.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў пачатку года ў звароце да кіраўнікоў дзяржаў у якасці старшыні аб’яднання Беларусь заявіла аб неабходнасці кааперацыі па тых напрамках, без якіх сёння немагчыма ўпэўнена адчуваць сябе сярод сусветных эканамічных лідараў. Гэта электратранспарт, мікраэлектроніка, робататэхніка, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, новыя матэрыялы. Як адзначыў беларускі лідар, работа па кааперацыйных праектах пачата, прыняты адпаведныя рашэнні, у саюзным бюджэце на гэтыя мэты прадугледжаны немалыя грошы. «Трэба не даганяць адзін аднаго ў традыцыйных галінах, а разам стаць лідарамі ў новых, такіх, пра якія мы пакуль, можа, нават не думаем. Яны самі прыйдуць. Аб’яднаўшы патэнцыялы нашых эканомік, мы ў стане стварыць унікальны Еўразійскі прадукт. Ад самалётаў і цягнікоў да лічбавых рашэнняў і штучнага інтэлекту. Сёе-тое мы ўжо ў гэтых абласцях навучыліся рабіць. — падкрэсліў Прэзідэнт. — У Саюзе версіі 2.0 трэба не толькі аб’ядноўваць патэнцыялы, але і рацыянальна размяркоўваць намаганні і рэсурсы». У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў касмічную сферу. Відавочна, што кожнай краіне патрэбен космас, але не ў кожнай для гэтага ёсць касмадром. У рамках Саюза такі падыход правільны і ў іншых галінах. 

«Замест канкурэнцыі ў вытворчасці адных і тых жа тавараў, стварэння новых дублюючых магутнасцяў трэба засяродзіцца на ўзаемадапаўненні нацыянальных эканомік, убудоўванні ў вытворчыя ланцужкі наяўных флагманаў. Фарміруючы тым самым агульныя таварныя прапановы для ўнутранага рынку ЕАЭС і для экспарцёраў, — перакананы беларускі лідар. — Для прарыву патрабуецца аб’яднаць навуковы, інжынерны і фінансавы патэнцыялы». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, добрым рашэннем можа стаць стварэнне сумесных даследчых і інавацыйных цэнтраў, якія будуць распрацоўваць новыя тэхналогіі і прадукты. «Звязка навукі і вытворчасці з арыенцірам на экспарт будзе забяспечваць і тэхналагічны суверэнітэт, і канкурэнтаздольнасць нашых тавараў на сусветным рынку», — патлумачыў ён. 

Транспартна-лагістычныя калідоры. Трэба замацаваць пояс добрасуседства

Сфера паслуг — гэта палова сукупнага валавога ўнутранага прадукту ЕАЭС. Рэзерваў яе росту велізарная колькасць, маса,-звярнуў увагу Прэзідэнт. 

«Кропкай для сумеснага прыкладання намаганняў з перспектывай неадкладнай аддачы ў маштабах Саюза з’яўляюцца сучасныя транспартныя калідоры, якія створаныя на аснове нацыянальных сегментаў і аб’ядноўваюць вялікую Еўразію. На поўдні і ўсходзе ў нас сфарміраваны пояс добрасуседства. Трэба змацаваць яго сеткай аўтамабільных і чыгунак і транспартна-лагістычных хабаў, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Інтэграваныя еўразійскія транспартна-лагістычныя калідоры павінны стаць разумнымі, мультымадальнымі, экалагічнымі артэрыямі з адзінай лічбавай платформай адміністравання. Скарачэнне часу і кошту транзіту праз Еўразію павысіць канкурэнтаздольнасць маршруту ў параўнанні з марскімі шляхамі. Дазволіць пазіцыянаваць ЕАЭС як глабальны транзітны хаб». Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець гэтую ініцыятыву сумесна з краінамі-назіральнікамі, а таксама ў рамках дыялогу ЕАЭС — ШАС.

MGUK3569_result.jpg

Фінансавая інтэграцыя. Інвестыцыі павінны перасякаць межы

Яшчэ адзін каталізатар росту праз сферу паслуг — фінансавая інтэграцыя. «У ЕАЭС 2.0 інвестыцыі павінны перасякаць граніцы, ствараючы новыя магчымасці. Неабходна ў самыя кароткія тэрміны завяршыць выкананне задач па фарміраванні агульнага фінансавага рынку: падпісаць і ратыфікаваць пагадненні аб стандартызаванай ліцэнзіі ў банкаўскім і страхавым сектарах, аб узаемным допуску удзельнікаў фінансавага рынку», — прапанаваў беларускі лідар.

Лічбавізацыя. Забяспечыць трансгранічны абмен інфармацыяй

Непазбежным акцэнтам у Саюзе версіі 2.0 Аляксандр Лукашэнка назваў лічбавізацыю: «Хочам мы гэтага ці не. Стварэнне адзінай лічбавай платформы для бізнесу, развіццё электроннага гандлю і выкарыстанне вялікіх даных — гэта тыя напрамкі, якія дапамогуць нашым эканомікам павысіць сваю эфектыўнасць».

Паводле слоў беларускага лідара, пры гэтым унутры Саюза неабходна заканчваць лозунгі аб захаванні нацыянальнага лічбавага суверэнітэту. «Наадварот, трэба на практыцы састыкаваць праграмныя платформы, якія выкарыстоўваюцца, і забяспечыць трансгранічны абмен інфармацыяй з нацыянальных баз і рэестраў, прызнаць электронныя подпісы і лічбавыя дакументы», — перакананы ён.

Галоўная мэта — павышэнне дабрабыту грамадзян

«Аднак, вырашаючы названыя прыкладныя задачы, мы павінны памятаць, што галоўная мэта развіцця Саюза — павышэнне дабрабыту грамадзян Саюза. Усе нашы намаганні — толькі ў імя чалавека. Таму ў полі нашай увагі павінны знаходзіцца тэмы стварэння новых працоўных месцаў, кіраванай працоўнай міграцыі, атрымання адукацыі і меддапамогі, раскрыцця патэнцыялу ўзаемнага турызму», — зрабіў акцэнт Прэзідэнт. 

Нам ні ў якім разе нельга страціць агульны рынак

«У нашым распараджэнні ёсць усе інструменты, якія многія краіны толькі спрабуюць стварыць. Цяпер асноўная задача — павялічыць эфектыўнасць іх выкарыстання на карысць рэальнай інтэграцыі. Нельга ператварыць наш Саюз у пляцоўку для пустых размоў. Наадварот, ён павінен стаць максімальна прывабным для новых удзельнікаў», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да сваіх калег і ўдзельнікаў форуму. 

Беларускі лідар звярнуў увагу на размовы, якіх так шмат апошнім часам, аб сусветнай турбулентнасці і яе пераадоленні. «Калі хтосьці з постсавецкай прасторы (гэта тычыцца эканомікі) з нас думае, што можна дзесьці праскочыць асобна, нейкую выгаду займець асобна, — памыляецца. Нам ні ў якім разе нельга страціць адзіны рынак, які дастаўся нам і яшчэ застаўся ад Савецкага Саюза», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, нельга страціць прадпрыемствы, якія дасталіся ў спадчыну з савецкіх часоў. У прыклад ён прывёў Расію, якая пасля сыходу заходніх партнёраў рэанімавала свае вытворчасці, што былі дастаткова на высокім узроўні ў Савецкім Саюзе. Паводле слоў беларускага лідара, трэба захаваць тое, што дасталася ад Савецкага Саюза і тое, што яшчэ функцыянуе. «І ні ў якім разе не глядзець па баках, ніхто нас нідзе не чакае. Эканоміка нас прывядзе да таго, што мы ўсё роўна будзем разам. Гэта наша прастора, яна створана многімі пакаленнямі. І цяпер час такі, што нам на гэта трэба звярнуць самую сур’ёзную ўвагу. Толькі разам, ведаючы адзін аднаго і пакуль размаўляючы на адной мове», — заклікаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што ў Мінску прысутнічаюць прадстаўнікі больш як 30 краін свету, гатовых супрацоўнічаць з ЕЭАС па розных напрамках. Але ядро ЕЭАС павінна ім нешта прапанаваць, адзначыў Прэзідэнт.

Па яго словах, нельга ігнараваць праблемы, якія ёсць у гэтыя ядры. Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад Арменію, у якой ёсць пэўныя рознагалоссі з краінамі-удзельніцамі ЕЭАС, а прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян прымае ўдзел у сесіі ў фармаце відэаканферэнцыі. Беларускі лідар адзначыў, што не можа быць вінаваты адзін бок, і нельга адмахвацца ад праблем. 

«Я мякка заўважыў: 18 асноўных палажэнняў з нашай стратэгіі, якая павінна была быць рэалізавана да 2025 года, да сёння не рэалізаваныя, — паўтарыў Прэзідэнт. — Скажу прама, асаблівага жадання ўнікаць у гэтыя складаныя пытанні ў нас у цэлым няма. Але мы павінны сябе прымусіць, час ад нас гэта патрабуе. Калі будзем таптацца на месцы, калі будзем рухацца павольна, нас дагоняць, затопчуць і пойдуць наперад іншыя. Як гэта, шчыра кажучы, адбываецца па многіх напрамках».

Аляксандр Лукашэнка паўтарыў, што нельга ператварыць саюз у пляцоўку для пустых размоў — ён павінен стаць максімальна прывабным для новых удзельнікаў. «Колькасць краін, прадстаўленых на Форуме, паказвае вялікую цікавасць да нашага аб’яднання. Давайце скарыстаемся гэтым момантам па максімуму!», — заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Валерыя СЦЯЦКО, Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю