Як прайшоў першы дзень ІV Еўразійскага эканамічнага форуму ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры
У рамках дзелавой праграмы форуму прайшлі дзясяткі мерапрыемстваў, тэматычных секцый, цікавых сустрэч. Тэматыка абмеркаванняў самая разнастайная — ад выкарыстання штучнага інтэлекту ў вытворчых працэсах і прамысловых робатаў да мытнага рэгулявання на прасторы ЕАЭС. Як прайшоў першы дзень форуму — у нашым матэрыяле.
Дыялог інтэграцый
Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжан Сагінтаеў на панэльнай сесіі «Дыялог міждзяржаўных аб’яднанняў: спалучэнне эканамічных патэнцыялаў і паглыбленне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва» падкрэсліў:
— «Дыялог інтэграцый» — адзін з галоўных трэндаў развіцця сусветнай эканомікі. Значнасць убудавання Еўразійскага эканамічнага саюза ў глабальную сістэму гандлёва-эканамічных адносін нязменна падкрэсліваецца кіраўнікамі ўсіх пяці краін cаюза.
Кіраўнік Калегіі ЕЭК адзначыў, што камісія сумесна з дзяржавамі-членамі стварыла неабходную інфраструктуру для сістэмнага міжнароднага дыялогу.
Як нагадалі ў прэс-службе ЕЭК, заключана 12 мемарандумаў аб супрацоўніцтве з рэгіянальнымі міждзяржаўнымі аб’яднаннямі. Дыялог з імі служыць падмуркам для абмену найлепшым вопытам і нарошчвання тэмпаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Шырокая сетка кантактаў у камісіі і саюза склалася па ўсім свеце, уключаючы Еўразію, Лацінскую Амерыку, Афрыку. Сярод ключавых партнёраў, з якімі паспяхова развіваецца дыялог, — СНД, ШАС, АСЕАН, МЕРКАСУР, БРІКС, Нарада па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі, Андская супольнасць, Амерыканскі агульны рынак, Афрыканскі саюз, Ціхаакіянскі альянс і іншыя.
Асноўным інструментам пашырэння геаграфіі партнёрства з’яўляюцца гандлёвыя пагадненні. Яны заключаны з В’етнамам, Іранам, Сербіяй, Кітаем, на фінальнай стадыі — перагаворы аб заключэнні пагаднення з Інданезіяй.
Дарэчы, 27 чэрвеня на палях пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета намечана падпісанне яшчэ двух гандлёвых пагадненняў — з ААЭ і Манголіяй.
— Сёння ЕАЭС зацікаўлены не толькі ў прыняцці пазітыўнага вопыту інтэграцыйнага будаўніцтва іншых арганізацый. Будучы самастойным аб’яднаннем, мы гатовыя прапанаваць партнёрам уласныя найлепшыя практыкі. Спалучэнне нашых эканамічных патэнцыялаў здольнае кратна ўзмацніць эфект ад узаемавыгаднага супрацоўніцтва, — рэзюмаваў кіраўнік Калегіі ЕЭК.
Робаты — ужо рэальнасць
Абмен вопытам і тэхналогіямі паміж дзяржавамі — членамі ЕАЭС можа значна паскорыць працэс укаранення прамысловых робатаў і робататэхнічных сістэм на прадпрыемствах саюза. Гэту думку агучыў намеснік міністра прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў падчас круглага стала «Прымяненне рабатызаваных сістэм як фактар росту канкурэнтаздольнасці прамысловых прадпрыемстваў дзяржаў — членаў ЕАЭС».
Паводле яго слоў, стварэнне сумесных прадпрыемстваў і даследчых лабараторый стане дадатковым крокам да ўмацавання кааперацыйных і інтэграцыйных працэсаў, а таксама пазіцый ЕАЭС у гэтым перспектыўным кірунку.
Андрэй Кузняцоў заклікаў удзельнікаў круглага стала да супрацоўніцтва па пытаннях распрацоўкі і ўкаранення рабатызаваных рашэнняў, што будзе спрыяць аўтаматызацыі тэхналагічных і бізнес-працэсаў на вытворчасцях і павышэнню, стварэнню інавацыйнай інфраструктуры.
Намеснік міністра прамысловасці Беларусі таксама праінфармаваў, што холдынгі сістэмы Мінпрама актыўна выкарыстоўваюць робататэхнічныя сістэмы і аўтаматызаваныя лініі ў вытворчым працэсе (напрыклад, «БелаўтаМАЗ», «Аўтакампаненты», «МТЗ-ХОЛДЫНГ», «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», «Магілёўліфтмаш», а таксама «Атлант»).
— Арганізацыі прамысловай галіны актыўна вядуць работу па распрацоўцы стратэгій рабатызацыі і аўтаматызацыі на сярэднетэрміновы (2025–2030 гады) і доўгатэрміновы (да 2035 года) перыяды. Паводле папярэдніх звестак, на мэты рабатызацыі і аўтаматызацыі арганізацыі сістэмы Мінпрама ў сярэднетэрміновай перспектыве (2025–2030 гады) плануюць накіраваць каля 2,1 мільярда беларускіх рублёў, — паведаміў Андрэй Кузняцоў.
Ён звярнуў увагу, што дзяржаўныя падтрымка і стымуляванне з’яўляюцца ключавымі для стварэння спрыяльных умоў развіцця робататэхнікі. Так, у Беларусі ажыццяўляюцца інтэграванне задач па рабатызацыі ў дзяржаўныя праграмы развіцця прамысловасці і лічбавізацыі, навукова-тэхнічныя распрацоўкі па падтрымцы навуковых даследаванняў у галіне робататэхнікі на базе ўніверсітэтаў і навукова-даследчых інстытутаў.
— Паспяховая рэалізацыя робататэхнічных праграм патрабуе комплекснага падыходу. Неабходна таксама развіваць адукацыйныя праграмы па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне робататэхнікі, а таксама падтрымліваць стартапы і інавацыйныя праекты. Гэта дасць магчымасць стварыць экасістэму, якая будзе садзейнічаць далейшаму росту і ўкараненню рабатызаваных тэхналогій, — выказаў упэўненасць намеснік міністра прамысловасці Беларусі.
Штучны інтэлект у рабоце антыманапольных органаў
У ліку пазітыўных змяненняў член Калегіі (міністр) па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Максім Ермаловіч назваў дынамічнае развіццё лічбавай экасістэмы гандлю, што, зрэшты, таксама з’яўляецца пэўным выклікам для канкурэнтных органаў. Развіваецца штучны інтэлект, паведамляе БелТА.
— Мы ўжо цяпер ставім для сябе задачы, як працаваць з гэтымі новымі з’явамі, як навучаць штучны інтэлект, каб ён не пачаў фарміраваць картэлі, і як штучны інтэлект мог бы замяніць нас у антыманапольных органах. Гэта значна, як мне здаецца, знізіла б выдаткі на дзяржаўнае кіраванне. Тым не менш пакуль мы толькі ў пачатку шляху, — падкрэсліў ён.
Максім Ермаловіч прапанаваў правесці дыскусію, кіруючыся прынцыпам пераходу ад агульнага да прыватнага, і разгледзець у першую чаргу агульны погляд на сусветныя гандаль і канкурэнцыю.
Лічбавізацыя сацыяльна-працоўнай сферы
У Беларусі паспяхова функцыянуе лічбавая платформа сацыяльна-працоўнай сферы, якая аб’яднала ўсе інфармацыйныя рэсурсы галіны.
— У гэту пяцігодку мы шчыльна падышлі да адмовы ад папяровага дакументаабароту, паколькі большая частка працэсаў ужо лічбавізавана. Безумоўна, будучая пяцігодка пройдзе пад эгідай не проста трансфармацыі, а праактыўнасці і ўкаранення штучнага інтэлекту ў нашу дзейнасць. Сёлета таксама завяршаюцца работы па пераходзе на праактыўнае прызначэнне пенсій па інваліднасці і іншых сацыяльных выплатах. І ў наступную пяцігодку ўсе магчымыя праактыўныя працэсы мы перавядзём у гэты рэжым, — расказала БелТА намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Юлія Берднікава.
Запланавана таксама пашырэнне аб’ёму лічбавых дакументаў для стварэння «суперсэрвісаў», каб грамадзяне не клапаціліся аб атрыманні або прад’яўленні дакументаў — усе даныя будуць даступныя праактыўна — праз аўтаматызаваныя сістэмы.
— Укараненне штучнага інтэлекту дапаможа павысіць якасць апрацоўкі даных і аналізу інфармацыі, што дасць магчымасць падняць узровень паслуг, якія аказваюцца, — падкрэсліла намеснік міністра.
Паводле яе слоў, на сёння 100 % арганізацый галіны інтэграваныя ў лічбавую прастору сацыяльна-працоўнай сферы:
— З бізнесам дасягнуты стапрацэнтны электронны дакументаабарот. 60 % галіновых электронных паслуг ужо пераведзены ў «лічбу», да 2030 года плануецца давесці гэты паказчык да 90 %. Лічбавая платформа сацыяльна-працоўнай сферы ахоплівае цэлы спектр інфармацыйных сістэм, такіх як занятасць насельніцтва, экспертыза ўмоў працы, дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, пенсіённае забеспячэнне, сацыяльная падтрымка насельніцтва і сямейная палітыка, — падзялілася яна.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА