0

Чым прываблівае турыстаў Мядзельскі раён?

26.06.2025 | 19:48

Унікальная прыродная скарбніца Беларусі, месца прыцягнення сотняў тысяч турыстаў, дзівосны маляўнічы край з унікальнымі ландшафтамі, багаццем азёр і мінеральных крыніц, першароднымі лясамі і найчысцейшым гаючым паветрам — гэта ўсё аб паўночным рэгіёне Міншчыны — Мядзельскім, які па праве называюць азёрным краем. Менавіта азёры, асабліва найбуйнейшае возера краіны Нарач, надаюць рэгіёну непаўторны каларыт, які нязменна прыцягвае тысячы турыстаў.


Прыгажосці «беларускага мора»

Нарачанская зона — гэта, перш за ўсё, вялікая колькасць здраўніц, турыстычных і водных аб’ектаў, прыроды. Маляўнічыя берагі Нарачы здаўна прыцягвалі людзей, якія аддаюць перавагу спакойнаму і якаснаму адпачынку. Наяўнасць мінеральных крыніц, гразелячэнне, чыстае сасновае гаючае паветра таксама спрыяюць адпачынку і аздараўленню. Штогод Нарачанскі курорт прымае больш за 100 тысяч чалавек.

Першым пунктам маршруту журналістаў падчас прэс-тура па гэтых мясцінах стала гасцініца «Мядзел», што размясцілася на беразе возера. З яе вокнаў адкрываюцца маляўнічыя віды возера Мястра і набярэжнай, якія ўцягваюць гасцей у атмасферу рэлаксу і адпачынку. Дарэчы, гасцініца ўжо загружаная на 80 %, а выбіць нумар на выхадныя яшчэ трэба пастарацца. Наступным аб’ектам стаў фізкультурна-аздараўленчы цэнтр «Мядзел» — адзін з найбольш сучасна аснашчаных у краіне.

2.jpg

image-26-06-25-05-28-4.jpeg

Пабывалі журналісты і на агляднай экскурсіі па пляжна-паркавай зоне — набярэжнай маляўнічага возера Мястра. Летась да 700-годдзя горада на беразе возера адкрылася новая лакацыя для якаснага пляжнага адпачынку. Тут створана сучасная інфраструктура з шэзлонгамі, арт-аб’ектамі, спартыўнымі пляцоўкамі. Акрамя прыродных прыгажосцяў праграма ўключала знаёмства з прамысловым турызмам. Госці наведалі «Вінакурню Нарач», дзе даведаліся аб вытворчасці мясцовых напояў, і Нарачанскі вытворчы ўчастак Мінскага малочнага завода № 1, каб убачыць працэс стварэння сыроў з блакітнай цвіллю.

Развіваць і турызм, і вёску

«Мядзельскі раён — адзін з самых папулярных турыстычных рэгіёнаў Мінскай вобласці і краіны ў цэлым, — звяртаючыся да журналістаў, адзначыў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага аблвыканкама Уладзімір Губарэвіч. — Нарачанская зона — гэта вялікая колькасць санаторна-аздараўленчых арганізацый. Ды і ў самім Мядзелі нямала аб’ектаў, якія выклікаюць цікавасць у турыстаў. У рэгіёне імкліва развіваецца актыўны, спартыўны турызм».

Вялікую ўвагу на Міншчыне, паводле яго слоў, удзяляюць развіццю аграэкатурызму: «Сёння ў цэнтральным рэгіёне налічваецца 396 аграсядзіб. Гэта не толькі адпачынак для людзей, якія хочуць пабольш даведацца пра жыццё ў вёсцы, але і развіццё саміх сельскіх населеных пунктаў». У якасці станоўчага прыкладу развіцця аграэкатурызму Уладзімір Губарэвіч прывёў Дукорскі маёнтак Пухавіцкага раёна: «Усе выдатна ведаюць дадзены турыстычны аб’ект. Адпаведна, ведаюць і вёску Дукора. Гэта падштурхоўвае на развіццё турыстычнага кірунку, а заадно і на развіццё вёскі».

Нарачанскі рэгіён, курортная зона якога займае практычна 30 % яго тэрыторыі, — гэта ўнікальнае месца, з гонарам гаворыць намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама Руслан Жук. «Асноўныя славутасці рэгіёна — выдатныя азёры. Сярод іх заўсёды вылучаецца самае вялікае — возера Нарач, водная роўнядзь якога займае 80 квадратных кіламетраў. Аздараўленчы турызм на Мядзельшчыне прадстаўлены 9 здраўніцамі рознай формы падпарадкавання. Рэлігійны турызм — гэта больш за 100 розных аб’ектаў: помнікаў архітэктуры і гісторыі. Спартыўны турызм прадстаўлены як у санаторна-курортных установах, так і ў аграсядзібах», — падкрэсліў ён.

3.jpg

1.jpg

Мясцовая ўлада, разумеючы ўнікальнасць Нарачанскага краю, абавязана падтрымліваць у належным стане і развіваць розныя кірункі інфраструктуры. «З гэтай мэтай у 2024 годзе быў распрацаваны комплекс мерапрыемстваў. Яго раздзелы ўключаюць больш за 70 мерапрыемстваў рознай накіраванасці», — паведаміў Руслан Жук.

Змяняецца і знешняе аблічча райцэнтра, які становіцца яшчэ больш прывабным для турыстаў. Тут праведзена рэканструкцыя гарадскога пляжа, уведзены ў эксплуатацыю басейн, які дапоўніў інфраструктуру фізкультурна-аздараўленчага комплексу, мадэрнізаваны стадыён. 

«Абнаўляем дарогі ў населеных пунктах. За 2024 год адрамантавана з заменай пакрыцця больш за 14 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння і больш за 20 кіламетраў — мясцовага. У 2025-м плануем адрамантаваць каля 30 кіламетраў транзітных дарог», — адзначыў намеснік старшыні. Шэраг мерапрыемстваў датычыцца развіцця нацыянальнага парку «Нарачанскі», які мае сваю багатую інфраструктуру. «Мяжы дасканаласці няма, і для гэтага ў рэгіёне робіцца нямала», — падкрэсліў Руслан Жук.

Брэнд нашых санаторыяў — якасны медыцынскі складнік

Здраўніцы любяць як беларусы, так і замежнікі. Толькі за мінулы год санаторыі наведала 81 тысяча гасцей з 57 краін, што на 10 тысяч больш, чым у 2023 годзе, адзначыла начальнік прадстаўніцтва Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санітарна-курортным лячэнні насельніцтва Ірына Яўсеева. «З іх — 76 % беларусаў і 24 % замежных грамадзян. За 5 месяцаў 2025 года колькасць замежных грамадзян ужо павялічылася на 3,5 % і склала 27,5 %. Першае месца займаюць турысты з Расіі, на другім — з Латвіі, затым ідуць Азербайджан, Эстонія, Казахстан, Туркменістан, Сірыя, Кітай і іншыя», — падкрэсліла яна. Паводле слоў Ірыны Яўсеевай, у Мінскай вобласці функцыянуе 51 аздараўленчая і санаторна-курортная атэставаная аздараўленчая арганізацыя. Усяго ў краіне дзейнічаюць 97 санаторыяў, з якіх 30 — у Мінскай вобласці. Значная частка з іх размешчана ў Мядзельскім раёне.

image-26-06-25-05-28-3.jpeg

image-26-06-25-05-28-1.jpeg

Паколькі Беларусь з’яўляецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай, накіраванні на лячэнне ў санаторыі рэалізуюцца з дапамогай дзяржпадтрымкі. «Падтрымка з боку дзяржавы значная. Так, у 2024 годзе на закупку бясплатных пуцёвак і патанненне было выдзелена 252 мільёны бюджэтных сродкаў, — прыводзіць лічбы Ірына Яўсеева. — У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 542 інваліды І і ІІ груп маюць права на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне. Акрамя таго, дзеці да 18 гадоў у праве бясплатна карыстацца санаторна-курортным лячэннем штогод. У якой яшчэ краіне свету ёсць такія льготы? Працуючае насельніцтва, ветэраны працы, пенсіянеры, інваліды ІІІ групы маюць права на санаторна-курортнае лячэнне з аплатай у залежнасці ад даходу, які атрымлівае грамадзянін».

Спецыяліст падкрэсліла: брэнд нашых санаторыяў — якасны медыцынскі складнік. Штогод яны ўкараняюць у сябе самае сучаснае абсталяванне, распрацоўваюць новыя методыкі, пашыраючы шэраг сваіх паслуг.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Мядзельскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю